Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ветрына: “У нас высокае, даступнае сямі вятрам месца — а ў заняпадзе”


Віталь Сямашка, Ветрына, Полацкі раён Новая перадача сэрыі "Палітычная геаграфія".

Кажуць, калі гэтыя месцы праяжджала расейская імпэратрыца Кацярына ІІ, зь яе ветрам сарвала капялюшык.

Калі пяць гадоў таму сюды, пасьля трыццаці гадоў плаваньня на рыбалоўным траўлеры — ад вострава Дыксан да Антарктыды — вярнуўся Валеры Палюдаў, ад убачанага на малой радзіме яму сарвала дах.

Яму шэсьцьдзесят два. Мы гутарым, ідучы разам па цэнтральнай і адзінай, калі не лічыць завулкаў, вуліцы амаль трохтысячнага пасёлку на Полаччыне.



Карэспандэнт: “Вы паглядзіце, якія хаты ў цэнтры гарпасёлку — перакошаныя, фасады ўніз уціснутыя, у вокнах шкла няма”.

Палюдаў: “Гэта ненармальна. А яшчэ больш ненармальны вайсковы гарадок на гары. Казармы развалілі так, як немцы ў вайну не маглі. Калі частку вывелі, павесілі будынак на пасялковы савет. А грошай на дагляд не выдзяляюць.

Цэгла патрэбная — ідуць усе туды, давай “бамбіць” — дзіркі трэба затыкаць у гаспадарцы. Крамы ў нас зачыненыя. Унівэрмаг быў двухпавярховы, “Дзіцячы мір” — усё крыжамі забілі. Вось яшчэ падцягваюцца з навакольных вёсак — там хаты сьпіхваюць, тут купляюць і жывуць”.

Спадар Валеры карэнны ветрынавец, ведае радавод да трэцяга калена. Пра прычыны вяртаньня з Расеі сказаў каротка:

Палюдаў: “На радзіму, канечне, цягне, дзе пупавіна зарытая”.

За пэнсійнымі грашыма, аднак, раз на два месяцы выпраўляецца ў Расею — вымушаны.

Палюдаў: “Мне ў нас на пошце сказалі, што за перавод будзе 30% здымацца. Трэба было ў падатковай справаздачу трымаць — цяганіна... У нас гарпасёлак — плошча, тэлефон, бальніца, пошта. А як там, дзе глухамань? Ня ясна”.

Там, дзе “ня ясна”, я пабываў. За тры кілямэтры ад Ветрына сышоў з аўтобуса, убачыўшы адзінокую старэнькую хаціну. Збочваю з бальшака. Сенцы зачыненыя. Тым ня менш, унутры рухаецца нейкая постаць. Адкрываецца вузенькае, нібы шчыліна, акенца, празь якое і адбываецца нашая размова са спадарыняй Ганнай Марцэвіч.

Карэспандэнт: “А былі бандыты?”

Марцэвіч: “Там, дзе ніхто не жыве, улазяць і забіраюць памідоры, гуркі. Баюся адчыняць абы-каму… Тэлефона няма. Трымала яшчэ ў мінулым годзе парася, але мех мукі дзесяць тысяч, вотруб’е — пяць. Дарагавата, праўда? Цяпер пяць курэй усяго, прападаюць. Каля дарогі крадуць — ліса, мабыць…”

Гаспадыня, між іншым, увесь час у зімовай вопратцы.

Марцэвіч: “Хатка — сто гадоў, як будавалі. А дровы — абрэзкі купляем, у лесе падбіраем, дзе нягоднае. Зімою холадна…”

Даведаўшыся, адкуль прыехаў чужынец, цётка Ганна раптам дзівіць мяне тым, што патрабуе паказаць пасьведчаньне. І… кажа, што чула мяне па Радыё Свабода. Аказваецца, хвалі “Свабоды” — ці не адзіная для яе сувязь са зьнешнім сьветам праз старэнькі “ВЭФ”.

Ізноў гутарым са спадаром Палюдавым.

Палюдаў: “Коштам старых штосьці трымаецца. Школьнікі адсюль усе імкнуцца зьехаць. Моладзі няма куды падзецца — школа і дыскатэка ў школе. А працы няма. У калгасе заробкі — ніхто ня хваліцца. А калі й маецца праца, дык занятая. Трымаюцца людзі, каб хоць штосьці атрымліваць. Там Лукашэнка гаварыў, каб “зьвяртаць увагу”.

Карэспандэнт: “Дык вы ўсё яшчэ верыце Лукашэнку?”

Палюдаў, сьмяецца: “Трэба слухаць і прэзыдэнта, а верыць цяпер нікому нельга — ані Пуціну, ані вашаму”.

Валеры Мікалаевіч мусіць падтрымліваць адзінокую 60-гадовую сястру — інваліда другой групы з цукроўкай. Быў час, у яе адняліся ногі. Выратавалі кропельніцамі ў бальніцы. Цяпер, кажа, чыкільгікае сама. Мы на ейным падворку.

Палюдава: “Бульбу будзем у траўні садзіць, гуркі ў парнікі. Сем сотак гародчык — мамка памерла, мне хапае. Брат мне дапамагае прадуктамі”.

Карэспандэнт: “Дзяржава клапаціцца пра вас альбо плюнула-кінула?”

Палюдава: “Не, мы ня просім. Суседка ваду дапамагала насіць. А ў мяне Качка вырастае, чатыры кіскі ў яе — і рыжанькія, і чорненькія. Мышэй палавіла ў хаце і гародзе — радасьць! Ня котка, а Качка — Каця па-ветрынаўску!”

Такія вось старэчыя ветрынаўскія ўцехі. Галіна Мікалаеўна нават падпрацоўвае ў школе тэхнічкай. У сярэдняй школе паўтысячы вучняў. Палова — з навакольных вёсак. Я пазнаёміўся зь сямнаццацігадовым Славам Сьцяпанавым ды 16-гадовымі Славам Саньком ды Міхасём Тумоўскім. Пытаюся, ці жадалі б у Ветрына застацца.



Хлопцы: “Не, наўрад хацелася б застацца. Тут усё ведаеш, прыелася... Іржавая вада... А дзе працаваць — у школе, на “елачках”... Няма як вышэйшую адукацыю атрымаць — трыццаць кілямэтраў ад Полацку”.

Карэспандэнт: “А кім хацелі б стаць?”

Хлопцы: “Юрыстам... Інжынэрам-будаўніком — пакуль ня знайду рады сваім сілам у Ветрына... Я б хацеў працаваць у міліцыі, у МЧС выратавальнікам. Тут таксама служыць не выпадае, а вучыцца хацеў бы ў горадзе”.

Перапыню запіс. У гэтым месцы будучы міліцыянт штурхнуў сваіх сяброў у бок і, падміргнуўшы, раптам пачаў гаварыць, як па пісанаму. Сябры, забягаючы наперад, яго не падтрымалі. Але вось як усё было.

Карэспандэнт: “А такое паняцьце, як улада, ці адчулі — у якой краіне мы жывем?”

Тумоўскі: “Мне падабаецца прэзыдэнт, ён добры, Беларусь квітнее”.

Карэспандэнт: “Колькі твой бацька зарабляе?”

Тумоўскі: “Няма бацькі ў мяне”.

Хлопцы: “На сабе карнага меча не адчулі, але баяцца людзі.У нашай краіне неабмежаваная ўлада Лукашэнкі, і гэта прыгнятае... Пакуль на сабе не адчуў, але ведаеш, што ня з самага лепшага боку ацэньваюць нашага прэзыдэнта”.

Іду на сустрэчу з чалавекам, на якім трымаецца ветрынаўскі сьвет. Так пра яго ня толькі гавораць. Калі што якое, ідуць не ў пассавет, дзе, кажуць, “адны адгаворкі”, а да 70-гадовага спадара Віктара Карасёва, нефармальнага праваабаронцы, краязнаўцы, настаўніка гісторыі.

Ён лічыцца юрыдычна падкаваным, да таго ж ніколі не адмаўляецца скласьці ліст у вышэйшыя інстанцыі. Між іншым, Віктар Раманавіч — аўтар афіцыйна зарэгістраванага ў Дзяржрэестры гербу Ветрына — вятрак на сямі вятрах. Прыдуманы ж быў да 500-годзьдзя мястэчка тры гады таму. Суразмоўца робіць кароткі гістарычны экскурс.

Карасёў: “У ВКЛ з Полацкага княства ў Літву ехалі ганцы.Тут падводы мянялі. У дакумэнце 1552 году гаворыцца, што гэта “высокае, даступнае вятрам месца”. З 1924 да 1960 году быў раённы цэнтар. Грымела жыцьцё — была дрэваапрацоўка, дываны рабілі. Вайсковыя часткі абслугі шмат патрабавалі. Бальніца раённая, лясьніцтва, саўгасы, калгасы — усё гэта займала людзей”.

Спадар Віктар ведае, пра што гаворыць. Сам маёр у адстаўцы, 27 гадоў праслужыў тут жа ў ракетнай частцы стратэгічнага прызначэньня. А яшчэ ў пасёлку ў савецкі час стаялі танкавы полк ды аўтамабільны батальён, якія пасьля распаду СССР сышлі ў Расею.

Ветрына ж, як і іншыя вайсковыя гарадкі, чакаў незайздросны лёс. Беспрацоўе, дый землі вакол няўдобіцы. Сярэднія заробкі — ад 150 да 300 тысяч.

Кажа спадар Карасёў:

Карасёў: “У нас ЖКГ, Ветрынскае лясьніцтва, бальніца, экспэрымэнтальная база “Ветрынская” даюць працоўныя месцы. Прыватнікі тут небагатыя — грошай у людзей няма. Маецца заняпад”.

Я, дарэчы, зайшоў дарогай у адзіную тут прыватную краму. Дырэктарка Тацяна Бек канкурэнтаў не баіцца — на што і калі будзе попыт, даўно вядома.

Бек: “У нас пачынаецца сэзон, калі дачнікі. Узімку адсыпаемся. Таваразварот летні ўдвая больш”.

Карэспандэнт: “У вас найвялікшым попытам што карыстаецца?”

Бек: “Мясная прадукцыя й піва. Летам пойдзе цукар на варэньні — яблыкі, ягады”.

Віктар Раманавіч са скрухай ківае — праблемаў вышэй за галаву. І — пакуль невырашальных. І працягваюць выпадаць ужо пасьля трыццаці ў ветрынаўцаў зубы.

Карасёў: “Галоўнае — каб прыбіраць жалеза з вады, змайстраваць устаноўкі. І з-за вялікагрузнага транспарту вялікая загазаванасьць. Возера зарасло. Зьвярталіся да дэпутатаў — “разглядаецца”. Абяцаюць, абяцаюць”.

Карэспандэнт: “Ветрына — вёска, што памірае?”

Карасёў: “Трошкі стабілізавалася. Цяпер робяцца аўкцыёны, каб дамы гэтыя перадаць, вытворчасьць наладзіць”.

Гаспадар паказвае ціхае, утульнае азярцо за некалькі дзясяткаў мэтраў ад сваёй хаты і вядзе да суседкі — 68-гадовай Маі Мікалаеўны Яфрэмавай. Трэці год, як яна занялася арганізацыяй агратурызму. За гэты час тут адпачыла за тры сотні турыстаў. Сядзім у гасьцёўні са зьвярынымі скурамі на сьценах і ля вялікага каміну.



Карэспандэнт: “Чым можаце рэклямаваць сябе?”

Яфрэмава: “Толькі прыродай! Цішыня... Далёка ад дарогі, машын не чуваць. У хаце ванная, прыбіральня, на беразе возера — глыбіня шэсьць мэтраў. Адначасова магу прыняць да дваццаці турыстаў. Цана боская — 5 тысяч на дзень. Яны самі прыяжджаюць з шашлыкамі замарынаванымі — у асноўным моладзь на пікнікі. Тут дровы, вогнішча, столікі”.

Я гартаю кнігі Карасёва. Віктар Раманавіч — аўтар краязнаўчага выданьня “Мая любоў Ветрына” ды гістарычнага нарысу “Майго сэрца часьцінка”.

Убачыўшы, суразмоўца, сядае на любімага канька. Між іншым, тым і вядомы, што свае знаходкі ды здабыткі ён тут жа з дапамогай дабрачынных спонсараў матэрыялізуе ў помнікі ды памятныя дошкі знакамітым аднавяскоўцам. Гэта пералік ягонымі вуснамі толькі некаторых.

Карасёў: “14 лістапада 2003-га. У нас непадалёк ад Ветрына нарадзілася першая ў Беларусі й Расеі ўсясьветна вядомая жанчына-геоляг Ганна Баляславаўна Місуна, дасьледчыца ледавіковых адкладаньняў. І ва ўсіх даведніках было няслушна ўказанае месца, дзе яна нарадзілася.

Мне ўдалося даказаць, што побач зь Ветрынам і там усталяваны памятны знак. А ў Ветрына — вуліца Ганны Місуны. Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла, заснавальнік суполкі “Загляне сонца і ў наша ваконца”, апякун і бацька, як яго называе сам Янка Купала.

У мінулую восень адкрылі памятны знак — 16 тон і 100 кіляграмаў валун! І шыльда мэталёвая з барэльефам. І апошняе — на Купальле рыхтуемся адкрыць дошку Антону Антонавічу Грыневічу, які ўсё жыцьцё аддаў зьбіраньню народнага музычнага фальклёру — кампазытар, выдавец. Я патрыёт Ветрына. Не павінна загінуць тая прыгажосьць, якая тут разьлітая”.

Ехаў зь Ветрына са зьмяшанымі пачуцьцямі — усё-ткі пачуў і пабачыў зашмат пакуль безнадзейнага. Але настрой неспадзявана палепшыла сустрэча на Полацкім аўтавакзале са студэнтам Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, будучым аграномам, 22-гадовым Валодзем Калачаевым.

Ён ехаў на практыку туды, адкуль я прыехаў. Прыцягнуў спачатку маю ўвагу сваёй курткай, што была ўся ў надпісах “Marlboro”. Няўжо такі фанат паленьня?



Валодзя: “Смалю гадоў сем, пачак у суткі. Але кайфу ўжо не атрымліваю, так што мо кіну”.

Пераходзім да надзеяў на будучае — у дваццаць два гэта хвалюе найбольш.

Карэспандэнт: “А калі заткнуць гадоў на пятнаццаць у прэзыдэнцкі дамок, а вёска непэрспэктыўная — кінеш?”

Валодзя: “Ведаў, на што ішоў у Горкі. Цягне на вёску”.

Карэспандэнт: “А да новага жыцьця гатовы?”

Валодзя: “А то! Я да зямлі гатовы, хочацца туды”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG