Юнак: “Павінны быць ільготы для чалавека. Бо, да прыкладу, студэнты яшчэ не дамагліся, чаго хацелі ў жыцьці. І атрымліваецца, што нас пазбаўляюць пэўнага права”.
Спадарыня: “Чытала я пра льготы – дрэнна, канечне. Мы і так мала зарабляем, а калі льготы адменяць, што мы тады будзем увогуле рабіць?”
Юнак: “Я жыву ў Гомелі і таму, вядома, супраць адмены льготаў. Бо я не такі багаты, каб езьдзіць дадому за поўны кошт”.
Спадарыня: “Няхай будуць, людзям патрэбныя льготы. Як жа так?”
Юнак: “Я стаўлюся адмоўна, бо штодня ежджу ва ўнівэрсытэт і мне гэты праезд будзе каштаваць удвая даражэй”.
Карэспандэнтка: “Як вы ставіцеся да адмены льготаў?”
Спадар: “Я – за. Бо працуеш, працуеш, а нехта нічога ня робіць і атрымлівае льготы”.
Спадарыня: “Я думаю, што льготаў нельга адмяняць. Што мы, настолькі добра жывем? У нас вельмі шмат людзей, якія мала атрымліваюць грошай. Таму нельга нам адмяняць ільготаў, ні ў якім разе, бо і так цяжка жыць. Рана яшчэ”.
Юнак: “Нэгатыўна стаўлюся, бо сам студэнт, шмат інвалідаў сярод сваякоў. І нічога добрага адмена льготаў не прынясе”.
Спадар: “Ведаеце, я супраць адмены льготаў. Я сам пэнсіянэр, мая маці – удзельніца вайны, і на яе ж гэтая адмена распаўсюдзіцца. Ёй таксама цяжка, я ёй дапамагаю. Шматдзетныя сем’і – вы што? Вось у мяне чацьвёра ўнукаў – набыць лекі – і кашалёк танее. Але вось міліцыянтам, пракуратуры гэтай трэба адмяняць”.
Юначка: “З прыкладаў, якія былі раней, мы ведаем, што нашыя ўлады накіроўваць грошы ў патрэбнае рэчышча яшчэ не навучылася. І на гэтым этапе разьвіцьця нашай дзяржавы, я лічу, адмена льготаў будзе ўплываць адмоўна на наш бюджэт, а таксама на стаўленьне моладзі і ўладальнікаў гэтых льготаў да дзяржавы і яе палітыкі. Словам, я супраць”.