Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь зьбіраецца пратэставаць на плошчы Незалежнасьці


Любоў Лунёва, Менск Актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Новы шлях” маюць намер сабрацца а 12-й гадзіне на плошчы Незалежнасьці на знак пратэсту супраць прыняцьця Палатай прадстаўнікоў закону, якім будуць скасаваныя льготы студэнтам і некаторым іншым катэгорыям насельніцтва.

Сёньня Палата прадстаўнікоў мае разгледзець у двух чытаньнях праект закону “Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правох і гарантыях для паасобных катэгорыяў грамадзянаў”.

На працягу апошняга тыдня моладзевыя актывісты правялі шэраг пікетаў, раздалі студэнтам улёткі з заклікам выйсьці на плошчу перад будынкам Дому ўраду, калі дэпутаты будуць прымаць закон аб скасаваньні льготаў. Актывісты разьлічваюць, што да іх далучацца сотні грамадзянаў.

Каардынатар незарэгістраванай арганізацыі “Новы шлях” Андрэй Спрынжук паведаміў “Свабодзе”, што да акцыі далучацца актывісты іншых моладзевых арганізацыяў. Арганізатары лічаць, што на плошчу прыйдуць і студэнты зь некаторых унівэрсытэтаў. Андрэй Спрынжук не выключае, што да акцыі могуць далучыцца інваліды і ліквідатары наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС:

“Мы распаўсюдзілі паўтары тысячы ўлётак з заклікам прыйсьці 23 траўня а 12-й гадзіне на плошчу Незалежнасьці да будынку Палаты прадстаўнікоў, каб выказаць сваё стаўленьне да закону, які яны плянуюць прыняць. Калі мы раздавалі ўлёткі, людзі станоўча рэагавалі на гэта. На жаль, гэта ўсё не было падтрымана вялікімі палітычнымі партыямі. Усё робіцца толькі намаганьнямі некалькіх моладзевых арганізацыяў. Але мы разьлічваем, што людзі будуць, што будуць студэнты, бо гэта датычыцца кожнага зь іх”.

Віталь Сарокін: “Будзем стаяць на плошчы, каб нас заўважылі, каб дэпутаты і грамадзтва ведалі, што ёсьць людзі, якія могуць абараніць свае правы і свабоды”.
Віталь Сарокін спадзяецца, што ўлады ўстрымаюцца ад масавых затрыманьняў у цэнтры гораду, каб прадэманстраваць ляяльнасьць да праяваў іншадумства:

“Мы думаем, што міліцыя будзе працаваць ва ўзмоцненым рэжыме. Магчыма, плошча будзе перакрытая, бо рэзананс гэтай падзеі ўжо адчуваецца і сярод студэнцтва, і інвалідаў, і чарнобыльцаў, якім зьбіраюцца адмяніць ільготы. Спадзяемся, што масавых затрыманьняў ня будзе. Будзем стаяць на плошчы, каб нас заўважылі, каб дэпутаты і грамадзтва ведалі, што ёсьць людзі, якія могуць абараніць свае правы і свабоды”.

Пасьля выхаду дэкрэту № 5 ад 10 сакавіка 1997 году і шэрагу іншых указаў Аляксандра Лукашэнкі сходы і мітынгі на плошчы Незалежнасьці былі забароненыя. Людзям не давалі сабрацца на плошчы ў Дзень Волі і на “Чарнобыльскі шлях”. Потым на плошчы Незалежнасьці пачалася рэканструкцыя, якая доўжылася некалькі гадоў. Шматлікія падземныя пераходы да гандлёвых шапікаў і клюмбы падзялілі плошчу – месца збору прыхільнікаў пераменаў ад часу перабудовы – на маленькія пляцоўкі.

Арганізатары сёньняшняй акцыі разьлічваюць, што ўсім, хто захоча паўдзельнічаць у мерапрыемстве, хопіць месца на пляцоўцы перад Домам ураду.

• “Новы шлях” правёў у Менску акцыю супраць адмены ільготаў, 18.05.2007 • Апазыцыя пачынае кампанію “Скажы Лукашэнку: “Не!”, 17.05.2007 • Замест ільготаў – адрасная сацыяльная дапамога, 09.05.2007 • Чаму ўлады адмяняюць ільготы?, 07.05.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG