Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Замест працы зь людзьмі – праца “паміж сабой”


Віталь Цыганкоў, Менск У дэмакратычнай кааліцыі будзе пяць сустаршыняў – гэтак вырашылі дэлегаты рэгіянальных канфэрэнцыяў. Як прыхільнікі Аляксандра Мілінкевіча ўспрымуць гэтае рашэньне? І ці ня можа яно прывесьці да расколу ў дэмакратычных сілах? Гэтыя ды іншыя тэмы ў перадачы “Экспэртыза “Свабоды” абмяркоўваюць грамадзкі актывіст з Бабруйску Алесь Чыгір і наш карэспандэнт Уладзімер Глод.

Цыганкоў: “У дэмакратычнай кааліцыі будзе пяць сустаршыняў – гэтак вырашылі дэлегаты рэгіянальных канфэрэнцыяў аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі. Яны ж прагаласавалі і за фармаваньне Палітычнай рады, зыходзячы з квотнага прынцыпу для палітычных суб’ектаў. Адзіная вобласьць, дзе рэгіянальная канфэрэнцыя не сабрала кворуму, – Магілёўская.

Алесь Чыгір: “Цяпер неабходна камунікаваць зь людзьмі, а не паміж сабой”.
Алесь Чыгір з Бабруйску – якраз адзін з тых, хто выступаў супраць правядзеньня рэгіянальных кангрэсаў. Чым, Алесь, вы патлумачыце сваю пазыцыю?”

Чыгір: “Цяпер неабходна камунікаваць зь людзьмі, а не паміж сабой. Так атрымліваецца, што ўсе гэтыя рэгіянальныя сходы і канфэрэнцыі – гэта падмена паняцьцяў. Замест працы зь людзьмі – праца “паміж сабой”: пераконваюць актывістаў, якіх пераконваць ня трэба. Гэта імітацыя дзейнасьці”.

Цыганкоў: “Давайце гаварыць адкрытым тэкстам: ці няма ў вас уражаньня, што ўсё гэта робіцца для таго, каб пазбавіць статусу аднаасобнага лідэра ў апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча?”

Чыгір: “Тут ізноў падмена паняцьцяў. Аляксандра Мілінкевіча немагчыма пазбавіць ягонага статусу. Калі ў тым жа Бабруйску зайсьці ў кватэру і спытаць, каго яны ведаюць зь лідэраў дэмакратаў, то Мілінкевіч будзе адзін зь нямногіх. Хутчэй за ўсё, ён будзе адзіным, каго ведаюць. Таму Мілінкевіч мае свой статус сярод грамадзянаў Беларусі. Думаю, гэта найбольш вядомая палітычная фігура ў Беларусі – пасьля Лукашэнкі”.

Уладзімер Глод: “Аляксандар Мілінкевіч таленавіты, разумны, сумленны чалавек, але яму патрэбна больш цьвёрдасьці”.
Цыганкоў: “Уладзімер, вы прысутнічалі на некаторых рэгіянальных кангрэсах. Чаму там былі прынятыя менавіта такія рашэньні? Што гэтым самым дэмакратычныя сілы хочуць сказаць выбарнікам?”

Глод: “Калі гляджу на Аляксандра Мілінкевіча, то міжволі згадваю Станіслава Шушкевіча, калі ён быў старшынём Вярхоўнага Савету. Яны інтэлігентныя людзі, абодва ўмеюць размаўляць зь людзьмі, але ня ўмеюць стукнуць кулаком і сказаць: “Я загадваю!”

Я быў на апошнім рэгіянальным менскім гарадзкім сходзе. Прыйшоў Мілінкевіч і сеў на лаўцы збоку. Ужо некаторыя дэлегаты ня вытрымалі і казалі: “Вы ж старшыня, вядзіце сход”. Не. Мілінкевіч застаўся сядзець збоку. Мне здаецца, Аляксандар Мілінкевіч таленавіты, разумны, сумленны чалавек, але яму патрэбна больш цьвёрдасьці. Цяпер такі час, бяз гэтага, мабыць, немагчыма”.

Поўны тэкст перадачы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG