Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Як паступіць у ВНУ без экзамэнаў?”


Іна Студзінская, Менск Агляд недзяржаўнага друку за 22 траўня.

Тыднёвік “Белорусы и рынок”. “Трубу ўпалавінілі”. Дзяржкаммаёмасьць Беларусі і “Газпром” у кулюарах, за зачыненымі дзьвярыма, увечары ў пятніцу ўрэшце падпісалі дамову аб продажы 50% акцыяў “Белтрансгазу” за 2,5 мільёна даляраў. “Газпром” настояў на тым, каб беларускі бок ня ўводзіў “залатой акцыі”.

Яшчэ адзін матэрыял тыднёвік – пад загалоўкам “Белтрансгаз” – гэта толькі пачатак”. Беларускі ўрад распрацоўвае плян прыватызацыі найбольш прывабных прадпрыемстваў нафтахіміі. Гэта і наваполацкі “Нафтан”, і “Палімір”, і “Азот”, і “Хімвалакно”.

“Наша слова”. У мінулыя выходныя ў Лідзе адбыўся Міжнародны фэст рыцарскіх баёў “Меч Лідзкага замку-2007”, у якім удзельнічала 40 клюбаў зь Беларусі, Пецярбургу, Масквы, Кіева і Адэсы. Перамог менскі клюб “Рыцарскі род “Сьнежны барс”.

Расказвае рэдактар тыднёвіка “Наша слова” Станіслаў Суднік:

“Дзевяць хлопцаў “паламалі” ўсіх. Самі такога невысокага росту, шчуплаватыя ў жалезе сваім. Але як маналіт, ламалі яны ўсіх – і здаравенных масквічоў, і ўкраінцаў. Кожную бітву яны заканчвалі воклічам “Слава Вялікаму Княству Літоўскаму!” У Лідзе два дні было сьвята. Два дні не змаўкала “Вялікае Княства Літоўскае”. Хто й ня ведаў, што такое Вялікае Княства Літоўскае, той вывучыў. Я ацэньваю гэта як вельмі патрэбнае мерапрыемства, якое падымае нацыянальную самасьвядомасьць”.

“Комсомольская правда” в Белоруссии” дае кансультацыю абітурыентам “Як паступіць у ВНУ без экзамэнаў”. Газэта тлумачыць, хто мае права на льготы. І хоць зь мінулага году гэты сьпіс істотна скарочаны, ільготных катэгорыяў хапае: ад пераможцаў алімпіяд і конкурсаў, сувораўцаў да інвалідаў і дзяцей-сірот. Па-за конкурсам нельга паступаць на спэцыяльнасьці “Міжнародныя адносіны”, “Правазнаўства”, на мэдычна-фармацэўтычны факультэт і на тыя спэцыяльнасьці, на якія летась конкурс быў 5 і больш чалавек на месца.

Слуцкі “Інфа-кур’ер”: “Помнікі – не браты-блізьняты”. Адкрыцьцё ў Менску і Слуцку бюстаў Георгія Жукава выклікала шмат чутак, што сталічны варыянт маршала зьяўляецца копіяй слуцкага. Аўтар абедзьвюх працаў, скульптар Анатоль Арцімовіч зьняпраўджвае гэтыя чуткі: кажа, што ў слуцкага і менскага палкаводца – розная плястыка скульптуры, зьменены характар вобразу героя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG