Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двое маладафронтаўцаў сталі падазраванымі ў крымінальнай справе


Любоў Лунёва, Менск Іван Шыла з Салігорску і Яраслаў Грышчэня з Баранавічаў сталі падазраванымі ў крымінальнай справе, якую распачаў КДБ супраць “Маладога фронту” за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. У непаўналетняга Івана Шылы зрабілі ператрус.

Сьледчыя цікавіліся дзейнасьцю яшчэ двух рэгіянальных моладзевых актывістаў — Насты Азаркі зь Нясьвіжу і Паўла Красоўскага з Жодзіна.

Шаснаццацігадовага Івана Шылу дапытаў сёньня сьледчы Салігорскай раённай пракуратуры Вітольд Аляксееў. Ён жа ўручыў пастанову пра тое, што Іван лічыцца падазраваным у крымінальнай справе за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”.

Іван пасьля допыту распавёў “Свабодзе”, што сьледчы дэманстраваў яму як доказы раздрукоўкі з сайтаў і пратаколы затрыманьняў за ўдзел у розных вулічных акцыях.

Пры гэтым сьледчы не казаў, якімі менавіта інтэрнэт-рэсурсамі ён карыстаўся.

Гаворыць Іван Шыла:

“Пытаньні досыць традыцыйныя — кшталту, якую ролю я адыгрываю ў арганізацыі, ці зьяўляюся сябрам… Але, па сутнасьці сёньняшняга допыту, у іх няшмат доказаў. Толькі раздрукоўкі зь інтэрнэту. Натуральна, што тут выключаць нічога нельга, бо ўсё будзе залежаць ад таго, якім чынам будзе праводзіцца сьледзтва, якія матэрыялы яны знойдуць. Пыталіся пра Азарку і Красоўскага — то бок, зьнік Карноў з гэтага сьпісу”.

Сьледчы намагаўся дапытаць і бацьку Івана Шылы, але той адмовіўся даваць паказаньні супраць свайго сына, спаслаўшыся на Крымінальна-працэсуальны кодэкс.

Іван Шыла ўдзельнічаў у вулічных акцыях апазыцыі ў Салігорску і ў Менску. Сябры салігорскай філіі “Маладога фронту” ініцыявалі галадоўкі пратэсту, патрабуючы спыніць рэпрэсіі супраць моладзевых актывістаў.

Паколькі Іван непаўналетні, згодна з заканадаўствам, яго нельга пакараць арыштам. Бацькам Івана Шылы неаднойчы даводзілася плаціць за сына штрафы. Адразу пасьля допыту на кватэру Шылаў наведаліся апэратыўнікі й зрабілі ператрус.

Тым часам у баранавіцкай пракуратуры дапыталі Яраслава Грышчэню як падазраванага ў аналягічнай крымінальнай справе. Яраслаў заўважыў, што крымінальная справа налічвае каля сямідзесяці старонак друкаванага тэксту.

“На сёньняшнім допыце сьледчы цікавіўся дзейнасьцю ўсёй арганізацыі “Малады фронт”. Цікавіўся гарадзкой структурай і запытваў, навошта ўсё гэта трэба — мэты, ідэі і ўсё астатняе. Адрасоў інтэрнэт-сайтаў мне не давалі. Толькі пытаньне — адказ, пытаньне — адказ, а са справай мяне яшчэ не азнаёмілі. На стале ў сьледчага ляжала справа недзе старонак на семдзесят”.

У Яраслава Грышчэні, як і ў Івана Шылы, запытвалі пра дзейнасьць Насты Азаркі зь Нясьвіжу і Паўла Красоўскага з Жодзіна. Маладафронтаўцы не выключаюць, што ўлады рыхтуюць яшчэ чатыры крымінальныя справы для перадачы ў Менскі абласны суд.

У судзе Савецкага раёну Менску знаходзіцца справа пяцёх актывістаў “Маладога фронту” — Насты Палажанкі, Зьмітра Хведарука, Барыса Гарэцкага, Алясея Янушэўскага і Алега Корбана.

Лідэр арганізацыі Зьміцер Дашкевіч адбывае пакараньне ў шклоўскай турме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG