Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Маці пленэраў” адзначыла юбілей


Віталь Сямашка, Шаркаўшчынскі раён З шаркаўшчынскай вёскай Германавічы зьвязаны лёс вядомага мастака, этнографа, асьветніка Язэпа Драздовіча. Паўтара дзесяцігодзьдзя таму тут адкрыўся музэй мастацтва ды этнаграфіі, працуе грамадзкае аб’яднаньне “культурна-асьветніцкі цэнтар імя Драздовіча”. Тры гады таму зьявіўся недзяржаўны музэй імя Міхася Райчонка. За ўсім гэтым – спадарыня Адэля Райчонак. Краязнаўца, што прысьвяціла жыцьцё вывучэньню, зьбіраньню ды прапагандзе спадчыны мастака. Днямі ёй споўнілася 70.

У Германавічах Язэпам Драздовічам былі створаныя дзьве бібліятэкі, культурніцкае таварыства “Заранка”, каапэратыў “Беларус”. Драздовіч арганізаваў мастацкую самадзейнасьць, у якой брала ўдзел больш за сто чалавек. Тут пахаваная яго маці. У пачатку 70-х, калі спадарыня Адэля пачала зьбіраць карціны мастака, яна й ня марыла пра сёньняшні рэзананс. І пра тое, што Германавічы стануць прызнаным асяродкам культуры ды беларушчыны.

“Я вельмі ўдзячна прафэсарцы Нью-Ёрскага ўнівэрсытэту Але Орса-Рамана за маральную ды матэрыяльную падтрымку – зь яе дапамогай выйшаў каталёг, прысьвечаны барадулінскаму пленэру... З Францыі, Польшчы, Нямеччыны былі, амэрыканцы пакідаюць запісы, – перабірае яна водгукі ды фотаздымкі. – Валодзя Арлоў, Вольга Іпатава, Алесь Мілінкевіч. Гэта Валя Барадуліна, я і Шалкевіч, а во сьпявае Рыгор Барадулін. Во мой любімы Хадановіч, во Пашка Севярынчык. Веру ў моладзь, бо не такія, як мы, добра бітыя...”

З апошнім яўна не згаджаецца яе бліжэйшы сябар ды паплечнік, мастак Алесь Марачкін. Кажа, што бітыя, але не скароныя.

“Адчуваўся ўціск супраць Ады Эльеўны, – расказвае Марачкін. – Яе выцесьнілі зь яе дзецішча – музэя ў Германавічах. Яна ня склала рукі, хаця ў яе жыцьці была трагедыя, калі адышоў сын Міхась, які быў маторам дзеля захаваньня спадчыны Драздовіча і пленэраў. Яна вырашыла прыватны музэй рабіць. Мясцовае чыноўніцтва не дазваляе нават шыльду вывесіць у яе прыватным доміку, каб ведалі, што тут знаходзіцца.”

“Я стварыла музэй Драздовіча, але мяне адтуль папрасілі як пэнсіянэрку, – кажа спадарыня Райчонак. – А фактычна засьвяцілася на выбарах: подпісы зьбірала. І раней казалі: ці кідай палітыку, ці сыходзь з працы. Ня кінула палітыку. Галоўнае – я раблю беларускую справу. Змагаюся за мову, выпускаю газэту “Бацькаўшчына”, ладжу сустрэчы з паэтамі, пісьменьнікамі, навукоўцамі ў сваёй літаратурнай гасьцёўні. Я праводзіла пленэр па Галакосту, дык нашыя карціны абышлі ўсю Беларусь...”



Вакол нас са спадарыняй Райчонак – больш як сотня карцінаў, што напісаныя і падораныя яе музэю мастакамі з усяе Беларусі. Іх удзельнікі ласкава называюць маю суразмоўцу Адэльеўнай ды “маці пленэраў”. Пра дух, што пануе на фэстах, ізноў кажа Алесь Марачкін:

“Гэта сапраўды ўнікальная зьява. Кожны год ладзяцца адзін-два пленэры. Беларусь падзеленая: частка мастакоў пры ўладзе, а тут вольныя мастакі, якія спавядаюць беларушчыну не афіцыйна, а сэрцам, душой. Акрамя таго, што пішуць партрэты, эцюды, тут гучыць беларуская мова – тое, што зьяўляецца нашай бясьпекай, тэрыторыяй. Бывае, чалавек, які не карыстаецца мовай, прыходзіць, засвойвае яе тут. Гэта ня йдзе ўсё ў пясок – фіксуецца ў альбомах, каталёгах. Людзі набываюць новую энэргетыку для творчасьці. І я думаю, усё гэта будзе працягвацца...”

19 траўня ў менскім касьцёле Сымона ды Алены адкрыецца мастацкая выстава “Каб рунела душа...”, дзе будуць прадстаўленыя творы Язэпа Драздовіча, а таксама творы мастакоў па выніках апошняга пленэру ў Германавічах, прысьвечанага творчасьці Рыгора Барадуліна.

Гл. таксама

• Сёлетні літаратурна-мастацкі драздовіцкі пленэр будзе прысьвечаны Васілю Быкаву
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG