Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чыноўнікі-самадуры лічаць, што ўладнае крэсла — гэта і ёсьць закон”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

У аглядах пошты “Свабоды” часта гучаць гісторыі тых нашых слухачоў, якія гадамі абіваюць парогі чыноўніцкіх кабінэтаў, шукаючы справядлівасьці, ды так нічога і не дабіваюцца.

Наслухаўшыся такіх гісторыяў і нараканьняў на бясплённасьць усіх высілкаў, Анатоль Сахаруша зь мястэчка Малеч Бярозаўскага раёну вырашыў выказаць уласны пункт гледжаньня на гэтую праблему:

“А ці спрабавалі гэтыя людзі па-сапраўднаму знайсьці справядлівасьць? Так, многія нашы чыноўнікі сьвядома ці не ігнаруюць (або ня ведаюць) найпрасьцейшай элемэнтаршчыны. Яны зыходзяць з таго, што ўладнае крэсла — гэта і ёсьць закон. Усе пытаньні вырашаюць так, як лічаць патрэбным.

Але чыноўніка-самадура ўсё ж можна паставіць на месца пры дапамозе закону. Я пераканаўся ў гэтым на ўласным досьведзе. Прывяду нядаўні прыклад.

Летась у мяне на працы здарыўся непрыемны выпадак. Зламалася зварачная апаратура, была пашкоджаная машына. Саўгас панес нейкія страты. У выніку былі пазбаўлены часткі заробку галоўны энэргетык, інжынэр-мэханік і два зваршчыкі. Я з такім рашэньнем не пагадзіўся — і сказаў пра гэта дырэктару.

Дырэктар у адказ: “Я мог вас звольніць за гэты выпадак”. Я: “Трэба было звальняць, калі я вінаваты. Чаму ня звольнілі?” — “Дык хто тады вінаваты?” — пытаецца дырэктар.

Я, гледзячы яму ў вочы, сказаў: “На гэты конт яшчэ да здарэньня я размаўляў з вамі двойчы — і вы памятаеце, што мне адказалі. Дык вось, вінаваты вы і толькі вы, як дырэктар саўгасу. Калі вы са мной ня згодны, я дакажу гэта ў судзе”.

Як вынік, напрыканцы працоўнага дня мне вярнулі тыя грошы, якія вылічылі. Астатнім не вярнулі.

Ці яшчэ адзін выпадак. З зарплаты вылічылі аднадзённы заробак — нібыта за суботнік. Я зьвярнуўся да бухгальтара: “Чаму забралі грошы, калі пра гэты суботнік ніхто нават ня ведаў і ў сапраўднасьці яго не было?” Адказ: “Загад “зьверху!”

Тады я зьвярнуўся да пракурора раёну. Праз тыдзень грошы аддалі. А дырэктар і бухгальтар папярэджаныя аб парушэньні закону”.

Напрыканцы свайго ліста Анатоль Сахаруша зь мястэчка Малеч Бярозаўскага раёну раіць у кожнай хаце мець Канстытуцыю, Працоўны і Адміністрацыйны кодэксы — каб самім быць юрыстамі й разьбірацца ў прававых пытаньнях.

Парада слушная, спадар Сахаруша, хоць не для ўсіх яна выканальная. Каб разабрацца і лёгка арыентавацца ў прававых дакумэнтах, патрэбная адпаведная падрыхтоўка, адукацыя. Праўда, лічыцца, што людзі ў Беларусі адукаваныя, усе (ці амаль усе) у абавязковым парадку закончылі сярэднюю школу. Але ў сапраўднасьці ў любым калгасе нямала людзей, якія ня тое што напісаць заяву — нават прачытаць нескладаны тэкст ня здольныя.

Зрэшты, рэч ня толькі ў гэтым. У грамадзтве няма асэнсаваньня і ўсьведамленьня таго, што закон вышэйшы за начальніка, што свае грамадзянскія правы можна і трэба адстойваць. Ды і адкуль узяцца гэтаму ўсьведамленьню, калі на кожным кроку чалавек сутыкаецца з зусім іншым: начальнік — сам сабе закон, а праўдалюбцы ды праўдашукальнікі трапляюць пад жорсткі адміністрацыйны прэс, становяцца аб’ектам перасьледу і помсты.

Аўтар наступнага ліста — Віктар Грышановіч зь вёскі Ясень Асіповіцкага раёну. Ён з тых нашых слухачоў, якія лічаць сябе апанэнтамі Радыё Свабода:

“У вашых перадачах я чую словы, узятыя ня інакш як зь сярэднявечча — “мур”, “габрэй”, “выспа”, “Эўропа”, “Вугоршчына” і шмат іншых. Мне гэта не па душы. Многія вас слухаюць і пішуць вам, што гэта — родная мова. А ў мяне такая мова выклікае адмоўную рэакцыю.

У нашай мясцовасьці, на чыгуначнай станцыі Ясень, таксама ёсьць людзі, якія гавораць гэтак жа, як ваша радыё. Дык з гэтых жыхароў нармальныя людзі сьмяюцца і кажуць, што ў іх… (не хачу пераказваць нецэнзурную лаянку).

…Яшчэ хачу выказацца наконт Мілінкевіча, якому вы часта даяце слова. Ён думае, калі праехаў два-тры беларускія гарады — дык можна станавіцца прэзыдэнтам? А як жа тыя вясковыя жыхары, якія таксама зьяўляюцца выбарцамі? Іх Мілінкевіч не жадае бачыць? Яму варта было б добра вывучыць працы Леніна, ісьці пехатой у народ, пажыць, як Ленін, у шалашы… Вось як можна заваяваць давер народу”.

Наконт прыкладу Леніна, спадар Грышановіч, пытаньне спрэчнае. У шалашы ён пражыў, хаваючыся ад арышту, некалькі тыдняў у ліпені 1917 году. А вось у Заходняй Эўропе, пераважна ў Швайцарыі, жыў гадамі. І пехатой па вёсках ён ніколі не хадзіў — выяжджаў зь Цюрыха ў Францыю, Англію альбо Аўстра-Вугоршчыну ў камфартабэльных чугуначных вагонах.

Што да тых людзей, мова якіх выклікае ў вас сьмех і абурэньне. А вам, спадар Грышановіч, не прыходзіла ў галаву думка, што такую ж рэакцыю ў іх можа выклікаць ваша мова, якая, калі меркаваць зь ліста, далёкая ад дасканалай расейскай?

Наш слухач Кастусь Сырэль з Вушачаў свой новы ліст на “Свабоду” напісаў пасьля таго, як пачуў у адной з ранішніх праграмаў меркаваньні менчукоў наконт найменьняў сталічных вуліцаў. Вось што піша Кастусь пра свае вушацкія вуліцы:

“У наш райцэнтар проста немагчыма трапіць, каб шыльды з назвамі вуліц не нагадалі пра “слаўнае” камуністычна-сацыялістычнае мінулае! З усходу на захад (кірунак Віцебск — Глыбокае) мястэчка працінае галоўная вуліца. Адгадайце з аднаго разу, як яна завецца? Правільна, Ленінская!

З поўначы на поўдзень (Полацк — Лепель) цягнецца вуліца Савецкая. З боку Докшыц заяжджаем на вуліцу Кастрычніцкую (яе, канечне ж, так ніхто не называе, усе кажуць — Акцябарская). Апошняя вуліца, па якой можна трапіць у райцэнтар — Калінінская. Усё, іншых шляхоў да нас няма.

Пра савецкі час і рэвалюцыйнае мінулае нагадваюць яшчэ вуліцы Камсамольская, Піянэрская, Горкага, Кірава, Дзяржынскага, Фрунзэ, Чапаева, Першамайская, завулак Акцябарскі (адной вуліцы падалося камусьці мала).

А ведаеце, што аб’ядноўвае Леніна, Горкага, Кірава, Фрунзэ, Калініна, Чапаева і Дзяржынскага? Усе яны ня толькі ніколі ня былі на Вушаччыне, але нават ня чулі пра такое мястэчка.

Землякоў-пісьменьнікаў прадстаўляюць Пятрусь Броўка і Еўдакія Лось. Ёсьць на шыльдах імёны партызанаў, капітана-аўганца, колішняга дырэктара мясцовага лясгасу, трэнэра спартыўнай школы. Астатнія назвы — нэўтральныя, накшталт Садовай, Усходняй ці Школьнай.

Калі меркаваць з назваў вуліц, то гісторыя Вушачаў пачалася не ў 1624 годзе, а ў 1917. Вы запытаецеся: “Чакай, Кастусь, ты забыўся пра самага знакамітага свайго земляка. Канечне, яго імя носіць адна з галоўных вушацкіх вуліц. Эх, ты! Пра сусьветна вядомага Васіля Быкава забыўся!”

Ды не, спадарства, я не забыўся. Гэта ўлада наша забылася. Няма ў нас да гэтай пары вуліцы імя Васіля Быкава. Кажуць, у Расеі ў нейкай станіцы на Стаўрапольшчыне ёсьць такая вуліца, а ў нас — на жаль, не…

…Ёсьць на Гарадзеншчыне такое мястэчка — Сапоцкін. Колішняя вуліца імя Леніна сёньня там завецца імем Яна Паўла ІІ. Былая Першамайская — цяпер вуліца імя Яна Гэнрыка Дамброўскага (памятаеце словы з польскага гімну: “Марш, марш, Домбровскі, зь земі влоскей до Польскі”?).

Пераназваны й іншыя вуліцы. Гэта я да таго, што хопіць у Вушачах увекавечваць імя Леніна, пра якога Іван Бунін казаў: “...Выродок, нравственный идиот от рождения, …он разорил величайшую в мире страну и убил несколько миллионов человек…”.

А вуліца, па якой Васіль Быкаў мноства разоў езьдзіў на сваю малую радзіму ў Бычкі, павінна насіць яго імя”.

Я ўпэўнены, Кастусь, што мы з вамі яшчэ будзем сьведкамі таго, як такая вуліца зьявіцца. І ня толькі ў Вушачах, але і ў Менску, Віцебску, Горадні — у многіх беларускіх гарадах, зь якімі зьвязанае жыцьцё аднаго з найвялікшых беларусаў сьвету.

А камуністычныя назвы рана ці позна сыдуць у нябыт. У іх і цяпер ужо ня надта шмат абаронцаў — апісаны вамі прыклад гарадзенскага мястэчка Сапоцкін пра гэта доказна сьведчыць.

На заканчэньне ліст, які пакіну бэз камэнтароў. Нам піша Васіль Сухарэбскі зь вёскі Русіны Баранавіцкага раёну — наконт экалягічных праблемаў Беларусі:

“Кіраўніцтва Беларусі, задумаўшы будаваць атамную станцыю, даводзіць грамадзянам, што мы ўсё роўна акружаны суседзкімі АЭС. І калі, ня дай Бог, там здарыцца бяда, то яна не абміне і Беларусі. Гэты аргумэнт можа паўзьдзейнічаць толькі на тых, хто павярхоўна ведае, што такое атамная станцыя.

І калі бяда здарыцца на нашай тэрыторыі, дык адбудзецца сапраўднае забойства. Бо пацерпім мы значна болей, чым ад суседзяў. Да таго ж, у такім выпадку ня зможам ні ад каго патрабаваць кампэнсацыяў: давядзецца самім плаціць за ўласнае глупства. Дык спынім будаўніцтва гэтага самазабойчага атамнага эшафоту”.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG