Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 15 траўня


Зьміцер Падбярэскі, Менск Агляд беларускага сеціва

Адна з найбольш гарачых тэмаў на форумах парталуtut.by — чарговая забарона канцэрту “Крамы”. Дырэкцыя клюбу NIGHT STAR вымушаная была адмовіць гурту ў памяшканьні пасля тэлефанаваньня з «вышэйшай інстанцыі».

Bunker робіць уласныя высновы: “Чаго зьдзіўляцца: у камуністычным саўку тое ж самае зь ідэалёгіяй было. Камуністычны складнік адыйшоў, але базавы савок застаўся».

paganec_Algerd упэўнены: “Ну і што гэтым дамагліся? Яшчэ раз паказалі сваю кіраўнічую непаўнавартасьць, кінулі камень у свой агарод. Творчасьць гурта не спыніць, яшчэ папулярней стане, а агіда на ўладу узрасьце. Чарговы выпад супраць беларускае культуры».

Klin_FC: “Варашкевіча шкада, чалавек усё жыцьцё музыкай займаецца, а яго зь дзярмом мяшаюць, як заштатнага гарманіста з ансамблю самадзейнасьці. І гэта пры тым, што прафэсіяналаў такога ўзроўню ў нас няшмат. Вось зараз уключу "Неба — лёс арла", каб яшчэ раз пераканацца, што маю рацыю».

Сайт “Народныя навіны Віцебску” Сяржук Серабро паведамляе: «На месцы, дзе калісьці быў Свята-Мікалаеўскі сабор, а раней касьцёл Сьвятога Язэпа і езуіцкі кляштар, сёньня ў 14:00 аднавілі земляныя работы. Экскаватар зноў працуе над катлаванам, памеры якога сягаюць блізу 7 мэтраў даўжыні і 5 мэтраў шырыні і глыбіні. За паўгадзіны да таго аб’ект па ўсталяваньні каналізацыйнага калодзежу ў цэнтры гораду зноў наведаў старшыня гарвыканкаму Пётр Драздоў. На жаль, “Народныя навіны Віцебска” не змаглі даведацца, ці прадпрымаў кіраўнік віцебскай адміністрацыі якія-небудзь захады, каб выратаваць ад зьнішчэньня гістарычную спадчыну даручанага яму гораду».

Тэму руйнаваньня помнікаў архітэктуры закранае і блог гарадзенскіх навінаў: «Улады Горадні, відаць, зусім не зьбіраюцца адступаць ад свойго пляну рэканструкцыі Старога маста і зносу часткі будынкаў Старога гораду. Пасьля некаторага зацішша... назіраецца пэўная актывізацыя ўладаў. Перапынак быў узяты для таго, каб з новай сілай увязацца ў барацьбу, цяпер ужо інфармацыйную, прыбягаючы пры гэтым да ўсіх сваіх рэсурсаў і рычагоў: Гарадзенскага тэлебачаньня, абласных газэт і падвязак уверсе».

Cайт гомельскага цэнтру грамадзкай актыўнасьці “Гарт”адзначае такі вось цікавы факт: «У Гомлі няма блянкаў анкет на беларускай мове для запісу на цэнтралізаванае тэставаньне. У гэтым пераконваюцца беларускамоўныя навучэнцы, калі спрабуюць запаўняць уступныя дакумэнты на роднай мове».

Пачаў працаваць партал аб стрыптызе ў Беларусі. Кошты ў разьдзеле «Райдэр»: «Менск: 1 нумар — $40, 2 нумары — $50, 3 нумары — $75. Іншыя гарады, пры ўмове нязначнай адлегласьці ад Менску: 2 нумары — $60, 3 нумары — ад $90 да $200».

Сябра суполкі Жывога журналу minsk_by прапанавала сёньня на абмеркаваньне праграмную сетку ўяўнага тэлеканалу для беларускіх пэнсіянэраў, у якой, сярод іншых, маюцца такія праграмы: «Бляндынка ў шакаладзе» зь Лідзіяй Ярмошынай; серыя рэклям “Nestle” «Нежнее, ещё нежнее» з Паўлічэнка, Падабедам, Сіваковым; юрыдычная кансультацыя «Як правільна скласьці тэстамэнт на карысьць дзяржавы»; рэаліты-шоў «Зоркі ў кароўніку»; падарожжа вакол сьвету каманды Кухто на грошы пакупнікоў лятарэйных квіткоў; «Добрай ночы, пэнсіянэры!» з Юрыем Азаронкам і Анфісай Чэхавай; шоў «Апошні герой» (16 сыноў і дачок дэпутатаў, міністраў, супрацоўнікаў адміністрацыі едуць па разьмеркаваньні ў Хойнікі); арыгінальны праэкт «Чугунны грамафон»; сьпэцыяльная прэмія для прадстаўнікоў 75% музычнага фармату «0, 75». Спонсар узнагароджваньня: айчынны віна-гарэлачны завод «Натхненьне»; смс-галасаваньне «Выбары-2011»; да ўвагі тэлепраграмы «Канстытуцыя». Сачыце за праграмай. Магчымыя зьмены».

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG