Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці адбылася канфэрэнцыя дэлегатаў Кангрэсу дэмсілаў


Алесь Дашчынскі, Берасьце Сёньня ў Берасьці адбылася абласная канфэрэнцыя дэлегатаў кангрэса дэмакратычных сілаў. На ёй прысутнічала 87 дэлегатаў з 102. Удзельнікі канфэрэнцыі падтрымалі сустаршынёўства ў Палітрадзе дэмсілаў і тое, каб старшыня Палітрады абіраўся не на Кангрэсе, а самой Палітрадай.

За абраньне адзінага лідэра дэмсілаў выказаўся 41 дэлегат, а за інстытут сустаршынёўства – 45. Такія ж вынікі галасаваньня і па другім пытаньні: за абраньне лідэра на Кангрэсе выказаўся 41 дэлегат, за абраньне на Палітрадзе – 45.

Адзін дэлегат ня ўзяў удзелу ў галасаваньні па гэтых пытаньнях.

І.Маслоўскі: «Яшчэ не прыйшоў час абіраць лідэра»

Старшыня абласной арганізацыі БСДП Ігар Маслоўскі сказаў:

«Вынікі гавораць, што 50 на 50. Крышачку больш за тое, каб не абіраць, бо яшчэ не прыйшоў час абіраць лідэра.

У цэлым, з усіх бакоў гучала толькі адно, што мы за аб''яднаньне, мы за супольную працу. І, фактычна, усе адзначалі, што гэта такія больш працэдурныя, тэхнічныя пытаньні».

Паводле старшыні абласной арганізацыі Партыі БНФ Юрася Губарэвіча, асноўнае, што выклікала спрэчкі – гэта пытаньне легітымнасьці дэлегатаў.

«Некаторыя дэлегаты выказваліся, што ў іх ёсьць падставы думаць, што прадстаўнікі некаторых партый не зусім сумленна зьбіралі подпісы, каб стаць дэлегатамі Кангрэсу і абласной канфэрэнцыі».

Ю.Губарэвіч: вынікі галасаваньня былі прадвырашаны

Юрась Губарэвіч сказаў, што вынікі галасаваньня былі прадвырашаны, бо ёсьць пэўная пазыцыя палітычных партый.
Ю.Губарэвіч: «Перанясеньне гэтых спрэчак зь Менску на рэгіянальны ўзровень не спрыяе адзінству актывістаў дэмакратычных сіл на рэгіянальным узроўні».
«Відавочна, той, хто меў большасьць дэлегатаў, правялі тое рашэньне, якое ім было выгаднае. На жаль, перанясеньне гэтых спрэчак, якія цягам году вяліся ў Менску, на рэгіянальны ўзровень не спрыяе адзінству актывістаў дэмакратычных сіл на рэгіянальным узроўні».

Мясцовае ТБ дапусьцілі пасьля заканчэньня канфэрэнцыі

Канфэрэнцыя праводзілася ў памяшканьні аднаго зь берасьцейскіх клюбаў. Празь 15 хвілін пасьля пачатку мерапрыемства прыбыла здымачная група мясцовага тэлебачаньня і хацела патрапіць у залю. Аднак арганізатары сходу іх не пусьцілі і запрапанавалі правесьці здымкі падчас перапынку на галасаньне. Тэлеапэратары вялі здымкі, калі дэлегаты ўжо разыходзіліся пасьля канфэрэнцыі.

У працы канфэрэнцыі дэлегатаў кангрэсу ад Берасьцейскай вобласьці ўзялі ўдзел лідэр аб’яднаных дэмсілаў Аляксандар Мілінкевіч, старшыні БНФ і АГП Вінцук Вячорка і Анатоль Лябедзька, а таксама выканаўца абавязкаў старшыні БСДП (Грамада) Анатоль Ляўковіч.

Канчатковыя вынікі галасаваньня стануць вядомымі пасьля таго, як адбудуцца ўсе сем рэгіянальных сходаў. Кангрэс дэмакратычных сілаў плянуецца правесьці 26-27 траўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG