Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці патрапіць Беларусь у Раду ААН па правах чалавека?


Юры Дракахруст, Прага Заўтра ў Генэральнай асамблеі ААН адбудзецца галасаваньне па кандыдатурах у Раду ААН у пытаньні правоў чалавека. Адзін з кандыдатаў – Беларусь. У самы апошні момант, каб скласьці канкурэнцыю Беларусі, сваю кандыдатуру вылучыла Босьнія. Заходнія ўрады і праваабарончыя арганізацыі выступаюць рэзка супраць сяброўства Беларусі ў Радзе ААН у пытаньні правоў чалавека.

Да ўчорашняга дня Беларусь разам са Славеніяй прэтэндавала на два вольныя месцы ад усходнеэўрапейскай рэгіянальнай групы. Усяго заўтра будуць пераабірацца 14 краінаў з 47, якія ўваходзяць у Раду. У большасьці рэгіянальных групаў выбары безальтэрнатыўныя, такімі яны былі і ва ўсходнеэўрапейскай групе да ўчорашняга дня. Аднак менавіта ўчора сваю кандыдатуру вылучыла Босьнія.

Паводле ацэнкі старшыні сэсіі Генэральнай асамблеі ААН Хаі Рашэд Аль Халіфы, правы чалавека ў Босьніі маюць глыбокі падмурак у яе шматкультурным і шматэтнічным грамадзтве. Паводле клясыфікацыі праваабарончай арганізацыі "Freedom House", Боснія належыць да часткова свабодных краінаў, тым часам як Беларусь – да несвабодных. Ацэнкі стану правоў чалавека і грамадзянскіх свабодаў у Босніі, паводле "Freedom House", удвая вышэйшыя, чым у Беларусі. На думку многіх назіральнікаў, Босьнія ўступіла ў барацьбу, каб прадухіліць абраньне Беларусі.

Урмі Шах: “Беларусь мае жахлівыя паказьнікі што да выкананьня правоў чалавека, яна адмаўляецца супрацоўнічаць з ААН у гэтым пытаньні”.
Басьнійскі міністар правоў чалавека Сафэт Халілавіч мяркуе, што Босьнія мае перавагу перад іншымі кандыдатамі:

“Босьнія – краіна, якая перажыла жахлівыя парушэньні правоў чалавека, перажыла агрэсію, і цяпер гэта пераходнае грамадзтва зь вялікім досьведам захаваньня правоў чалавека, правоў уцекачоў, правоў меншасьцяў. З гэтай прычыны было б вельмі разумна, калі б Босьнія была прадстаўленая ў Радзе ААН у пытаньні правоў чалавека”.

Урмі Шах, прадстаўніца праваабарончай арганізацыі "Human Rights Watch", падкрэсьлівае пэўную абсурднасьць вылучэньня кандыдатуры Беларусі ў той орган, зь якім Менск рашуча адмаўляецца супрацоўнічаць:

“Беларусь мае жахлівыя паказьнікі што да выкананьня правоў чалавека, яна адмаўляецца супрацоўнічаць з ААН у гэтым пытаньні. Пра гэта ў студзені сёлета заявіў адмысловы дакладчык ААН у правах чалавека ў Беларусі Адрыян Сэвэрын. Гэтая ацэнка пацьвярджаецца і іншымі рэгіянальнымі арганізацыямі, такімі як АБСЭ, Рада Эўропы і Эўракамісія.

Галоўная мэта новай Рады ААН і яе новых сяброў – гэта датрыманьне самых высокіх стандартаў выкананьня правоў чалавека і поўнае супрацоўніцтва з самой Радай. Беларусь не адпавядае гэтым умовам на працягу доўгага часу. І хоць яна заяўляе, што будзе супрацоўнічаць, да цяперашняга часу гэта ня мела месца”.

Пераўтварэньне Камісіі ААН у пытаньнях правоў чалавека ў Раду, якое адбылося летась, матывавалася недастатковай увагай камісіі да стану свабоды ў краінах разьвіцьця. Хоць у склад Рады ўваходзяць такія краіны, як Кітай, Расея, Куба, Марока, Азэрбайджан, на думку многіх, абраньне туды яшчэ й Беларусі, якую называюць “апошняй дыктатурай Эўропы”, было б падзеяй скандальнай.

Супраць абраньня Беларусі выступілі беларускія праваабарончыя арганізацыі і апазыцыйныя палітыкі, прынамсі 40 праваабарончых арганізацыяў сьвету, камісія ў пытаньнях правоў чалавека нямецкага бундэстагу, камісія прававых пытаньняў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл.

Са свайго боку сталы прадстаўнік Беларусі пры ААН у Жэнэве Сяргей Алейнік заклікаў Раду ААН “адысьці ад палітыкі канфрантацыі і засяродзіць свае намаганьні на канструктыўным узаемадзеяньні. “Мы маем унікальны шанец па-новаму паглядзець на рэчы, пабудаваць новую ўнівэрсальную сыстэму ацэнкі з правамі чалавека”, – заявіў Сяргей Алейнік.

За кандыдатуры ў Раду ў пытаньнях правоў чалавека галасуе поўны склад Генэральнай асамблеі, дэмакратычныя краіны складаюць у ім далёка ня большасьць. Таму вынікі галасаваньня непрадказальныя.

На 14 месцаў прэтэндуюць Ангола, Беларусь, Балівія, Босьнія, Данія, Эгіпет, Індыя, Інданэзія, Італія, Катар, Мадагаскар, Нідэрлянды, Нікарагуа, Славенія, Філіпіны і Паўдзённа-Афрыканская Рэспубліка. Месцы разьмяркоўваюцца на падставе квотаў для кожнага рэгіёну. Усходнюю Эўропу, па квоце якой можа прайсьці Беларусь, у Радзе ААН у пытаньні правоў чалавека ўжо прадстаўляюць Польшча, Чэхія, Румынія, Вугоршчына, Расея і Ўкраіна.


• "Human Rights Watch" – супраць кандыдатуры Беларусі, 16.05.2007 • Босьнія складзе канкурэнцыю Беларусі, 16.05.2007 • Аляксандар Мілінкевіч зьвярнуўся да дзяржаваў – сяброў ААН, 15.05.2007 • Камітэт ПАРЭ: Беларусі ня месца ў Радзе ААН у пытаньнях правоў чалавека, 14.05.2007 • Праваабаронцы крытыкуюць працэдуру галасаваньня ў ААН, 14.05.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG