Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да Казуліна не даходзяць лісты на палітычныя тэмы


Алег Грузьдзіловіч, Менск Пасьля амаль чатырохмесячнага перапынку з Аляксандрам Казуліным у калёніі сустрэліся ягоныя дочкі й жонка. Сваякі праверылі зьвесткі, якія пра Аляксандра Казуліна распаўсюдзілі некаторыя мэдыі.

Тры гадзіны размаўлялі з Аляксандрам Казуліным яго жонка Ірына і дочкі Вольга й Юлія. Размова адбывалася ў адмысловым памяшканьні, у якім суразмоўцы адзьдзелены шклом. Пасьля гэтай сустрэчы малодшая дачка палітыка Юля прыняла абавязкі прэсавага сакратара замест Ірыны Казулінай, у якой хворае горла.

Дзяўчына распавяла, што бацька выглядае схуднелым, важыць толькі 87 кіляграмаў, пры тым, што год таму важыў 105. Але бадзёрасьці Аляксандар Казулін у зьняволеньні не згубіў.

Я спытаўся, ці праўда, што былы кандыдат на прэзыдэнта ў калёніі гуляе ў футбол, як пра гэта кажуць прадстаўнікі адміністрацыі папраўчай установы.

“У футбол ён гуляе, але яму цяжка гуляць, бо калі б’е па мячу, баляць сьпіна і нага. Таму ён усё ж спрабуе меней гуляць”, — адказала дачка Казуліна.

“У футбол ён гуляе, але яму цяжка гуляць, бо калі б’е па мячу, баляць сьпіна і нага”.
Паводле Юлі Казулінай, зусім ад гульні ў футбол яе бацька не адмаўляецца, бо яму патрэбныя фізычныя практыкаваньні.

З 14 траўня Аляксандар Казулін пачаў працаваць. Яго зноў накіравалі выдаваць адзеньне са складу. На стомленасьць палітык ня скардзіўся.

Што да дыетычнага харчаваньня, яно засталося, але скарыстацца ім Казуліну ўдаецца рэдка.

“У сталовую ён ходзіць, але там амаль не харчуецца. А тое, што яму малочныя харчы мусяць даваць паводле дыеты, дык даюць вельмі рэдка”, — кажа Юлія Казуліна.

Як высьветлілі сваякі, да Аляксандра Казуліна не даходзіць частка лістоў, якія яму дасылаюць. Прыкладам, Юля Казуліна паведамляла бацьку пра сытуацыю вакол Андрэя Клімава, на якога завялі крымінальную справу, але аказалася, што гэты ліст не дайшоў. Не атрымаў Казулін і некаторых лістоў ад актывістаў сацыял-дэмакратычнай партыі.

У калёніі Аляксандар Казулін разам зь іншымі вязьнямі рамантаваў памяшканьне бібліятэкі. Нядаўна рамонт быў завершаны. Сёньня сваякі Казуліна перадалі ў калёнію для гэтай бібліятэкі дзьвесьце кніг. Юля патлумачыла, адкуль яны ўзяліся:

“Гэта кнігі, якія калісьці зьбіраў Валер Леванеўскі для калёніі, дзе ён адбываў пакараньне. Потым гэтыя кнігі знаходзіліся ў рэдакцыі газэты “Белорусы и рынок”, а адтуль мы іх забралі й адвезьлі ў калёнію да бацькі”.

Дачка Казуліна паведаміла, што на ціск з боку адміністрацыі бацька ня скардзіцца, але адзначае, што звузілася кола людзей, якія зь ім у калёніі кантактуюць. Гэта адбылося ў выніку таго, што частку былых сяброў Аляксандра Казуліна перавялі ў іншыя калёніі.



Экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін болей як год таму быў асуджаны на пяць з паловай гадоў паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Вінаватым сябе Аляксандар Казулін не прызнае — ён тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG