Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладыя журналісты ў Горадні маюць сваю школу


Сяргей Астраўцоў, Горадня Дзесяць гадоў існуе ў Горадні “Школа маладога журналіста”. Яна дзейнічае пры Цэнтры інфармацыйнай падтрымкі грамадзкіх ініцыятываў “Трэці сэктар”. За дзесяць гадоў школу закончылі каля двухсот школьнікаў і студэнтаў. Каля трыццаці чалавек пазьней атрымалі вышэйшую журналісцкую адукацыю. Некаторыя з выпускнікоў цяпер вучацца за мяжою, у тым ліку ў ЗША і Францыі.

Карэспандэнт: “Адзін з тых, хто прыдумаў гарадзенскую школу маладога журналіста, – Вітаўт Руднік. Ён усе дзесяць гадоў апекаваўся школаю. У мяне пытаньне: за гэты час закончылі школу дзьвесьце хлопцаў і дзяўчат, колькі зь іх сёньня сапраўды працуюць у газэтах, на радыё?”

Руднік: “Калі праект пачынаўся, запатрабаванасьць у журналістах была намнога большай, у Горадні выходзіла тады газэт куды больш, чым цяпер. І былі такія гады, калі, напрыклад, рэдакцыя газэты “Пагоня” на дзевяноста адсоткаў была ўкамплектаваная нашымі выпускнікамі.

Мы ставілі заўсёды дзьве мэты перад гэтым праектам: падрыхтоўка карэспандэнтаў, а таксама разьвіцьцё грамадзкай актыўнасьці моладзі. І калі паглядзець сёньня на вынікі школы, сапраўды яе скончылі каля двухсот чалавек, і кожны трэці зь іх працуе ці ў сродках масавай інфармацыі, ці ў грамадзкіх аб’яднаньнях – ня толькі ў Горадні, але й па ўсёй краіне, за мяжой працуюць некалькі чалавек”.

Карэспандэнт: “Ты ўспомніў пра тое, што цяпер няма газэт, дзе можна было б друкавацца вучням вашай школы. А сапраўды: дзе рэальна яны могуць надрукавацца сёньня?”

Руднік: “Вядома, гэта самая вялікая праблема, якая ёсьць у нас на сёньняшні дзень, і ў зьвязку з гэтым мы вымушаныя былі стварыць электронную штотыднёвую газэту “Твой стыль” і моладзевае радыё ў інтэрнэце “Твой стыль” – для таго, каб забясьпечыць нашым навучэнцам практыку”.

Карэспандэнт: “Алесь Залеўскі прыйшоў у гарадзенскую школу маладога журналіста ў пятнаццаць гадоў. Аказалася, што яму не хапае аднаго году, але зрабілі выключэньне і ўзялі яго. Алесь закончыў журналісцкага школу, апошнім часам быў каардынатарам гэтага праекту, працуе цяпер для “Эўрапейскага радыё” і зьяўляецца рэдактарам онлайн-радыё “Твой стыль”. Алесь, чым школа прываблівае моладзь?”

Залеўскі: “Я думаю, што гэта асяродак, дзе малады чалавек ня толькі можа навучыцца асновам журналістыцы, пісаць навіны, рэпартажы, але гэта й асяродак нефармальнай атмасфэры, дзе ён можа рэалізоўваць сябе. Таксама тут малады чалавек атрымлівае магчымасьці знаёміцца са сваімі замежнымі равесьнікамі: нашыя партнэры ёсьць у Аўстрыі, у іншых краінах Эўропы, ёсьць цэлая сетка маладых журналістаў “Youth Press”. Яны таксама да нас прыяжджаюць, мы знаёмімся, бярэм у іх інтэрвію, пішам пра іх, яны пішуць пра нас. Школа маладога журналіста – гэта месца, дзе вучаць тварыць сьвет разам і тварыць сьвет паводле сябе”.

Кіраўнік Цэнтру інфармацыйнай падтрымкі грамадзянскіх ініцыятываў “Трэці сэктар” Вітаўт Руднік
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG