Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У скрадзеную ў Нігерыі беларуску маглі страляць?


Ігар Карней Паводле афіцыйнай інфармацыі, машыну, якой беларуска вярталася з працы, спынілі ўзброеныя людзі. Жанчыну адвезьлі ў невядомым кірунку. Паводле іншых зьвестак, беларуску наўмысна паранілі, каб яна ня ўцякла.

Мы ўжо паведамлялі, што 5 траўня ў нігерыйскім Порт-Харкорце была скрадзеная грамадзянка Беларусі Ірына Экпа-Ума, супрацоўніца транснацыянальнай нафтавай карпарацыі “Whassan Eurest Nigeria”. Сёньня на інтэрнэт-партале Ўсеафрыканскіх навінаў зьявіліся новыя сьведчаньні выкраданьня Ірыны Экпа-Ума. Учора выкрадальнікі агучылі ўмовы вяртаньня Ірыны Экпа-Ума: выкуп 1 мільён 200 тысяч даляраў.

Паводле мясцовых крыніцаў, зламысьнікі чакалі беларуску ля брамы яе дому, пасьля чаго выстралілі ёй у нагу, каб тая не магла ўцячы. А напярэдадні, паведамляе партал, бандыты выйшлі на мужа жанчыны і пацьвердзілі агучаныя раней патрабаваньні да кіраўніцтва карпарацыі “Whassan Eurest Nigeria” — 1 мільён 200 тысяч даляраў выкупу.

У выпадку адмовы выкрадальнікі прыгразілі выкарыстаць жанчыну ў традыцыйных нігерыйскіх рытуалах ахвярапрынашэньня

Брат скрадзенай Алег Гівоін, які жыве ў Менску, сумняецца, што выкрадальнікі маюць такія намеры. Ён кажа, што ягоная пляменьніца, якая вучыцца ў Менску, учора размаўляла з бацькам і той расказваў пра іншае:

“Такога ня чуў, ад вас упершыню... У мяне зьвесткі ад яе дачкі, яна размаўляла з бацькам па тэлефоне. І тое, што яна мне пераказала, мяркую, так і было: на хаду высадзілі з машыны, заблякавалі”.

“Але ніхто, паводле яго зьвестак, не страляў?”

“Ды не, нічога пра гэта ня ведаю. Я ўвогуле лічу, што тут крыху актыўней павінны варушыцца расейцы, МЗС Расеі, кал яны за справу ўзяліся. А калі не атрымліваецца, дык я ўвогуле не ўяўляю, што тады рабіць і як”, — кажа брат скрадзенай беларускі.

Апроч таго, як расказаў Алег Гівоін, прадстаўнікі кампаніі “Whassan Eurest Nigeria” прапанавалі яму прыляцець у Нігерыю, каб асабіста назіраць за працэсам вызваленьня сястры. Аднак пакуль мэтазгоднасьці ў гэтым ён ня бачыць.

У расейскім дыппрадстаўніцтве ў Лягасе адмовіліся казаць пра тое, што цяпер адбываецца ў гісторыі са зьніклай беларускай, спаслаўшыся на “спэцыфічнасьць сытуацыі”. Там удакладнілі, што два прадстаўнікі вылецелі зь Лягасу ў Порт-Харкорт.

Нічога новага не паведамілі і ў беларускай амбасадзе ў Лёндане, дзе на консульскім уліку знаходзіцца Ірына Экпа-Ума.

Прадстаўніца МУС Беларусі Кацярына Самусенкава-Шэлегава паведаміла:

“Мы накіравалі запыт па лініі Інтэрполу. На сёньняшні дзень гэта адзінае, што магло зрабіць міністэрства ў межах сваёй кампэтэнцыі — зьвярнуцца да праваахоўных органаў Нігерыі па дапамогу ў вышуку”.



Ірына Экпа-Ума нарадзілася ў Менску ў 1958 годзе, у 1981-м выйшла замуж за нігерыйскага студэнта і пры канцы 1980-х ад’ехала ў Нігерыю. У сям’і чацьвёра дзяцей: старэйшая Разаліна вучыцца ў Беларускім дзяржаўным мэдычным унівэрсытэце ў Менску, два сыны навучаюцца ў Шатляндыі й Канадзе, малодшай дачцы два з паловай гады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG