Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыцары змагаліся за перамогу на рысталішчы ў Лідзкім замку


Сяргей Астраўцоў, Ліда У мінулыя выходныя ў Лідзе адбыўся Міжнародны фэст рыцарскіх баёў “Меч Лідзкага замку-2007”. У ім удзельнічалі клюбы зь Беларусі, а таксама зь Пецярбургу, Масквы, Кіева і Адэсы. Наш карэспандэнт пагутарыў падчас фэсту з рыцарам Гродэнам і запісаў уражаньні аднаго з гледачоў – лідзкага журналіста і літаратара Станіслава Судніка.

Карэспандэнт: “Рыцар закончыў бой... Віншую зь перамогай”.

Рыцар: “Маё імя Гродэн, я з клюбу “Рыцарскі род сьнежнага барса”, і мы прадстаўляем ваяроў Вялікага Княства Літоўскага”.

Карэспандэнт: “Гэта, па-мойму, рэдкасьць, усе тут – эўрапейскія рыцары, крыжакі, а рыцары Вялікага Княства якраз у меншасьці...”

Рыцар: “Гэта адбываецца таму, што росквіт рыцарства быў у ХІІІ–ХІV стагодзьдзях, і ўсе прыгажосьці гэтай зьявы можна было назіраць у эўрапейскіх краінах, таму гэта й цікавіць людзей. А мы зьяўляемся патрыётамі сваёй радзімы, таму робім рэканструкцыю пары Вялікага Княства Літоўскага”.

Карэспандэнт: “Колькі працягваўся бой? Такая задыханасьць, я бачу...”

Рыцар: “Заўжды бой цягнецца дзьве хвіліны, але маршалкі не змаглі выявіць пераможцу і атрымалася так, што былі тры дадатковыя хвіліны”.

Карэспандэнт: “Напэўна, біцца было цяжка, таму што ўсе бачылі: адзін быў ляўшун, другі – праўшун, і праз гэта немагчыма было пераможцу вызначыць. Ці ня так?”

Рыцар: “Не, гэта таму, што байцы роўныя сілай. І, вядома, калі праўшун б’ецца зь леўшуном, то таксама гэта вельмі складана, таму што амаль усе байцы праварукія. А яшчэ было цяжка таму, што на трэніроўках байцы рыхтуюцца да стандартнага дзьвюххвіліннага бою, а тут давялося дадаткова біцца, і гэта лішняя нагрузка, таму ня ведаю, колькі ў мяне сілаў застанецца на наступны бой. Бо я застаўся ў турніры і яшчэ буду біцца, але болей ужо сілаў няма”.

Карэспандэнт: “А якія існуюць магчымасьці адпачыць?”

Рыцар: “Можна папіць халоднага квасу, які нам даюць спонсары, і абдымкі каханай дзяўчыны таксама здымаюць стомленасьць”.

Карэспандэнт: “Было абвешчана, што перамога была прысьвечана ёй, так? І як яе завуць?”

Рыцар: “Надзея”.

Карэспандэнт: “Станіслаў Суднік зусім зблізку назіраў баі рыцараў. Якія твае ўражаньні?”

Суднік: “Лупяць яны ад душы, ажно адзін меч зламаўся ля рукаяткі. Як калісьці ў маленстве: як ужо ўпячэш, дык упячэш. Трашчаць шчыты, гнуцца дасьпехі, у шоламах умяціны. Ідзе спаборніцтва, яны даўно знаёмыя, сустракаюцца ў кожным турніры, высьвятляюць, хто зь іх мацнейшы. Так што гэтыя баі, не магу сказаць, што пастановачныя, яны хутчэй спартовага пляну – хто пераможа”.

Месьцічы на адкрыцьці турніру

Рыцарская артылерыя

Стралок
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG