Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рэжымная” Беларусь: дзе здымаць забаронена?


Ігар Карней, Менск Шэраг дзяржаўных аб’ектаў маюць у Беларусі статус рэжымных. На іх тэрыторыю ня толькі абмежаваны доступ, але і забаронена рабіць фотаздымкі саміх будынкаў. Сярод іх – аб’екты вайсковага прызначэньня, ведамасныя ды ўрадавыя комплексы. Першае месца ў гэтым сьпісе займае будынак адміністрацыі прэзыдэнта ў Менску. Што нельга фатаграфаваць у сталіцы Беларусі і рэгіёнах?

Практычна любы фатограф можа распавесьці, што сутыкаўся сытуацыяй, калі супрацоўнікі сілавых структураў забаранялі фатаграфаваць той ці іншы аб’ект у цэнтры Менску.

Фотакарэспандэнт газэты “Народная воля” Юры Дзядзінкін кажа, што вельмі пільна сочаць за фатографамі ля будынку адміністрацыі прэзыдэнта ў Менску:

“Так, там толькі з дазволу. І натуральна, што не дадуць здымаць, бо гэта, як кажуць, вельмі сакрэтны аб’ект. Хоць, каму трэба, здымуць без праблем... Суды, само сабой, забараняюць здымаць, асабліва гэта тычыцца Вярхоўнага суду. Практычна ўсе высокапастаўленыя начальнікі катэгарычна супраць, каб іх фатаграфавалі. Летась на 9 траўня, хоць і паказаў пасьведчаньне, мне забаранілі здымкі, пакуль ня пройдзе шэсьце на чале з прэзыдэнтам. Сёлета апарат нават не расчахляў, бо не хацеў канфрантацыі з гэтымі хлопцамі. Паб’юць апарат, а працаваць жа трэба. Яны ж у нюансах разьбірацца ня хочуць”.

Вакзал – стратэгічны аб’ект

Жыхар Магілёву Зьміцер, які здымае вясельлі, нядаўна захацеў сфатаграфаваць архітэктурныя адметнасьці Магілёву. Вось, што з гэтага атрымалася:

“Склалі прыкладны плян, адным з пунктаў значыўся чыгуначны вакзал. Прыехалі, пачалі здымаць. Хвілін праз 10 падышлі два міліцыянты, папрасілі дакумэнты (добра, што яшчэ былі пасьведчаньні кіроўцаў). Павялі ва ўчастак, дзе перапісалі ўсе дадзеныя, “прабілі” па кампутару, пасьля чаго сказалі: на тэрыторыі вакзалу усялякія здымкі забароненыя. Маўляў, увогуле здымкі на стратэгічных аб’ектах, да якіх належыць і вакзал, не дапушчальныя”.

Віцяблянін Сяргей Серабро кажа, што асабіста яго ніхто не ганяў, калі ён здымаў цягнікі ды масты ў сваім горадзе. Але праблемы ў фатографа ўсё адно ўзьнікалі:

“Пэўныя праблемы могуць узьнікнуць, калі фатаграфаваць у памяшканьнях банкаў, дзе могуць палічыць, што вы фатаграфуеце сыстэмы назіраньня і сыгналізацыі. Таму лепей запытаць дазволу. Могуць быць праблемы падчас фатаграфаваньня ваенных аб’ектаў ці частак. І хоць ніхто асабліва там не шукае ваенных таямніцаў, аднак таемнасьць пабудоваў, пляцаў, рыштункаў, дзе яны трэніруюцца, застаецца. Ну, і праблемы, натуральна, калі фатаграфуеш “мерапрыемствы” міліцыі дзеля спыненьня апазыцыйных акцый. Некалькі супрацоўнікаў у цывільным, не паказваючы ніякіх пасьведчаньняў, становяцца перад аб’ектывам і ходзяць, не даюць фатаграфаваць тое, што адбываецца”.

Дзяржаўныя аб’екты бароняць ад шпіёнаў?

Якія аб’екты ў Беларусі забаронена фатаграфаваць? Тэлефаную ў Цэнтар бясьпекі інфармацыі пры прэзыдэнце.

“Я з гэтай нагоды нічога ня ведаю. Ніякай інфармацыі адносна гэтага сказаць не магу, паколькі такой інфармацыяй папросту не валодаю”.

Між тым прэсавы сакратар Службы бясьпекі прэзыдэнта Аляксей Гусеў заявіў у мэдыях, што паводле закону пра дзяржаўную ахову, ёсьць сьпіс аб’ектаў якія здымаць нельга. Цытую спадара Гусева: “Гэта рэзыдэнцыя прэзыдэнта, Дом ураду ды некаторыя іншыя. Маецца на ўвазе здымкі буйным плянам, якія дазволяць выявіць асаблівасьці нясеньня службы, падыходы да будынку, што знаходзіцца пад дзяржаховай. Супрацоўнік спэцслужбы пры факце здыманьня павінен даведацца, у якіх мэтах яно вядзецца, ён мае права прагледзець кадры на лічбавіку і папрасіць сьцерці тыя, на якіх бачны буйны плян ахоўваемага аб’екту”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG