Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іранскі “Саманд” не карыстаецца ў Беларусі попытам


Уладзімер Глод, Менск Сёньня завяршаецца афіцыйны двухдзённы візыт у Беларусь іранскага прэзыдэнта Махмуда Ахмадзінэжада. Высокі госьць з Тэгерану назваў стасункі з афіцыйным Менскам устойлівымі і трывалымі, а Лукашэнку – “адным з найлепшых сваіх сяброў”.

Аляксандар Лукашэнка, прымаючы свайго госьця, заявіў, што “Іран здольны стаць адным з самых уплывовых цэнтраў усясьветнай супольнасьці”. Вось такая палітычная адзінасьць і робіцца галоўнай прычынай збліжэньня дзьвюх краінаў, якія знаходзяцца даволі далёка адна ад адной.

Тут можна вярнуцца да словаў Ахмадзінэжада пра тое, што абодва бакі выступаюць супраць аднапалярнага сьвету і ціску на краіны. “Мы павінны яго нэўтралізаваць сумеснымі намаганьнямі”, – заявіў прэзыдэнт Ірану.

Вячаслаў Оргіш: “Ні Іран, ні Беларусь ня могуць стварыць нейкую супольнасьць, якая б дазволіла вырашаць самастойна, не зважаючы на астатні сьвет, праблемы, якія стаяць перад абодвума рэжымамі”.
Аднак ці могуць Беларусь і Іран значна зьмяніць нешта на міжнароднай арэне?

Палітоляг, доктар філязофскіх навук Вячаслаў Оргіш упэўнены, што ня могуць:

“Папярэдняя спроба гуляць на полі Руху недалучэньня, на мой погляд, паказвае беспэрспэктыўнасьць імкненьня беларускага рэжыму стварыць нейкую альтэрнатыўную групоўку, якая б дазволіла дзейнічаць на міжнароднай арэне самастойна. Нічога істотнага з гэтага не атрымаецца таму, што ні Іран, і тым больш ні Беларусь не зьяўляюцца істотнымі суб’ектамі міжнароднага палітычнага жыцьця. У тым сэнсе, што яны ня могуць стварыць нейкую супольнасьць, якая б дазволіла вырашаць самастойна, не зважаючы на астатні сьвет, тыя праблемы, якія стаяць перад абодвума рэжымамі”.

Візыт прэзыдэнта Ірану аглядальнікі раскладаюць на тры складнікі: палітычны, эканамічны і вайсковы. Як бакі ацэньваюць сваё эканамічнае супрацоўніцтва?

Кіраўніка Беларусі, як вядома, апошнім часам вельмі хвалюе праблема энэрганосьбітаў. І невыпадкова ён падзякаваў іранскаму госьцю за падтрымку ў вырашэньні пытаньняў энэргетычнай бясьпекі.

“Я, спадар прэзыдэнт, асабліва ўдзячны вам за падтрымку нашай краіны ў такім адчувальным пытаньні, як здабыча вуглевадароднай сыравіны”, – сказаў Лукашэнка.

А ў камюніке, якое падпісалі кіраўнікі Беларусі і Ірану, гаворыцца, што бакі задаволеныя дамоўленасьцямі ў распрацоўцы нафтавага радовішча “Джафэір” у Іране. У Аляксандра Лукашэнкі ёсьць спадзяваньні, што неўзабаве Беларусь зможа здабываць нафту ў Іране, перапрацоўваць яе ў Іране альбо вывозіць.

Андрэй Фёдараў: “Праблема толькі ў тым, як даставіць нафту сюды, а прадукты зь яе – у Іран”.
Палітоляг Андрэй Фёдараў ня бачыць пэрспэктывы і ў гэтай справе:

“У пятніцу ў Іране ўвялі абмежаваньне на колькасьць бэнзіну, якую можа спажыць адзін чалавек – 90 літраў на месяц. І гэта нягледзячы на тое, што Іран – другая ў сьвеце краіна па колькасьці здабычы нафты.

У іх там ёсьць праблемы з нафтаперапрацоўкай. А ў Беларусі ёсьць нафтаперапрацоўка, але няма нафты. Так што інтарэсы тут існуюць. Праблема толькі ў тым, як даставіць нафту сюды, а прадукты зь яе – у Іран”.

Сёньня ў Менску пачынае працаваць штогадовая выстава зброі і вайсковай тэхнікі “Мілекс-2007”. Пакуль што невядома, ці пойдзе прэзыдэнт Ірану на яе. А вось завод, на якім зьбіраюць іранскія легкавыя аўтамабілі “Саманд”, ён сёньня наведаць зьбіраецца.Тут з заяўленых 60 тысяч машын пакуль што здолелі прадаць толькі 56 штук. Беларусы, якія прывыклі да эўрапейскіх ды японскіх аўто, не сьпяшаюцца выкладаць за невядомую ім іранскую машыну 12500 даляраў.

Напярэдадні візыту ў Менск прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэжад заявіў пра намер разьвіваць ядзерныя тэхналёгіі. Ён сказаў таксама, што Іран перайшоў да прамысловай стадыі ўзбагачэньня ўрану. Кіраўніцтва Ірану адмаўляецца выканаць патрабаваньні ААН, галоўнае зь якіх – спыніць праграму ўзбагачэньня ўрану. Захад мяркуе, што ядзерная праграма можа быць прыкрыцьцём для вырабу Іранам ядзернай зброі.

Махмуд Ахмадзінэжад перамог на выбарах у 2005 годзе дзякуючы папулісцкім абяцаньням. Ён таксама выказваўся за больш жорсткую барацьбу з карупцыяй.


• Палітыкі – пра дружбу А.Лукашэнкі з М.Ахмадзінэжадам, 21.05.2007 • “Беларусь для Ірану – больш сябар, чым партнэр”, 21.05.2007 • Ахмадзінэжад назваў Лукашэнку адным з найлепшых сяброў, 21.05.2007 • Што яднае Беларусь і Іран?, 19.05.2007 • У Беларусі будзе створаны банк з іранскім капіталам, 12.02.2007 • Ці дойдзе іранская нафта да Беларусі?, 07.02.2007 • Пра што маглі дамовіцца прэзыдэнт Ірану і міністар абароны Беларусі?, 23.01.2007 • Хамэнэі заклікаў Лукашэнку разам супрацьстаяць ціску ЗША, 07.11.2006
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG