Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Астравеччына: у вёсцы Варняны мэханізатары прыпынілі страйк


Севярын Квяткоўскі, Варняны Больш за дваццаць работнікаў мясцовага сельскагаспадарчага каапэратыву два дні не выходзілі на працу на знак пратэсту. Пад патрабаваньнем аб звальненьні старшыні СВК падпісаліся 47 чалавек. Кіраўніка гаспадаркі Ўладзіслава Рука вінавацяць у парушэньнях заканадаўства і працоўнай этыкі. Сёньня ўвечары мае адбыцца сход праўленьня СВК “Варняны” з удзелам старшыні Астравецкага райвыканкаму Адама Кавалькі, дзе разгледзяць канфлікт.

Мэханізатары абураныя мэтадамі кіраваньня Ўладзіслава Рука. Яны таксама мяркуюць, што ім значна заніжаюць заробкі.

Малады хлопец-трактарыст паказвае разьліковы талён, на якім лічбы: налічылі 128 тысяч, пасьля выплатаў да выдачы — 45 тысяч рублёў. У старэйшых заробкі большыя — 200—300 тысяч.

Калгасьнікі скардзяцца, што за такія грошы даводзіцца працаваць дванаццаць-чатырнаццаць гадзінаў і няма кампэнсацыі хоць бы вольным часам, каб папрацаваць на ўласным гародзе.



А яшчэ ўсіх абурае стаўленьне кіраўніка гаспадаркі Ўладзіслава Рука да падначаленых:

Васіль: “Лічыць нас быдлам. Звальняе... Напрыклад, трэба ехаць на хімічныя работы. Ну, трэба ж прайсьці мэдкамісію — ці можна мне ехаць? Ці дазваляе здароўе? Кажа: паедзеш і ўсё. Паводле статуту трэба выбіраць кіраўніцтва гаспадаркі праўленьнем. Праўленьне абіраецца народам. А ў нас на сход запрашаюцца адно тыя, хто нічога ня можа сказаць”.

Карэспандэнт: “Прыйдзе іншы кіраўнік, у вас заробкі падвысяцца ці не?”

Раман: “Той, можа, хоць да чалавека будзе ставіцца па-чалавечы”.

Некалькі мэханізатараў ужо звольненыя. Да астатніх спадар Рук прыходзіў з размовамі.

Віктар: “Сёньня раніцай прыходзіў, гнаў на працу пагрозамі”.

Андрэй: “Начальнік загадаў. Не паедзеш на працу — звольнім тваіх бацькоў”.

Сяргей: “Калі сям’я працуе разам, калі выгналі мужа, праз тыдзень жонка за ім пойдзе”.

Асаблівае абураюць страйкоўцаў умовы працы жанчын на фэрме.

Сяргей: “Васямнаццаць тон на тачках за дзень перацягваюць. А колькі ўжо выкідышаў было!”

Многія скардзяцца, што ўзяўшы крэдыты, ня могуць расплаціцца праз малы параўнальна з суседнімі гаспадаркамі заробак:

Андрэй: “У мяне дзіця малое, сям’я маладая, я пракарміць не магу. Жонка гаворыць, ня ведае, як жыць. Каб не мая мамка, якая дапамагала, я б ня жыў”.



Я затэлефанаваў Уладзіславу Руку з просьбай пракамэнтаваць прэтэнзіі мэханізатараў, але старшыня СВК “Варняны” кінуў слухаўку. Вось як пракамэнтаваў сытуацыю намесьнік старшыні гаспадаркі Фурс:

Фурс: “У нас самая высокая заработная плата ў раёне. І калі мы яшчэ большую зробім, што скажуць суседзі — такія ж самыя работнікі”.

Карэспандэнт: “Што будзе з гэтымі людзьмі?”

Фурс: “Ня ведаю. Будзе вырашаць праўленьне СВК “Варняны”.

• Гарадзеншчына: каля сарака мэханізатараў адмовіліся выходзіць на працу, 17.05.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG