Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэлігенцыя заклікае ўлады да дыялёгу і патрабуе спыніць рэпрэсіі


Радыё Свабода На IV сходзе прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі абмяркоўвалася сытуацыя, зьвязаная з правядзеньнем Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

Паводле акадэміка Радзіма Гарэцкага, на кангрэсе, што мае адбыцца 26-27 траўня, трэба ставіць пытаньне аб стратэгіі і тактыцы дзеяньняў апазыцыі, а не пра лідэрства ў ёй.

Паводле пісьменьніцы Вольгі Іпатавай, неабходна аб’яднаць дзейнасьць дэмакратычных сілаў для пабудовы ня толькі дэмакратычнай, але і сапраўды беларускай, нацыянальна арыентаванай дзяржавы. Вольга Іпатава сказала, што ў цэнтры ўвагі дэмакратычных сілаў павінны быць беларуская мова, беларуская школа і вышэйшая адукацыя на роднай мове.

Актывіст БСДП (Грамада) Аляксей Кароль сказаў, што інтэлігенцыя павінна ўтрымаць лідэраў апазыцыі ад "мышынай валтузьні" за ўмоўныя пасады і сканцэнтраваць іх на дзеяньнях.

Паводле пэдагога і кінарэжысэра Ўладзімера Коласа, разам з Аляксандрам Мілінкевічам, які прадстаўляе беларускую грамадзянскую супольнасьць перад сусьветнай супольнасьцю, унутры краіны патрэбны "моцны каардынатар — начальнік штабу аб’яднаных дэмакратычных сілаў, які накіруе высілкі на ўмацаваньне адзінства апазыцыі".

У.Колас лічыць, што рэалізацыя ідэі сустаршынёўства ў лягеры дэмакратычных сілаў прывядзе да безадказнасьці.

Удзельнікі сходу абралі 47 дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў, а таксама ўхвалілі зварот, у якім вылучылі шэраг патрабаваньняў да ўладаў.

Сярод іх — патрабаваньні аб пачатку канструктыўнага дыялёгу па рэфармаваньні грамадзтва, спыненьні рэпрэсіяў у дачыненьні да грамадзкіх арганізацыяў, палітычных партыяў, недзяржаўнай прэсы, вядомых дзеячоў апазыцыі і звычайных грамадзянаў; аб аб’ектыўнасьці і незалежнасьці беларускіх судоў і праваахоўчых органаў, прыняцьці дэмакратычнага заканадаўства і аб сумленных выбарах.

"Галоўнай задачай найбліжэйшага пэрыяду, на нашу думку, зьяўляюцца парлямэнцкія выбары 2008 году, якія мусяць адбыцца без фальсыфікацыяў, пад эфэктыўным кантролем беларускай грамадзкасьці і міжнароднай супольнасьці", — гаворыцца ў звароце.

Сход прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі з удзелам прыблізна 100 дэлегатаў з розных рэгіёнаў краіны адбыўся 13 траўня ва ўрочышчы Прыстанька Стаўпецкага раёну Менскай вобласьці, на беразе ракі Нёман.

Сход быў арганізаваны на тым месцы, дзе 9 ліпеня 1906 году прайшоў нелегальны зьезд беларускіх настаўнікаў з удзелам Якуба Коласа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG