Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч: “У Вялікай Брытаніі недастаткова ведаюць пра Беларусь”


Уладзімер Глод, Менск Вызваленьне палітвязьняў, падтрымка рэпрэсаванай моладзі, працаўладкаваньне звольненых з палітычных матываў, абарона незалежных мэдыяў сталі асноўнымі тэмамі сустрэчаў у Вялікай Брытаніі лідэра руху “За Свабоду” Аляксандра Мілінкевіча. Ён знаходзіцца ў Лёндане другі дзень на афіцыйнае запрашэньне Міністэрства замежных справаў гэтай краіны.

Аляксандар Мілінкевіч падкрэсьлівае інфармацыйны характар сваёй паездкі:

“Вялікая Брытанія — ня наш сусед. І, безумоўна, цікавасьць да Беларусі тут не такая, як, прыкладам, у Польшчы ці Літве. Гэта трэба зьліквідаваць, зьмяняць. Таму і мой візыт носіць інфармацыйны характар для тых, хто вызначае вонкавую палітыку Вялікай Брытаніі.

Была сустрэча ў Брытанскай асацыяцыі для Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Гэта такая “фабрыка думак” экспэртаў, якія працуюць вельмі цесна зь міністэрствам замежных справаў і ў значнай ступені вызначаюць палітыку Вялікай Брытаніі. Гэта была размова пра сытуацыю ў Беларусі. І мы дамовіліся пра супрацоўніцтва і абмен інфармацыяй”.

Дэмакраты Беларусі хочуць мець народнага амбасадара ў Вялікай Брытаніі

Гэту тээму Аляксандар Мілінкевіч працягнуў і на сустрэчы з кіраўніком камісіі замежных справаў кіроўнай лейбарысцкай партыі Эрыкам Джойсам:

“Мы таксама абмяркоўвалі сытуацыю ў Беларусі. Ён яе нядрэнна ведае, бо быў на нашых акцыях, прыяжджаў у Беларусь. Ён чалавек неабыякавы. І я яго шчыра прасіў быць такім народным амбасадарам Беларусі ў Вялікай Брытаніі, каб ён працягваў сваю надзвычай важную для нас справу.

Сярод пытаньняў, якія мы абмеркавалі, падтрымка грамадзянскай супольнасьці, мэдыяў. Мы гаварылі таксама пра магчымасьці падтрымкі Вялікай Брытаніяй праграмы для рэпрэсаваных.

І гаварылі пра тое, што Вялікая Брытанія павінна павялічыць колькасьць студэнтаў, якія выключаныя ў Беларусі з унівэрсытэтаў і могуць працягнуць вучобу тут. А таксама аб магчымай працы беларусаў, якія з палітычных матываў сталіся беспрацоўнымі. І ён абяцаў гэтай тэмай сур’ёзна займацца”.

За вызваленьне палітвязьняў будуць змагацца

У часе наведваньня офісу праваабарончай арганізацыі “Міжнародная амністыя” Аляксандар Мілінкевіч абмеркаваў магчымасьці абароны палітвязьняў у Беларусі:

“Калі мы ў свой час пачалі кампанію абароны Зьмітра Дашкевіча, “Amnesty Іnternational” да яе далучылася. Яе супрацоўнікі распавялі мне пра тое, што яны за гэты час зрабілі. Распаўсюджана велізарная колькасьць інфармацыі. Яны падрыхтавалі розныя паштоўкі, якія прапануюць людзям дасылаць у Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі. Такіх паштовак ужо дзясяткі тысячаў.

І, безумоўна, вельмі важна, каб ва ўсім сьвеце ведалі, што ў Беларусі ёсьць палітвязьні, што трэба іх бараніць, трэба дамагацца іх вызваленьня”.

• Працягваецца візыт Аляксандра Мілінкевіча ў Вялікую Брытанію
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG