Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Кангрэс – гэта задума Лябедзькі з мэтай расправіцца зь Мілінкевічам”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 17 траўня, сераду. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Спадар: “Добрай раніцы, з усіх крыніц масавай інфармацыі, якія апошнім часам фармавалі грамадзкую думку ў Беларусі, хачу выдзеліць Радыё Свабода, незалежныя газэты “Аргументы и Факты” і “Аналітычная газэта”. Іншых ня ведаю. Рэпрэсіі адносна выданьняў, якія гублялі чытачоў, лічу піярам ўлады. Ці зможа ўлада перакрыць рэчышчы і гэтых крыніц, зусім закрыць крыніцы ведаў? Наконт перакрыць рэчышчы – гэта залежыць ад нас, ад таго, наколькі мы разам. А закрыцца можна толькі ў сабе, у сваёй хаце, кватэры, але ня ў іншай хаце ці кватэры, тым больш у пад’езьдзе.

Што значыць голас? Гэта сьпеў! Маўчаць і слухаюць “Свабоду,” Калі б народ яго займеў, Сагрэў душой кавалкі лёду.

Спадар: “Хачу выказаць свае думкі наконт Кангрэсу апазыцыі і сустаршынства. Кангрэс – гэта задума Лябедзькі з мэтай расправіцца зь Мілінкевічам. Сустаршынства – шлях жа расколу апазыцыі, тое, што патрэбна Лукашэнку. Колькі сустарашыняў, столькі і груповак, столькі і клянаў. Спадар Лябедзька, Вы кіраўнік партыі, у Вас ёсьць праграма. Вось і ўзьвялічвайце сваю свабоду на яе падмурку. Лідэрам Вы ніколі ня станеце. Вы палітычны імпатэнт. Гэта даказаў час Вашай палітычнай дзейнасьці. Мілінкевіч – гэта палітык высокага гатунку, інтэлігентны, дыпляматычны, культурны, мае акрэсьленую плятформу, якую лягічна, без заіканьняў абгрунтоўвае. Яму ня трэба грукаць ні дзьвярыма, ні кулаком па стале, як гэтага хочацца некаторым супрацоўнікам Радыё Свабода. Ня царская гэта справа, як казаў Ельцын. Яго зброя – розум палітыка. Рукі прэч ад Мілінкевіча! Я зьвяртаюся да Мілінкевіча і яго прыхільнікаў. Ня ўвязвайцеся ў гэтую брудную справу! Сыдзіце з гэтага балота! Жыве Беларусь!”

Спадар: “Так званы навуковец Міхаіл Мясьніковіч балбатаў пра пабудову атамнай станцыі і аб іншых крыніцах энэргіі. Для пабудовы атамнага эшафота для Беларусаў Расея не шкадуе падараваць мільярды даляраў, лае ні капейкі ня дасьць для таго, каб зьменшыць у тры-чатыры разы затраты энэргіі ва ўсіх галінах беларускай эканомікі. Вось дзе была б сапраўдная энэргетычныя незалежнасьць. І аб гэтым Мясьніковіч ні гу-гу. Замежныя інвэстыцыі ў беларускі калгас не ідуць. Вось і хлусяць нахабна такія Мясьніковічы маладасьведчаным людзям. Прашу агучыць даслоўна. Дзякуй”.

Ларыса, пэнсіянэрка, Менск: “Шмат разважаюць пра тое, што льготы будуць адменены, але не вядома якія, якім катэгорыям насельніцтва. Такое ўражаньне, што ўсё робіцца за закрытымі дзьвярыма, адкуль ідуць гэтыя чуткі. А канкрэтна ні па беларускім тэлебачаньні, ні па дзяржаўным радыё нічога не гаворыцца. Раздаваліся гэтыя ільготы налева і направа, каб падкупіць электарат. Тады, у той час, мы жылі ў “квітнеючай Беларусі,” а чаму зараз трэба іх адмяняць? Не зусім зразумела. Чаму? Што, апусьцела казна? Так раптам усё здарылася. Так як растуць цэны ў крамах ды на базары, казна не павінна быць пустою. Але, калі адменяць ільготы, ніхто не будзе выступаць супраць – праглынуць і пойдуць далей. Так што ўрад можа рабіць, што захоча”.

Спадар: “Свабода,” ня будзем наіўнымі. Уладу беларускі тыран не аддасьць ні пры якіх абставінах, то бок яму адступаць няма куды. У прыродзе дастаткова прыкладаў. Лівійскі Кадафі ўжо 38 год правіць, а Кастра… і гэтак далей. А беларускі Кадафі гэты рэкорд можа перакрыць”.

Віктар Бутто, Менск: “Падобна да таго, што рэжым беззаконнасьці будзе існаваць вечна ў Беларусі для большасьці грамадзянаў, што жывуць у гэтай вельмі дзіўнай дзяржаве. Правасудзьдзе і справядлівасьць не цікавыя журналістам і слухачам Радыё Свабода. Падобнае назіраецца і ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Так было ў Савецкім Саюзе і працягваецца са сьнежня 19991 года ў Рэспубліцы Беларусь. Тое ж будзе працягвацца, калі прыйдуць да ўлады тыя, хто называе сябе апазыцыяй. Для журналістаў і слухачоў Радыё Свабода галоўным было і застаецца беларуская мова, расейскамоўныя ворагі, сьцяг, герб і тое, што адбываецца ў іншых краінах. Зь вялікай павагай”.

Сталы слухач: “Пытаньне: хто любіць Лукашэнку? Ня знойдзеш. І апазыцыя яго ня любіць. Выдатна. Але справа ў тым, што калі яны езьдзяць па замежжы… Вось Мілінкевіч, які і ў Ангельшчыну, і ў Польшчу… Яны крытыкуюць не Лукашэнка, а крытыкуюць нашу рэспубліку, то бок народ. Яны ставяць нашых людзей у няёмкае становішча. І калі нейкія там санкцыі будуць прымацца, то гэта не для Лукашэнкі санкцыі, а для беларускага народа. Вось гэта мы разумеем. Усе гэта разумеюць. Таму падтрымкі ў гэтым пляне апазыцыя ня знойдзе ніколі, таму што яны так сябе паводзяць. Размалёўваюць там усё чорнай фарбай, людзі там за галовы хапаюцца, думаюць, што там такое робіцца? Могуць прыняць эканамічныя санкцыі, іншыя. Гэта ўсё падае на галаву беларускага народа. Толькі дурні могуць такое рабіць. Кажыце там наўпрост, што яны ня згодныя з пазыцыяй Лукашэнкі таму, таму і таму. А яны ж кажуць, што гэта Беларусь няслушна сябе паводзіць. Я ж і па Вашаму радыё слухаю. Толькі балбочуць, што няслушна Беларусь сябе паводзіць як рэспубліка. Так ня трэба, гэта ня слушна. Таму і ня любяць гэтую апазыцыю, на жаль”.

Спадар: “Я хачу ўспомніць ранейшыя часы, недзе 70-ыя гады, калі ля нашай вёскі стаялі могілкі партызанаў, быў абэліск. Кожную вясну туды прыходзілі вучні. Уся школа зьбіралася, ішла праз усю вёску. Для мяне як маленькага вучня гэта была вельмі значная падзея. І вось аднойчы, вечарам зайшоў дахаты, раніцаю ішоў у школу, і на месцы помніка, на месцы могілак, іх было каля 7 штук, нічога не было. Была пустая белая зямля. Недалёка, у кар’еры, дзе бралі пясок, дадалося нешта. Мусіць, туды бульдозэрам усё гэта і скінулі. Я думаю, што гэта вялікае злачынства. Я прапаную людзям,я кія прыходзяць да амбасады Эстоніі заняцца вось гэтай справай, знайсьці злачынцаў, якія зрабілі гэты вандалізм і пакараць іх, калі яны яшчэ жывыя. Дзякуй”.

Яцкевіч Аляксандр Анатольевіч, Віцебск: “Добры дзень, Радыё Свабода! Я вельмі ўдзячны Вам за тое, што паднялі такое добрае пытаньне і за тое, што запрасілі госьця да сябе ў студыю. Скажу, што я сам двойчы выходзіў на КДБ у сваім жыцьці. Не яны на мяне, а я на іх. Мне неяк карэспандэнтка, якую я вельмі паважаю, задала пытаньне, а чаму яны ад цябе адсталі. І я адказаць ня змог адразу. А потым прааналізаваў і знайшоў адказ. Адсталі, пэўна, таму, што я задаваў ім больш пытаньняў, чым яны мне. І скажу вось што. Гэта вялікая школа, якую прайсьці чым раней, тым лепш. Калі б я раней паканатачыў і раней прайшоў гэту школу, я б не наламаў у жыцьці столькі дроваў, колькі наламаў. Не дарма людзі кажуць: прымусь дурня Богу маліцца, ён і лоб разаб’е. Гэта школа вучыць аналізаваць, вучыць заўважаць, вучыць слухаць, вучыць не аступіцца, вучыць не зрабіць крок у няслушным накірунку. Калі ты сам па сабе гад, ты будзеш гадам, калі чалавек, то будзеш чалавекам. Вось і ўсё. Зь любой спэцслужбай можна супрацоўнічаць, і ня трэба яе баяцца, калі гэта ідзе на карысьць дзяржаве, на карысьць людзям. Дзякуй вялікі”.

Спадар: “КДБ, спэцслужбы пачаліся з Каменнага веку і будуць яны існаваць да таго часу, пакуль камунізм не пабудуем на ўсёй зямлі. Мы ніколі не пабудуем камунізм”.

Спадар: “...Вы ўсё гатовыя паставіць з ног на галаву, але я ўсё ж выкажуся. Апошнім часам Ваша радыёстанцыя раздувае пытаньне пра перагляд выдачы ільготаў у Беларусі. Вашы карэспандэнты ходзяць па вуліцах, апытваюць людзей, пужаюць студэнтаў, пэнсіянэраў, што яны будуць пазбаўленыя ільгот і гэтак далей. Навошта падманваць людзей? Каму будуць ільготы скасованы? Тым, у каго трохпавярховыя маёнткі, па некалькі машынаў, асабістыя крамы, прадпрыемствы. У людзей зь мільённымі заробкамі, у судзьдзяў, пракурораў, генэралаў, міліцыі і гэтак далей. Вось каму будуць перагледжаныя ільготы. А навошта пужаць таго студэнта, пэнсіянэра. Іх ніхто ільготаў не пазбавіць. Так што трэба людзей слушна інфармаваць. А ня так раздуваць мыльныя пухіры зь нічога”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG