Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Казуліна праверыць праўдзівасьць адміністрацыі калёніі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня пасьля болей як трохмесячнага перапынку сваякі Аляксандра Казуліна сустрэнуцца зь ім ў віцебскай калёніі. Найбольш іх турбуе стан здароўя Казуліна, а таксама ягоныя адносіны з адміністрацыяй калёніі, якая апошнім часам паведамляе пра палітвязьня аптымістычныя зьвесткі.

Ірына Казуліна кажа, што амаль за чатыры месяцы, якія яны не бачыліся, назьбіралася шмат пытаньняў, высьветліць якія можна толькі пры сустрэчы. Аднак сустрэча будзе кароткай – ўсяго тры гадзіны для размовы праз шкло. Галоўнае пытаньне – як самаадчуваньне?

“Днямі атрымала ад яго ліст, які мяне вельмі засмуціў. Раней мы ў яго пыталіся, што прывезьці ў харчовай перадачы. І вось ён адказаў, што нічога не трэба, бо амаль нічога ня есьць. Гэта дзіўна. Раней ён пералічаў, што яму трэба і тое, і тое, а зараз нічым не цікавіцца. Гэта мяне вельмі турбуе. Вязу яму вітаміны, спадзяюся іх перадаць, а таксама сухі пратэін, каб дабаўляць у ежу. Гэта ўсё паводле парадаў дактароў”.

14-га траўня ў мэдыях са спасылкай на адміністрацыю калёніі зьявіліся зьвесткі, што Аляксандр Казулін нібыта адчувае сябе добра, ужо працуе, у вольны час гуляе ў футбол, парушэньняў дысцыпліны ня мае. З гэтых зьвестак сваякам ў калёніі пацьвердзілі толькі, што Казулін з 14-га траўня пачаў працаваць, але на якой працы – не ўдакладнілі. Астатнія зьвесткі Ірына з дочкамі зьбіраецца праверыць непасрэдна падчас спатканьня з Аляксандрам Казуліным.

“Заўсёды сумняваюся, пакуль ня ўбачу сваімі вачамі і не пачую сваімі вушамі. Памятаеце, калі Казуліна толькі перавялі ў гэтую калёнію, ў інтэрнэце зьявіўся рэпартаж, такі яскравы, быццам з піянэрскага лягеру. Быццам было такое шчасьце, што Казулін туды патрапіў”.

У адным з апошніх лістоў дамоў Аляксандр Казулін напісаў, што адносіны да яго з боку адміністрацыі калёніі сталі больш жорсткія. Нібыта яго абмежавалі ў прагулках, ствараюць перашкоды людзям, зь якімі ён кантактуе. Ірына Казуліна гэтыя зьвесткі таксама зьбіраецца праверыць падчас спатканьня.

Дзяжурны віцебскай калёніі, да якога ўдалося датэлефанавацца, падрабязнасьці пра вязьня Аляксандра Казуліна паведаміць адмовіўся.

Тым часам судзьдзя Цэнтральнага райсуду Валер Есьман адмовіў Казуліну ў разглядзе яго скаргі на пракуратуру Менску. Раней палітык заклікаў пракурораў завесьці справу на Аляксандра Лукашэнку паводле ягоных прызнаньняў, што вынікі выбараў 2006-га года былі сфальшаваныя, але пракуроры адмовіліся. Скарга на пракуратуру ў суд таксама выніку не дала, паведаміў грамадзкі абаронца Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч.

“Судзьдзя Есьман лічыць, што каб абскардзіць дзеяньні пракуратуры трэба зьвяртацца ў тую ж пракуратуру”.

Аляксандр Казулін знаходзіцца ў зьняволеньні з 25 сакавіка 2006 году. Палітык мяркуе, што яго перасьледуюць паводле палітычных прычын. Шэраг праваабарончых арганізацый ў сьвеце распачалі кампанію па вылучэньні Аляксандра Казуліна на ганаровае званьне “Чалавека году” сярод палітвязьняў.
.

Гл. таксама

• "Казулін гуляе ў калёніі ў футбол". Сям''я пра гэта ня ведае

• І.Казуліна сустрэлася з намесьнікам памочніка дзяржсакратара ЗША Крэймэрам

• Палітыкі й праваабаронцы патрабуюць перагледзець справу Казуліна
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG