Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія ўлады рыхтуюць адказ арганізатарам Кангрэсу дэмсілаў


Алесь Дашчынскі, Менск Аргкамітэт Кангрэсу дэмсілаў пакуль не атрымаў дазволу з адміністрацыі прэзыдэнта й Менскага гарвыканкаму на правядзеньне форуму ў сталіцы Беларусі. Паводле чыноўнікаў Менгарвыканкаму, пытаньне яшчэ разглядаецца.

Палац культуры аўтазаводу адмовіў у арэндзе залы

Арганізатары прасілі ва ўладаў дазволу правесьці кангрэс у Менску ў адным з трох памяшканьняў — Палацы рэспублікі, Палацы культуры аўтазаводу альбо ў канцэртнай залі “Менск”. Яны папярэдзілі, што будуць чакаць адказу да 16 траўня — калі ня будзе выніку, кангрэс пройдзе за межамі Беларусі.

Пакуль ліст атрыманы толькі ад Палацу культуры аўтазаводу — на гэтыя дні заля занятая іншымі мерапрыемствамі.

Палац культуры аўтазаводу адмовіў, бо на гэтыя дні заля нібыта занятая іншымі мерапрыемствамі. Такая ж сытуацыя ў Палацы рэспублікі і ў канцэртнай залі “Менск”. Намесьніца дырэктара залі “Менск” Валянціна Чорная сказала:

“25 красавіка ўжо зацьверджаны дырэктарам плян на травень. У суботу, 26-га, у нас справаздачны канцэрт клюбу сучаснага танцу. Тут ніякіх падкопаў. Трэба загадзя прадумваць усе даты. 27-га ў нас справаздачны канцэрт студыі сучаснай харэаграфіі”.

Старшыня аргкамітэту Аляксандар Бухвостаў сказаў, што адказу ад уладаў пакуль няма:

“Ну, кажуць, накіравалі нам. З памяшканьнем пакуль няясна. Пакуль нічога. Хаця мы спадзяемся, што будзе ясна найбліжэйшым часам. Я думаю, заўтра-пасьлязаўтра будзе вядома”.

Менгарвыканкам: "Час яшчэ ёсьць"

Паводле начальніка ідэалягічнай управы Менгарвыканкаму Генадзя Курбекі, пытаньне яшчэ разглядаецца:

“У нас яшчэ ёсьць час. Усё ляжыць на разглядзе. Калі выйдзе са сьценаў Менгарвыканкаму ліст, тады вы даведаецеся наша меркаваньне”.

Старшыня ПКБ Сяргей Калякін упэўнены, што кангрэс будзе ў Менску:

“Я думаю, так будзе. Думаю, што мы дамовімся з уладамі. Улады таксама не зусім дурныя, каб нас вытурваць за межы рэспублікі. Таму яны дадуць нам правесьці ў рэспубліцы”.

Пяцёрка сустаршыняў Палітрады можа стаць чацьвёркай

Рэгіянальныя канфэрэнцыі зацьвердзілі пытаньні парадку дня кангрэсу. Кіраваць дэмсіламі будзе калектыў лідэраў — Аляксандар Мілінкевіч, Сяргей Калякін, Вінцук Вячорка, Аляксандар Казулін (замест яго Анатоль Ляўковіч) і Анатоль Лябедзька.

Аднак гэтая пяцёрка можа стаць чацьвёркай. Актывіст руху “За свабоду” Віктар Карняенка пацьвердзіў ранейшую пазыцыю Аляксандра Мілінкевіча:

“Мілінкевіч ня будзе ўдзельнічаць як сустаршыня палітычнай рады. Гэта яго рашэньне, ён яго заяўляў. Мы яго агучвалі на ўсіх сходах, якія адбываліся, і пазыцыя захоўваецца. Кожны дзень зьяўляюцца новыя зьвесткі аб парушэньнях пры правядзеньні рэгіянальных сходаў. Але мы прызнаем вынікі й не выходзім з палітычнага працэсу”.

Прыхільнікі спадара Мілінкевіча мяркуюць стварыць сваю фракцыю на кангрэсе, накіраваць свайго прадстаўніка ў палітраду і ў яе прэзыдыюм.

У БСДП свой клопат

Паводле выканаўцы абавязкаў старшыні БСДП Анатоля Ляўковіча, цяпер у яго партыі можа ўзьнікнуць праблема — як трапіць у прэзыдыюм Палітрады:

“Каб у прэзыдыюм ад партыі трапіў чалавек, трэба прыкладна 90 дэлегатаў. Гэта праблема зьвязаная з тым, што на гэтым кангрэсе ў нас няма дэлегатаў зь мінулага кангрэсу, паколькі мы там ня ўдзельнічалі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG