Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Сяржук Цімохаў: “Праз “Ноч музэяў” мы далучаемся да Эўропы”<B/>


Міхась Скобла, Менск Новая перадача сэрыі “Вольная студыя” (эфір 20 траўня)

19 траўня ў Менску ладзілася мастацкая акцыя “Ноч музэяў”. Да поўначы некаторыя сталічныя музэі бясплатна адчынілі свае дзьверы для шматлікіх наведнікаў. Да ініцыятывы, запачаткаванай восем гадоў таму супрацоўнікамі парыскага Люўру, ужо далучыліся больш за 2000 музэяў Эўропы. Пачынальнікам “Ночы музэяў” у Беларусі выступіў Нацыянальны мастацкі музэй, дзе падчас сёлетняй акцыі адчынілася выстава мастака Сержука Цімохава.

“Жанчына – сама па сабе твор мастацтва”

Міхась Скобла: “Сяржук, “Ноч музэяў” – яшчэ трохі нязвыклую для Беларусі акцыю – вы аздобілі сваёй выставай, якую назвалі “Чары ночы”. У беларускім народным календары чарадзейныя ночы бываюць на Каляды, на Купальле... А ў чым чарадзейства звычайнай ночы з 19 на 20 траўня?”

Сяржук Цімохаў: “Вы маеце рацыю, мая сэрыя “Чары ночы” пачалася з Купальля, дзе сапраўды – ноч чарадзеіць, дзе адбываецца ачышчэньне душы праз агонь, ваду і паветра. Акцыя “Ноч музэяў” для Беларусі пакуль што сапраўды нязвыклая. У чым яе сэнс? Каб прыцягнуць як мага больш шырокае кола людзей да музэйнай справы, да выяўленчага мастацтва. Сёлета да гэтай ініцыятывы далучыліся, апрача Нацыянальнага мастацкага музэю, і другія беларускія музэі – Нацыянальны гістарычны, Літаратурны музэй Максіма Багдановіча, Музэй сучаснага мастацтва. Прыемна, што іх кола пашыраецца. Такім чынам мы праз “Ноч музэяў”далучаемся да Эўропы”. Пагадзіцеся, “Чары ночы” і “Ноч музэяў” – яны сугучныя. І таму калі мне прапанавалі правесьці такую выставу, я адразу з задавальненьнем згадзіўся”.



Скобла: “Ваша выстава сярод іншых “начных” мастацкіх акцый выклікала ці не найбольшую цікавасьць у моладзі. Вы вельмі далікатна і рамантычна паказваеце аголеную жаночую натуру. Ваша жывапісная сэрыя “Грацыі” налічвае каля дзясятка твораў. А не баіцеся паўтораў?”

Цімохаў: “Прыходзіць час, калі мастак, у якім бы жанры ён ні працаваў, вычэрпвае свае магчымасьці, завяршае пэўную тэму і пачынае іншую. Гэта нармальна. Я пакуль што не вычарпаўся. Працаваць у жанры ню – адначасова і прыемна, і складана. Прыемна, бо жанчына – гэта крыніца прыгажосьці, гармоніі, з якой спрадвеку наталяліся і паэты, і мастакі, і кампазытары. Падчас стварэньня нізкі “Чары ночы” ставілася мэта паказаць прыгажосьць жаночага цела ў гарманічнай еднасьці з прыродай, адпрэчыўшы працу куцюр’е. Бо жанчына – гэта не манэкен! Кожная жанчына сама па сабе ўжо твор мастацтва, які варта ўзьнесьці ў ранг боства...

А складана пісаць жанчыну таму, што мяжа паміж цнатлівасьцю, якая ў маіх творах, лічу, ёсьць, і бессаромнасьцю, якая можа зьявіцца, ледзь адчувальная. Творачы ў гэтым жанры, лёгка апусьціцца ніжэй за эротыку”.

“Я абыходжуся без натурніцаў, малюю па памяці”

Скобла: “Розныя мастакі па-рознаму разумелі эротыку. Напрыклад, калі параўнаць францускіх мастакоў Рэнуара і Тулюз-Лятрэка. Апошні ствараў жаночыя вобразы ці не празьмерна натуралістычна, часам зьневажаючы жаночае хараство. А калі вы працуеце над сваімі “грацыямі”, ці трымаецеся нейкай эстэтычнай сыстэмы, за якую – ні кроку?”

Цімохаў: “Пэўна ж, ёсьць такая сыстэма. Але словамі гэта патлумачыць складана, усё адбываецца на ўзроўні падсьвядомасьці, інтуіцыі. Малюючы аголенае цела, я баюся перайсьці мяжу непрыстойнасьці. Ёсьць парнаграфія, а ёсьць эротыка. А ёсьць яшчэ больш лагодная эстэтыка формы, эстэтыка колеру, якая нават не кранаецца эратычнага. І я заўважыў, што гэтая эстэтыка дзейсная ў маіх творах. Аднойчы чалавек глядзеў-глядзеў на маю працу, а потым і кажа: “Гэты твор я з задавальненьнем павесіў бы дома ў перадпакоі”. Я пытаюся: “А чаму ня ў спальні?” “А навошта ў спальні?” Пра што гэта сьведчыць? Мае “грацыі” – чыста дэкаратыўнае, прыгожае мастацтва”.

Скобла: “У вас дзясяткі твораў у жанры ню. Ці няма праблемаў з натурніцамі?”

Цімохаў: “Не, з натурніцамі праблемаў няма, бо я абыходжуся бяз іх. Малюю па памяці, з галавы. Але такое пытаньне час ад часу паўстае. Асабліва калі шукаеш, як пасадзіць чарговую “грацыю”. Бо, зрабіўшы пяцьдзесят-шэсьцьдзесят пазыцый, з кожным разам усё складаней знайсьці новую. Але мне за дзевяць гадоў навучаньня далі такі падмурак у мастацкай вучэльні, а потым у Інстытуце мастацтва, што, адчуваю, змагу ўсё астатняе жыцьцё працаваць без натуры”.

“Жанр ню ў беларускім мастацтве – некранутае поле”

Скобла: “Вы вучань народнага мастака Беларусі Гаўрылы Вашчанкі, творцы акадэмічна-строгага, асабліва што датычыць вашай улюбёнай тэмы... А хто з мастакоў у трактоўцы жаночага вобраза вам найбольш блізкі?”



Цімохаў: “Калі браць жанр ню, я нават не згадаю, хто з беларускіх мастакоў ладзіў пэрсанальную выставу на гэтую тэму. Гады тры таму была выстава Алеся Ксяндзова ў Палацы мастацтва, але там былі дамешкі і другіх жанраў. А больш – я нават і не прыгадаю, хоць пільна сачу за творчасьцю калегаў. Сапраўды, у нас – гэта некранутае поле.

Калі ж прыгадваць тое, што раней рабілася... Ну, усім вядомы Мадыльяні. Хто ім не захапляўся? І я ім захапляўся і працягваю захапляцца. Але тут я хацеў бы згадаць імя швэйцарскага мастака Ганса Эрні. Ён мяне прывабіў яшчэ ў працэсе вучобы, прывабіў рысай, лініяй, якою ён валодае незвычайна, ляканічна. У яго таксама ёсьць вялікая сэрыя жаночых постацяў, праўда не зусім аголеных. Як ні дзіўна, Эрні амаль невядомы на Захадзе. Будучы ў Нямеччыне – у Дрэздэне, у Боне ці Кёльне, я ўвесь час заходзіў у мастацкія крамы і пытаўся – а ці ёсьць у вас Ганс Эрні? Прадавачкі доўга шукалі па кампутары, урэшце паціскалі плячыма і казалі: “Прабачце, няма”. Дык вось акурат Эрні найбольш паўплываў на мяне ў выбары манеры пісьма”.

Скобла: “І ўсё ж я працягну пошук генэзы мастака Цімохава. Адзін з вашых улюбёных колераў – блакітны (“Блакітны натурморт”, “Блакітны вечар”). Падобны блакіт я бачыў хіба на вітражах Марка Шагала. І тут я згадваю, што вы зьяўляецеся ляўрэатам ІІ Міжнароднага Шагалаўскага пленэру, які адбыўся ў 1997 годзе. Ці не ўплываў на вас Шагал сваёй палітрай?”

Цімохаў: “Скажу адназначна – не ўплываў. Мая палітра – гэта найперш цёплыя, зямныя колеры”.

Скобла: “Гэта ад вашага настаўніка Вашчанкі?”

Цімохаў: “Так, ад Вашчанкі, якога я вельмі люблю. Я таксама паляшук, і гэта мае ўлюбёныя колеры. Але я не абмяжоўваю сваю палітру імі. Вось і на выставе “Чары ночы” ў мяне творы дзеляцца паводле чатырох колераў. Там утульная заля, чатыры сьценкі. І ў мяне адна сьценка чорна-белая, другая – залацістая, жоўта-сонечная, трэцяя – блакітная, а чацьвёртая – чырвоная. Мне прыемна працаваць у розных калярыстычных кірунках”.

Скобла: “А свой “Блакітны вечар” (блакітная хатка, скрыпач...) вы адмыслова для Шагалаўскага пленэру малявалі?”

Цімохаў: “Не, гэты твор маляваўся на пленэры, але не на Шагалаўскім, а на Драздовічаўскім”.

“Мяне аднолькава добра разумеюць і ў Беларусі, і за мяжой”

Скобла: “У вас адбылося тры пэрсанальныя выставы ў Нямеччыне, адна – у Сэрбіі. Адбываліся яны і на радзіме – у Полацку, Менску, Горадні. А дзе вас больш разумеюць – у Беларусі ці за мяжой?”

Цімохаў: “Мне шанцуе – мяне добра разумеюць і тут, і там”.



Скобла: “У вас шмат твораў, заснаваных на паганскай міталёгіі. Што можа амэрыканец ці немец у іх зразумець?”

Цімохаў: “Як ні дзіўна, замежнікі разумеюць больш, чым беларусы. Гэта мяне заўсёды зьдзіўляла і працягвае зьдзіўляць. Аднойчы лёс зьвёў мяне з парай пажылых людзей, якія прыехалі ў Беларусь са Злучаных Штатаў Амэрыкі. Яны прыйшлі да мяне ў майстэрню, і мы знайшлі з імі агульную тэму – паганскую! Аказалася, што яны добра арыентуюцца ў старажытных славянскіх паганскіх сымбалях, разумеюць сьвяты, якія ў нас прывязаныя да народнага календара, да зімовага і летняга сонцастаяньня. Амэрыканцы нават набылі мае працы на фальклёрныя сюжэты. Так што, як аказалася, тэма гэтая – інтэрнацыянальная”.

Скобла: “У 2003 годзе вы атрымалі Гран-пры на Міжнародным біенале ілюстрацый у Бялградзе. Пасьля гэтай перамогі вас павінны былі засыпаць заказамі нашы выдавецтвы. Ці гэтага не адбылося?”

Цімохаў: “Вялікіх заказаў я ад нашых выдавецтваў не атрымаў. Але, скажу шчыра, ня вельмі гэтага і хацеў, бо ілюстраваньне – не мая спэцыфіка. Праўда, маю я адну задуму. Хачу стварыць выяўленча-паэтычны альбом, які будзе складацца, па-першае, з маіх працаў, і, па-другое, зь вершаў нашых паэтаў на тэму каханьня, на тэму жанчыны. Існуе так багата выдатных паэтычных тэкстаў! Гэта будзе шыкоўны, дарагі, падарункавы альбом”.

“Нам бракуе перасоўных выставаў, якія адбываюцца ў Заходняй Эўропе”

Скобла: “Як вы ўжо сказалі, мастацкая акцыя “Ноч музэяў” прыйшла да нас з Францыі. І, падобна на тое, што прыжылася, сёлета ладзілася ўжо чацьвёрты раз. А што яшчэ нам ня шкодзіла б запазычыць на Захадзе?”

Цімохаў: “У краінах Заходняй Эўропы ладзяцца вельмі цікавыя зборныя выставы. З розных музэяў сьвету звозяцца, напрыклад, творы Пікасо, ці Мадыльяні. Выстава экспануецца тры месяцы, а потым пераяжджае ў другі горад, потым вандруе далей, у другія краіны. Да нас такія выставы, на жаль, не даяжджаюць. Дык вось, я хацеў бы, каб наша краіна магла прымаць гэткія зборныя перасоўныя выставы. Маральна мы да гэтага гатовыя, засталося сасьпець матэрыяльна”.

Скобла: “І на заканчэньне – ваш унёсак у скарбонку народнай мудрасьці. Прыказка, выслоўе, афарызм, актуальныя для вас апошнім часам”.

Цімохаў: “Выслоўе будзе на трасянцы: “Натура – дура, а мастак – малайчына”. Гэта значыць, ня ўсё мусіш маляваць з натуры. Мусіш адсейваць нешта, адбіраць. Я гэтым правілам карыстаюся, паколькі раблю свае “грацыі” без натуры”. Карыстаючыся нагодай, запрашаю ўсіх прыхільнікаў мастацтва на маю выставу “Чары ночы”, якая экспануецца ў Нацыянальным мастацкім музэі. Запрашаю вярнуцца ў Эдэм – месца, дзе зьліваюцца ў сапраўднай гармоніі чалавек і прырода, месца, дзе можна хоць на хвіліну забыцца на дыктат моды і проста захапляцца прыгажосьцю жаночага цела”.

Сувязь з аўтарам перадачы: m.skobla@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG