Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля Паўла Севярынца на волю выйшаў і Мікалай Статкевіч


Радыё Свабода Сёньня ў другой палове дня міліцыянты вывезьлі Мікалая Статкевіча з так званай “хіміі”, якую ён адбываў у вёсцы Блонь ля Мар’інай Горкі. У судзе Пухавіцкага раёну палітвязьню выдалі пашпарт і паведамілі, што вызваляюць умоўна-датэрмінова.

“Я не прасіўся. Я суду не прызнаваў. Не прасіўся мяне вызваліць. Не напісаў ніводнай скаргі. З гэтай уладай нават афіцыйных стасункаў весьці не зьбіраюся. Тым больш, што ўсё гэта нагадвае выкуп закладнікаў.

Калі выкупляюць аднаго закладніка, то трэба быць гатовым да таго, што зьявяцца новыя закладнікі. Таму мне ўсё гэта вельмі не падабаецца.Тым больш, што ўмова — прыніжальная. Я аніякіх умоваў... Нават каб дваццаць гадоў дадалі б — я не папрашуся”.

Мікалай Статкевіч адбываў пакараньне “хіміяй” спачатку ў Баранавічах, пазьней — у вёсцы Блонь Пухавіцкага раёну за арганізацыю ў Менску ў 2004 годзе дэманстрацыі пратэсту супраць вынікаў рэфэрэндуму.

Палітык лічыць, што вызваленьне яго і Паўла Севярынца тлумачыцца пагрозай ЗША — тыя казалі, што пазбавяць Беларусь гандлёвых прэфэрэнцыяў, калі за кратамі застануцца палітычныя вязьні.

“Ведаеце, у мяне ў мінулым годзе, напрыклад, сабралі атэстацыйную камісію і пастанавілі аднагалосна, што я павінен выйсьці на больш мяккае пакараньне — папраўчыя працы. Але пасьля адмянілі. Так што ў гэтыя гульні ўжо нагуляўся...

У дадзеным выпадку адзінае, што хачу сказаць, падкрэсьліць: я ніводнага разу не зьвяртаўся да іх з просьбай вызваліць мяне і гэтак далей. Ні я, ні мае прадстаўнікі. Вось гэта жадаў бы, каб прагучала. І не зьбіраюся прыніжацца ў абставінах”, — кажа Статкевіч.

Мікола Статкевіч паведаміў, што яшчэ на дзень затрымаецца ў вёсцы Блонь, каб вырашыць фармальныя справы й разьвітацца з тымі, з кім разам адбываў пакараньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG