Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэкрэт аб вылічэньні грошай з асацыяльных бацькоў не спрацоўвае


Алег Грузьдзіловіч, Менск Ад пачатку году ўжо болей за мільярд рублёў не патрапілі на рахункі дамоў-інтэрнатаў, дзе гадуюць дзяцей, чыіх бацькаў і маці пазбавілі бацькоўскіх правоў і абавязалі кампэнсаваць дзяржаве страты на ўтрыманьне нашчадкаў. У міністэрстве ўнутраных спраў прызнаюць: з 18-ці тысяч такіх бацькоў ўдаецца спагнаць кампэнсацыю меней, чым з кожнага пятага. У чым прычына паразы 18-га дэкрэту?

Ірына жыве на Менскім чыгуначным вакзале, ужо 5 гадоў не працуе. Пра сваіх дзяцей адказвае цьмяна. На пытаньне, чаму не вяртаецца да нармальнага жыцьця, кажа: “Дайце працу”. Але што перашкаджае жанчыне ўладкавацца хаця б на завод прыбіральшчыцай? Адказаць нецьвярозай жанчыне дапамагае яе дваравы сябар.

“Я працавала прыбіральшчыцай і за станком стаяла... Сумяшчала,”

“Пры гэтым яна ледзь-ледзь магла заплаціць за кватэру. Камунальныя паслугі ведаеце якія? 200 тысяч як выкінуць... А зь яе заробку 70% адсоткаў забіралі паводле суду. Як пражыць чалавеку?”
“Нават калі іх накіроўваюць на мэдычны агляд, яны і адтуль уцякаюць...”
Служба занятасьці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва прапануе асобам, якіх пазбавілі бацькоўскіх правоў, звычайны парадак працаўладкаваньня: праз біржу. Але такія людзі традыцыйна п’юць, яны разарвалі былыя сацыяльныя сувязі і часта нават ня маюць патрэбных дакумэнтаў. Вынік прымусовых спробаў вярнуць іх да звычайнага жыцьця прадказальны, лічыць кансультант міністэрства Тамара Васілеўна.

“Яны ўцякаюць. Нават калі іх накіроўваюць на мэдычны агляд, яны і адтуль уцякаюць. Ці на працы адзін дзень папрацуюць і ўсё, няма канцоў. Шукай іх потым... Гэта такая спэцыфічная катэгорыя”.
“Нэгатыўныя тэндэнцыі ў тым, што павялічыўся жаночы алькагалізм”
Колькасьць сацыяльных сіротаў пры жывых бацьках у Беларусі штогод павялічваецца амаль на тысячу, прызнае афіцыйная статыстыка. Гэтая ж статыстыка адзначае павелічэньне фактараў, якія спрыяюць антысацыяльным паводзінам бацькоў.

“Нэгатыўныя тэндэнцыі ў тым, што павялічыўся жаночы алькагалізм: цяпер на ўліку болей за 40 тысяч жанчын-алькаголікаў, – кажа галоўны нарколяг Беларусі Ўладзімер Максімчук. – І пры гэтым працягваецца рост вырабу напояў. Хаця праваахоўныя органы вядуць барацьбу з самаробнымі напоямі, але ўсё роўна рост ёсьць”.
“Гэты дэкрэт залішне рацыянальны”
Незалежныя эканамісты кажуць: беларуская мадэль эканомікі спараджае сацыяльны паразытызм, на тле якога і разьвілася такая сацыяльная зьява, як сіраты пры жывых бацьках. Аднак філёзаф Валянцін Акудовіч ўсё роўна не вітае дэкрэт, якім гэтых бацькоў прымушаюць плаціць дзяржаве грашовую кампэнсацыю:

“Гэты дэкрэт залішне рацыянальны. Ён ня ўлічвае, што кожны раз, калі такое ў сям’і адбываецца, гэта чалавечая драма і нават трагедыя”.

У МУС зьвяртаюць ўвагу і на такую акалічнасьць: цягам году за ўхіленьне ад кампэнсаваньня да 5 тысяч “дрэнных” бацькоў можа апынуцца на “хіміі”, а яшчэ некалькі тысяч патрапіць у калёнію. Між тым утрыманьне вязьня ў калёніі каштуе 150 даляраў на месяц. Адмыслоўцы пытаюцца: што зэканоміла дзяржава, калі пераклала цяжар утрыманьня сацыяльных сіротаў на іх “дрэнных” бацькоў?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG