Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты апазыцыі ўшанавалі памяць ахвяраў вайны


Альгерд Невяроўскі, Менск Дзесяць актывістаў розных дэмакратычных арганізацыяў наведалі сёньня Вайсковыя могілкі ў Менску. Яны ўсклалі кветкі да магілаў салдат і афіцэраў, што загінулі пры вызваленьні Менску ад фашыстаў, а таксама да магілаў клясыкаў беларускай літаратуры Янкі Купалы й Якуба Коласа. Як адзначаюць Дзень перамогі ўлады й апазыцыя?

Сёньня раніцай каля брамы менскіх Вайсковых могілак сабраліся сацыял-дэмакраты — паплечнікі Міколы Статкевіча, сябры былога Згуртаваньня беларускіх вайскоўцаў, іншыя апазыцыйныя актывісты.

Яны прайшлі па галоўнай алеі вайсковага мэмарыялу і ўсклалі кветкі да помніка загінулым у Другой усясьветнай вайне. Слова ўзяў сацыял-дэмакрат Алесь Арастовіч:

“На маёй памяці ўжо больш за пятнаццаць год, як сябры беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, Народнай грамады, іншых арганізацыяў прыходзяць на Вайсковыя могілкі, каб схіліць галаву перад загінулымі ў Другую ўсясьветную вайну. Мы шануем памяць тых, хто са зброяй у руках змагаўся за свабоду нашай роднай Беларусі, хто бяз зброі ў руках загінуў у гэтую вайну”.

Вось што казаў апазыцыйны актывіст Вячаслаў Сіўчык:

“Нашая мэта — паказаць, што беларускія патрыятычныя сілы заўсёды былі са сваім народам. Бо вядома і пра антынацыскі, і пра антыбальшавіцкі супраціў, які беларускі народ увесь час аказваў. Людзі, якія тут пахаваныя, якія змагаліся з фашызмам, ня маюць дачыненьня да камунізму. Бо палітрукі былі асобна, заградаддзелы НКВД былі асобна, а франтавікі былі асобна”.

Апазыцыйныя актывісты таксама ўсклалі кветкі да магілаў клясыкаў беларускай літаратуры Янкі Купалы й Якуба Коласа, лётчыка Барыса Акрэсьціна, прасьпявалі гімн “Магутны Божа”.

Сёньня ўвечары з кветкамі на Вайсковыя могілкі таксама прыйдуць актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”.

9 траўня актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі й Партыі камуністаў ускладуць кветкі да помніка Перамогі. Моладзевыя актывісты зьбіраюцца віншаваць вэтэранаў у парку Горкага.

Улады ж ладзяць сёньня ўрачысты сход і канцэрт у Палацы Рэспублікі.

9 траўня раніцай з Кастрычніцкай плошчы пачнецца шэсьце вэтэранаў, у якім традыцыйна бярэ ўдзел Аляксандар Лукашэнка. Шэсьце скончыцца ўскладаньнем вянкоў кветак да помніка на плошчы Перамогі.

9 траўня менскія ўлады таксама ладзяць адкрыцьцё помніка маршалу Жукаву, сьвяточныя канцэрты ў парку Горкага, каля Нацыянальнай бібліятэкі, каля Палацу культуры чыгуначнікаў. Розныя ўрачыстыя мерапрыемствы пройдуць і ва ўсіх раёнах Менску.

Актывісты апазыцыі на Вайсковых могілках
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG