Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы сумняваюцца ў эфэктыўнасьці Рады ААН у правох чалавека


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Сёньня Генэральная асамблея ААН будзе выбіраць новых сяброў Рады ААН у пытаньнях правоў чалавека. Галасаваньне будзе адбывацца на тле моцнай апазыцыі міжнародных праваабарончых арганізацыяў краінам- кандыдатам, у якіх стала парушаюцца правы чалавека – Беларусі і Эгіпту.

16 краінаў прэтэндуюць на 14 вакантных месцаў у Радзе

За два месцы ад усходнеэўрапейскай рэгіянальнай групы змагаюцца тры краіны – Беларусь, Босьнія-Герцагавіна і Славенія. Каб быць абранай, краіна-кандыдат мае набраць бальшыню (як найменей -- 97) галасоў. Галасаваньне будзе тайным. Аднак і праваабарончыя арганізацыі, і асобныя ўрады ўсё часьцей ставяць пад сумнеў эфэктыўнасьць новага праваабарончага органа ААН.

Ці стала Рада ў правах чалавека больш эфэктыўнай?

Рада ААН у пытаньнях правоў чалавека была створаная летась для замены праваабарончай камісіі ААН. Гэтая камісія настолькі дыскрэдытавала сябе, што з рэзкай крытыкаю яе дзейнасьці змушаны быў нават выступіць ранейшы генэральны сакратар ААН Кофі Анан.

Асноўнай праблемаю аанаўскай праваабарончай камісіі было ўваходжаньне ў яе склад прадстаўнікоў дзяржаваў, вядомых грубымі парушэньнямі правоў чалавека. Гэтыя прадстаўнікі часта аб’ядноўвалі свае сілы, робячы немагчымым расьсьледаваньне парушэньняў, дапушчаных у іх дзяржавах.

Меркавалася, што новая Рада ААН у пытаньнях правоў чалавека будзе іншай. Але ці стала? Праваабаронцы лічаць, што пакуль яшчэ не.

За што крытыкуюць Раду ў правах чалавека?

У сакавіку сёлета Рада прыняла рашэньне спыніць назіраньне за сытуацыяй з правамі чалавека ў Іране і Ўзбэкістане, што выклікала ў сьвеце глыбокае расчараваньне. Тады ж выканаўчы дырэктар Міжнароднай Хэльсынскай фэдэрацыі Арон Роўдз у інтэрвію нашаму радыё назваў гэтае рашэньне “згубным”. “Гэта сыгнал краінам, што ім, калі яны парушаюць правы сваіх грамадзянаў, няма чаго асьцерагацца праваабарончай Рады ААН”, – падкрэсьліў Арон Роўдз.

Галасаваньне адносна Ірану і Ўзбэкістану адбывалася за зачыненымі дзьвярыма. З дыпляматычных крыніцаў стала вядома, што разгляд пытаньня аб адмене сачэньня за сытуацыяй у названых краінах прайшоў з ініцыятывы Зымбабвэ, Банглядэш і Азэрбайджану. Бальшыня чальцоў рады ініцыятыву падтрымала. Устрымаліся пры галасаваньні такія краіны, як Японія, Паўднёвая Карэя, Бразылія і Швайцарыя.

Праваабаронцы не хавалі зьдзіўленьня: чаму Зымбабвэ – краіна, дзе фіксуюцца значныя парушэньні правоў чалавека, – адыграла ключавую ролю ў прыняцьці рашэньня адносна Ірану і Ўзбэкістану?

Сытуацыя ўвогуле парадаксальная. Зымбабвэ нават не зьяўлецца сябрам Рады ў пытаньнях правоў чалавека. Але паколькі яна выконвала важную ролю ў расфармаванай праваабарончай камісіі ААН, дык ёй дазволілі часова працаваць і ў новай Радзе. Таксама назіральнікі пытаюцца, чаму пры гэтым пасіўную пазыцыю занялі прадстаўнікі шэрагу дэмакратычных краінаў?

Рада хоча пазьбягаць новых падзелаў

Прадстаўнік Азэрбайджану ў Радзе Элчын Амірбаеў ў інтэрвію нашаму радыё патлумачыў, што гэтыя праблемы зьвязаныя з пачатковым пэрыядам дзейнасьці Рады і што яны будуць пераадоленыя. Аднак ён заявіў, што разуменьне правоў чалавека – справа суб’ектыўная і вельмі палітызаваная. Гэта выяўляецца і ў выніках выбараў сяброў Рады. Таму, на думку прадстаўніка Азэрбайджану, лепшае, што можна зрабіць, гэта – “пазьбягаць разьдзяляльных лініяў”.

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць, што якраз палітыка “пазьбяганьня разьдзяляльных лініяў – апраўданьне бязьдзейнасьці, і дзякуючы такой пазыцыі Раду можа напаткаць такі ж лёс, як і яе папярэдніцы.

Выглядае, што ЗША, якія паставілі пад сумнеў эфэктыўнасьць Рады ад самагу пачатку і не дамагаюцца свайго ўдзелу ў яе працы, мелі рацыю. Але праваабарончыя арганізацыі, улучна з Human Rights Watch, хацелі б, каб ЗША не адседжваліся па-за гульнёй.

Прадстаўніца Human Rights Watch Пэгі Хікс кажа, што на паперы цяперашняя Рада ААН у пытаньнях правоў чалавека мае больш правоў, чым яе папярэдніца. У прыватнасьці, яна можа прыцягнуць да адказнасьці парушальнікаў правоў чалавека аж да перадачы справы на разгляд Рады Бясьпекі ААН. Але пакуль што рэальна Рада не стала ўстановай абароны правоў чалавека. Таму Human Rights Watch заклікала ЗША прызначыць спэцыяльнага пасланца, які б нагадваў сябрам Рады пра іх абавязацельства пераўтварыць Раду ў сапраўдны інстытут абароны правоў чалавека.



Наша даведка:

У склад Рады ў пытаньнях правоў чалавека ўваходзяць 47 краінаў, якія прадстаўляюць пяць рэгіянальных групаў.

Афрыканскія дзяржавы (13 месцаў): Альжыр, Камэрун, Джыбуці, Габон, Гана, Малі, Маўрытанія, Марока, Нігерыя, Сэнэгал, Паўднёвая Афрыка, Туніс, Замбія.

Азіяцкія дзяржавы (13 месцаў): Бахрэйн, Банглядэш, Кітай, Індыя, Інданэзія, Японія, Ярданія, Малайзія, Пакістан, Філіпіны, Рэспубліка Карэя, Саудаўская Арабія, Шры-Лянка.

Усходнеэўрапейскія дзяржавы (6 месцаў): Азэрбайджан, Чэхія, Польшча, Румынія, Расея, Украіна.

Лацінаамэрыканскія дзяржавы і дзяржавы Карыбскага басэйну: Аргентына, Бразылія, Куба, Эквадор, Гватэмала, Мэксыка, Пэру, Уругвай.

Заходнеэўрапейскія і іншыя дзяржавы: Канада, Фінляндыя, Францыя, Нямеччына, Нідэрлянды, Швайцарыя, Вялікая Брытанія.

Сёньня паводле ратацыі павінны быць пераабраныя: Альжыр, Марока, Паўднёвая Афрыка, Туніс, Бахрэйн, Індыя, Інданэзія, Філіпіны, Чэхія, Польшча, Аргентына, Эквадор, Фінляндыя, Нідэрлянды.

На іх месцы прэтэндуюць: Ангола, Эгіпет, Мадагаскар, Паўднёвая Афрыка, Індыя, Інданэзія, Філіпіны, Катар, Беларусь, Босьнія і Герцагавіна, Славенія, Балівія, Нікарагуа, Данія, Італія, Нідэрлянды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG