Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Падаражэў бэнзін, салярка, а вось цяпер пойдуць ужо кошты і на прадукты, і на астатнія тавары. А пэнсіі Лукашэнка не дадае”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 15 траўня, аўторак. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Міхась: “Памыляецца шаноўны генэрал, мы перавысілі ў некалькі разоў 90-ы год. Я жыву на вёсцы. Балён газу каштаваў 3-4 даляры, цяпер 13 даляраў. Хлеб каштаваў 20 капеек, сёньня, калі праіндэксаваць, дык атрымліваецца ў пяць разоў больш. Ну і тое ж на вытворчасьці. Крупнарагатай жывёлы стала ў тры разы менш, трактароў выпусьцілі ў чатыры разы менш, тэлевізары нікому не патрэбныя. Вось якая арытмэтыка ў Вас, шаноўны гаспадар! Ды гэта зразумела, курс вядомы – кожны дзень уздымаць цэны і штампаваць пустыя грошы, і ў час выплачваць.

Аб нейкім пераемніку. Хачу нагадаць усім гісторыкам і акадэмікам, і самаму галоўнаму гісторыку, самаму знакамітаму, чым заканчваюцца справы ў гэтых пераемнікаў. Вазьміце, Ульянавы ўсе загінулі, нават і Крупская. Вазьміце, сын самага галоўнага бацькі ўсіх народаў і ўсіх часоў, Васіль Джугашвілі ў 1958-м годзе загінуў, а таксама адзіная дачка Брэжнева Галіна ў вар’ятні дажывае, а зяць Шчолакаў на нарах парыцца. Адзіны сын Хрушчова Сяргей у Амэрыцы жыў. І гэтак далей. Нават адзіны сын Андропава жыве за мяжою.

Шаноўнай апазыцыі наконт спадзяваньня, што нехта тут уздымецца з-за незадавальненьня адменаю ільготаў. Марна гэта ўсё. Я еду ў электрычцы, і ўжо такі лёзунг гуляе бойкі ў электрычцы: “А дзе ён возьме? Расея цэны на газ падняла. Абы не было вайны, а так усё добра”. Расея вінаватая, бачыце, у тых цяжкасьцях, якія да нас ідуць, і болей ніхто. Да пабачэньня”.

Яцкевіч, Віцебск: “Добры дзень, паважная “Свабода”. Я добра памятаю, як была першая вайна па зьняцьці ільготаў. Гэта паздымалі нам групы. Бо ў той час можна было па гэтаму інваліднаму квітку заехаць зь Віцебску ці Менску аж у Маскву, не заплаціўшы ні капейкі. Гэта было. Тады вось Пуцін паклікаў Лукашэнку, яны параіліся, і Лукашэнка абвясьціў: “Энэргарэсурсы… Усё даражэе…Прыйдзецца ільготы здымаць інвалідам”. Вось тады і забралі гэтыя ільготы. У нас забралі. Што рабілася ў Расеі, я добры ня ведаю. І ў мяне, з двума пратэзамі ў сэрцы, зьнялі групу, а зь ёй, канечне, зьнялі і ільготы. Адзінае, што засталося, гэта ў майго хлопца. Ён у мяне інвалід па зроку зь дзяцінства. І вось у гэтага інваліда па зроку яшчэ застаюцца ільготы. Цяпер яму 14 год. Я зь ім магу недзе праехаць за яго кошт, але, як зьнімуць і гэта, то яно так па кішэні ўдарыць. У нас жа ня толькі неабходнасьць на працу зьезьдзіць і да аптэкі дайсьці. У нас жа ёсьць і іншыя неабходнасьці, калі мы людзі. А яны нас трымаюць за скаціну, за быдла няшчаснае. Усяму сьвету гэта раскажыце. Я магу больш падрабязна расказаць, але дзьве хвіліны – гэта вельмі мала часу.

Каб уладкавацца на працу, бо мяне звольнілі па гэтаму кантракту, дык я ўзяў і вырашыў напісаць на малодшага Лукашэнку, ён жа намесьнік прэзыдэнта па дзяржаўнай бясьпецы. Ну, думаў, чалавек толькі заступіў, ён мала заняты, думаў, што дасьць адказ. Чакаў я чакаў, па тэлефоне пабарабаніў, адказу так і не дачакаўся. І вось калі пайшла дэманстрацыя гэта, ужо з вэтэранамі, ён ішоў, сыноў двое і ўнучка. Дык паглядзеў я на гэтыя твары і ўспомніў сваю бабку-нябожчыцу, хай ёй будзе зямелька ласкавай, якая мне гаварыла: “Унучак, запомні, якое дрэва, такі й клін, які бацька, такі й сын”. І я махнуў рукой… Напэўна, у Міжнародны трыбунал трэба будзе падаваць, бо я лічу, што мяне звольнілі незаконна”.

Спадар: “Цікавая рэч атрымліваецца. Я жыву ў асабістай хаце, якую сам пабудаваў. Калі я, напрыклад, захацеў у сваёй хаце тумбачку з аднаго кута ў другі перасунуць, я павінен да суседа за дазволам бегаць?! Заўважаеце аналёгію? Гэта я кажу наконт бронзавага вайскоўца ў Таліне. Ці ня час ура-патрыётам усіх відаў нарэшце супакоіцца?! Хачу ім напомніць, што Эстонія, хоць і невялікая, але сувэрэнная краіна, і на сваёй тэрыторыі яны маюць поўнае права што заўгодна перасунуць, перанесьці ці пераставіць. Яны ж не выкінулі гэты помнік на звалку і на пераплаўку яго не здалі. Яны ўсяго толькі пераставілі яго з аднаго месца на другое. Дык навошта з-за гэтага рабіць буру ў шклянцы вады? Да чаго ўвесь увесь гэты гам?”

Аўтааматар-пэнсіянэр, Гарадзенская вобл. : “Дня тры таму па беларускім тэлебачаньні паведамілі, што ў ЗША на 20 % павысіліся цэны на бэнзін. Адзін літар стаў каштаваць больш даляра. Які жах! Хацеў унесьці прапанову бээрэсэмаўцаў і пэнсіянэрам пікетаваць амбасаду ЗША, трэба ж падтрымаць бедных амэрыканцаў. І вось сёньня наведаўся на запраўцы, што 95 бэнзін у нас каштуе таксама больш за даляр. І зьвярніце ўвагу, па БТ ні гу-гу. Без камэнтараў. Даляр, канечне, і ў Афрыцы даляр. Але даляр у ЗША і Беларусі, пагадзіцеся, мае розную каштоўнасьць з-за розных памераў пэнсій і заробкаў. З павагай”.

Спадар: “Я наконт Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Мне здаецца, што амбіцыі палітыкаў загубілі дзейсную адзіную апазыцыю. Бо даўно вядома, што ў пяці нянек дзіця бяз вока. Няўжо амбіцыянэрам не шкада Бацькаўшчыны? Амбіцыі перамаглі апазыцыю. Шкада”.

Бельскі: “Хочацца нешта пачытаць летам цікавае. Ёсьць такая просьба, каб выслалі мне кнігу “Прыгоды АРА ў Беларусі”. За грошы ці падарункам, адпрацую, натуральна, як Тэрмінатар. Дзякуй. Забыўся казаць, чаму мяне цікавіць гэта кніга. Дырэктар Радыё Свабода яе сам пісаў, ці так трэба было, каб дырэктарам стаць?”

Спадарыня: “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”. Я хачу Вам паведаміць, пра свой учорашні дзень. Я схадзіла ў касьцёл. У нас прывезьлі палатно, у якое закруцілі пасьля сьмерці, але сказалі, што гэта дубляванае. А тое там ляжыць. У касьцёл людзі хадзілі сем дзён. Я прыйшла, укленчыла, запаліла сьвечку і стала маліцца і за сябе, і за сваіх родных, і за свайго шаноўнага сябра, які ў Вас працуе, і за Вас шаноўная “Свабода,” за ўсіх, каб Бог даў Вам здароўя і посьпехаў у працы. І так мне было добра, што я схадзіла. І там былі абразкі. Можна было самому браць. Я ўзяла абразік Пана Езуса. Там было напісана: “Так Бог умілован сьвят”. І сьлёзы былі на вачах ад радасьці, што я гэта пабачыла. А так хацела Вам паведаміць пра свой учорашні дзень. Дзякуй Вам за ўвагу”.

Міхаіл Лексейкоў, пэнсіянэр, Менск: “Эканамічны цуд Беларусі лопнуў як мыльны пухір. Цяпер улада бярэцца за пэнсіянэраў так званых ільготнікаў, якія сваё здароўе згубілі на хімічных прадпрыемствах,у шахтах, каля мартэнаўскіх печаў, зваршчыкі і іншыя катэгорыі. Ганьба нашаму ўраду! Аднімае ў старых хворых людзей тыя ж мінімальныя пэнсіі. Вось гэтым наша дзяржава не выйграе нічога. Ганьба! Ганьба! І яшчэ раз ганьба!”

Уладзімер Зьвернік: “Уважліва праслухаў расповед Сяргея Навумчыка наконт падрыхтоўкі і правядзеньня рэфэрэндуму’95. Заўсёды цікава слухаць непасрэднага ўдзельніка тых падзеяў. А чаму Сяргей забыўся ўзгадаць, што за зьмену сымболікі тады было пададзена ўсяго каля 48 % галасоў выбаршчыкаў? Гэта пры тым, што для прыняцьця легітымнага рашэньня патрэбна 50 % плюс адзін голас. Таму Вярхоўны Савет Беларусі не зацьвярджаў гэтыя вынікі да той пары, пакуль не было … праз паўтары гады. Будзе цікава пачуць думку прафэсійных юрыстаў наконт легітымнасьці прыняцьця Лукашэнкам рашэньня пра зацьвярджэньне новай, так бы мовіць, сымболікі. Што да мяне, то сваё асабістае стаўленьне да беларускай нацыянальнай сымболікі я ўжо выказаў улетку 2004 году падчас аднаго з конкурсаў “Свабоды”. Да таго ж. Я не аднаразова вызначаў сваю пазыцыю падчас сустрэчы з выбаршчыкамі, калі быў кандыдатам на дэпутата Вярхоўнага Савета, выбары ў які праходзілі тады паралельна з рэфэрэндумам, і знаходзіў паразуменьне нават у прадстаўнікоў адстаўных вайскоўцаў з камуністычнымі поглядамі”.

Спадар: “Я слухаю, што падаражэў бэнзін, салярка, а вось цяпер пойдуць ужо кошты і на прадукты, і на астатнія тавары. А пэнсіі Лукашэнка не дадае. І таксама ўсё падаражэе, канечне”.

Слухач: “У нашай рэспубліцы мы кожны дзень зь нечым змагаемся. Вось цяпер па ўсім тэле- і радыёканалам нейкі мужчына, старшыня…кіраўнік арганізацыі Рэспубліканскага кантролю тлумачыць, што Лукашэнка запатрабаваў ад іх, каб яны ажыцьцяўлялі кантроль, як расходуюцца бюджэтныя сродкі. Ды гэты кантроль заўжды павінен быць. Зноў ідзе кампанія. Убіваюць ва ўсю. Зноў самі сябе супакойваюць. Гэта “танцы пад язык” называецца. А навошта тады кантралёры ў кожнай вобласьці, у рэспубліцы? Як людзі кажуць, задушылі ўжо тымі кантралёрамі. Па дзесяць разоў на дзень усё правяраюць, праверыць ня могуць нармальна. І другое. Як ён сказаў журналістам: “Я вас не падвяду, хлопцы”. Вось гэтыя яны і травяць яго вялікія думкі пра тое, што з-за энэргетыкі, з-за газу ў нас здарыўся абвал у рэспубліцы. Гэтым пачынаюць і гэтым заканчваюць. У тым жа і справа, што ёсьць у нас Савет міністраў, безь яго толькі. Прэзыдэнт загубіць. Дык вось думаць трэба было раней. Лукашэнка казаў: “Толькі сыр бывае бясплатны ў пастцы”. Дык, вось, Аляксандр Рыгоравіч, не бывае нічога бясплатнага. Пра гэта трэба ведаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG