Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Літвы ўшанаваў памяць загіблых у Хатыні


Ганна Соўсь, Менск Амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас і супрацоўнікі дыпляматычнай місіі Літоўскай Рэспублікі наведалі мэмарыяльны комплекс Хатынь. Яны ўсклалі кветкі да мэмарыялу і ўшанавалі памяць людзей, якія загінулі ў спаленых вёсках, а таксама ўсіх ахвяраў Другой Усясьветнай вайны.

Літоўскі амбасадар Эдмінас Багдонас першы раз у Хатыні. Яго надзвычай уразіў мэмарыяльны комплекс:

“Мне даводзілася ў сьвеце шмат бываць у падобных месцах, аднак тут, у Хатыні, гэта проста ўражвае. Уражвае сам мэмарыял. Ніхто ня забудзе і ня мае права забыць пра тое, што тут адбывалася ў 1943 годзе. Мэта майго візыту з калегамі — ушанаваць памяць тых людзей, якія тут загінулі”.

Гэта ўжо стала традыцыяй, што ў дзень, калі ў Эўропе адзначаюць Дзень перамогі ў Другой усясьветнай вайне, літоўскія дыпляматы наведваюць Хатынь. Дыпляматы падлічылі, што гэта ўжо дзясяты візыт у Хатынь 8 траўня.

Мэмарыяльны комплекс Хатынь сымбалізуе 186 спаленых разам зь людзьмі беларускіх вёсак.

Эдмінас Багдонас згадаў, што ў Літве таксама ёсьць такія трагічныя месцы:

“Іх шмат. Побач зь Вільняй ёсьць вёска Пірчупэй. Там была прыкладна такая ж гісторыя. Прыйшлі фашысты, партызаны кагосьці застрэлілі, і яны адпомсьцілі такім чынам. У нас не такі вялікі мэмарыял. Я схіляю галаву...”

Камэнтуючы на просьбу Радыё Свабода сытуацыю вакол пераносу помніку савецкаму салдату, літоўскі амбасадар Эдмінас Багдонас адзначыў:

“Тое, што цяпер адбываецца ў Эстоніі (я маю на ўвазе не з эстонскага боку), — гэта няслушна. Так не павінна быць. Літва выказала салідарнасьць з эстонцамі ў іхным рашэньні. Наш парлямэнт і кіраўніцтва зрабілі адпаведныя заявы на гэты конт”.

22 сакавіка 1943 году фашысты спалілі беларускую вёску Хатынь разам зь людзьмі. У агні згарэлі 149 хатынцаў, у тым ліку 75 дзяцей. На месцы спаленае вёскі збудаваны мэмарыял. Некаторыя дасьледнікі сьцьвярджаюць, што менавіта Хатынь была абраная як сымбаль спаленых беларускіх вёсак, бо яе назва перагукаецца зь іншым паселішчам — Катыньню на Смаленшчыне, дзе савецкія карныя органы масава забівалі польскіх афіцэраў.



Супрацоўнікі літоўскай дыпмісіі ў Хатыні



Літоўскія дыпляматы разам з журналістамі



Вянок з жывых кветак ад літоўскай амбасады



Вянок колеру літоўскага сьцягу



Гл. таксама: • Як адзначаецца Дзень Перамогі ў Эстоніі?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG