Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захопнікі беларускай грамадзянкі ў Нігерыі не выходзяць на сувязь


Ігар Карней, Менск Дзесяць дзён трымаюць у закладніцах грамадзянку Беларусі баевікі экстрэмісцкай групоўкі “Рух за вызваленьне дэльты Нігеру”.

48-гадовая Ірына Экпа-Ума ад канца 1980-х жыве ў Нігерыі, працуе ў міжнароднай карпарацыі “Whassan Eurest Nigeria Ltd”. Невядомыя скралі яе 5 траўня. Пазьней зламысьнікі запатрабавалі выкуп — 1 мільён 200 тысяч даляраў. Пакуль перамовы кіраўніцтва кампаніі й прадстаўнікоў расейскай амбасады з баевікамі плёну не далі. Апошнія дні выкрадальнікі ўвогуле не выходзяць на сувязь.

Заўтра заканчваецца тэрмін ультыматуму, вылучанага выкрадальнікамі Ірыны Экпа-Ума

“Сувязным” паміж Беларусьсю і Нігерыяй — мянчук Алег Гівоін, родны брат Ірыны Экпа-Ума. Некалькі разоў на яго выходзілі прадстаўнікі карпарацыі “Whassan Eurest Nigeria Ltd”, нават прапаноўвалі прыехаць у Порт-Харкорт, дзе скралі Ірыну Экпа-Уму. Запытваю: якія навіны з Афрыкі?

“Ніякіх. Няма пра што папросту і сказаць. Усё, што маю, дык гэта з інфармацыйных крыніцаў, ад вас, і ўсё. А адтуль — ніякіх тэлефанаваньняў, нічога. Ад 10 траўня ўвогуле спынілі выходзіць на сувязь нават з кампаніяй”, — кажа брат скрадзенай беларускі.

У МЗС Беларусі фактычна паўтарылі словы спадара Гівоіна.

Як паведамляюць некаторыя афрыканскія СМІ, заўтра заканчваецца тэрмін ультыматуму, вылучанага выкрадальнікамі.

Захопнікі не адрэагавалі на прапанову брата Ірыны Экпа-Ума

Некалькі дзён таму Алег Гівоін праз прадстаўнікоў кампаніі “Whassan Eurest Nigeria Ltd” прапанаваў своеасаблівы бартэр — сябе замест сястры. Як кажа спадар Гівоін, у Ірыны чацьвёра дзяцей, якіх ёй трэба ставіць на ногі. Але ніякага адказу на гэтую прапанову таксама няма.

Ніякіх навінаў адносна лёсу грамадзянкі Беларусі няма і ў амбасадзе Расеі ў Лягасе. Пры канцы мінулага тыдня расейскія дыпляматы выяжджалі ў Порт-Харкорт, дзе сустрэліся з кіраўнікамі штату Рывэрз і кампаніі “Whassan Eurest Nigeria”, а таксама прадстаўнікамі мясцовых праваахоўных органаў.

Апроч таго, адбылася тэлефонная размова дарадцы амбасады Расеі Віктара Ганчарова зь міністрам унутраных справаў Нігерыі, які запэўніў: беларуска будзе вызваленая цягам бліжэйшых дзён. Але вось ужо колькі дзён ніякіх навінаў з Порт-Харкосту няма.

Удзельнікі перамоваў маюць аднабаковую сувязь з выкрадальнікамі, якія самі выходзяць на кантакт з прадстаўнікамі кампаніі, дзе працуе Ірына Экпа-Ума.

За 2006 год у Нігерыі з мэтай выкупу было захоплена больш сотні замежнікаў

Паводле эканаміста Станіслава Гусака, які больш за тры гады адпрацаваў у Нігерыі, крымінальная вайна за падзел сфэры ўплыву там перамяжоўваецца з палітычнымі патрабаваньнямі:

“З маіх успамінаў, калі я быў у Нігерыі, павінен вам сказаць: гэта той рэгіён, у якім шмат нафты. Дарэчы, менавіта ў тым рэгіёне вырастае і ўсё астатняе — бульба, пшаніца ды іншае. Таму гэты рэгіён увесь час нацэлены на тое, каб ад Нігерыі адлучыцца. Там вельмі моцныя сэпаратныя думкі і ідэі. Нават вайна была пры канцы 1960-х сэпаратнай часткі Нігерыі і асноўнай”.

Узброеная барацьба за падзел прыбыткаў ад нафтаздабычы ў дэльце ракі Нігер апошнім часам актывізавалася. За 2006 год з мэтай выкупу было захоплена больш сотні замежнікаў. Усьлед за Ірынай Экпа-Ума баевікі скралі чатырох амэрыканцаў — а з пачатку 2007 году ўзятыя ў закладнікі каля паўсотні іншаземцаў. У 2004-м у Лягасе пад “хатнім арыштам” месяц утрымліваўся экіпаж самалёта прадпрыемства “Гомельавія”: беларусы сталі ахвярамі фінансавых спрэчак паміж фрахтавальнікам самалёту і гарадзкімі ўладамі.

Гл.таксама: У скрадзеную ў Нігерыі беларуску маглі страляць?
XS
SM
MD
LG