Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрыцьцё прадстаўніцтва Эўракамісіі зацягваецца


Уладзімер Глод, Менск Перамовы паміж Менскам і Брусэлем аб адкрыцьці ў сталіцы Беларусі офісу Эўракамісіі зацягваюцца. Афіцыйны прадстаўнік МЗС адмовіўся назваць магчымыя тэрміны вырашэньня праблемы: маўляў, казаць пра гэта дачасна.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў у адказе Радыё Свабода акрэсьліў, чым, на думку ўладаў, павінны займацца новы офіс:

“Гэта, найперш, энэргетычная сфэра. І шмат іншых, у якіх узаемная зацікаўленасьць да супрацоўніцтва відавочная і нават аб’ектыўная. Гэта – транзыт, памежная інфраструктура, міжнародная злачыннасьць, у тым ліку гандаль людзьмі. Ну, і, безумоўна, ахова навакольнага асяродзьдзя”.

Аглядальнік міжнароднага парталу “Wider Europe” Раман Якаўлеўскі зьвяртае ўвагу на тое, што афіцыйныя беларускія ўлады абыходзяць праблемы дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. На ягоную думку, улады хочуць абмежаваць дзейнасьць гэтага прадстаўніцтва, якое мае статус амбасады:

“Беларускі бок сёньня жадае скарыстаць досьвед апошняга мандату офісу АБСЭ ў Беларусі. А ён, як вядома, вельмі абмежаваны і датычыцца толькі дачыненьняў з беларускім урадам.

Што датычыцца прадстаўніцтва Эўракамісіі, дык беларускі бок ня мае права абмежаваць дзейнасьць гэтай інстытуцыі ў Беларусі. Ня мае права прымаючы бок абмяжоўваць дзейнасьць дыпляматычнай місіі”.

Прэсавы сакратар МЗС не пацьвердзіў, але і не абверг інфармацыю пра тое, што ў перамовах з Брусэлем удзельнічае Сяргей Гайдукевіч — спэцыяльны прадстаўнік міністра замежных справаў Беларусі.

Паводле Андрэя Папова, “мандат спэцпрадстаўніка міністра прадугледжвае наведваньне эўрапейскіх дзяржаў і абмеркаваньне самых шырокіх пытаньняў разьвіцьця дачыненьняў паміж Беларусьсю і эўраструктурамі”.

У офісе Лібэральна-дэмакратычнай партыі нам паведамілі, што Сяргей Гайдукевіч знаходзіцца ў замежнай паездцы.

Я патэлефанаваў на мабільны тэлефон спадара Гайдукевіча і знайшоў яго за межамі Беларусі:

“Без камэнтароў. Я знаходжуся за мяжой. І надвор’е тут добрае”.

У Кіеве працуе прадстаўніцтва Эўракамісіі па Ўкраіне і Беларусі. З прапановай адкрыць у Менску самастойны офіс Эўракамісія зьвярнулася да беларускіх уладаў яшчэ ў 2005 годзе. Аднак станоўчы адказ афіцыйны Менск даў толькі сёлета ў красавіку.
Гл. таксама

• На якіх умовах у Менску адкрыюць офіс Эўракамісіі?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG