Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады адмяняюць ільготы?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: эканаміст Леанід Злотнікаў і былы міністар працы Аляксандар Сасноў.

Чаму менавіта цяпер паўстала пытаньне аб адмене льготаў?

Валер Карбалевіч: “Адзін з галоўных ідэалягічных пастулятаў дзейнага рэжыму палягае ў тым, што ў Беларусі праводзіцца палітычны курс на сацыяльна арыентаваную дзяржаву, што сацыяльная абарона насельніцтва — асноўнае адрозьненьне беларускай мадэлі разьвіцьця ад іншых суседніх краінаў, якія пайшлі шляхам рынкавых рэформаў. І ў гэтым, нібыта, палягае перавага беларускага шляху.

І вось цяпер выканаўчая ўлада ініцыявала законапраект, якія абмяркоўваецца дэпутатамі, аб адмене большасьці льготаў.

Намесьніца кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта спадарыня Пяткевіч учора сказала ў Палаце прадстаўнікоў, што трэба было б адмяніць усе льготы ўвогуле. І гэта моцны ўдар па беларускай мадэлі.

Прычым, цікава, што ў сваіх апошніх выступах Лукашэнка казаў, што ніякіх асаблівых новых выклікаў для Беларусі ён ня бачыць, меняць палітыку не зьбіраецца. І вось такі крок. Чым вы можаце яго патлумачыць?”

Леанід Злотнікаў: “Як бы ні казалі нашы кіраўнікі, што атака з Усходу адбітая, але эканоміка губляе канкурэнтаздольнасьць. Да канца году зьнізяцца паступленьні ў бюджэт. Павялічваецца напружаньне ў фінансавай сфэры. Гэта і вымушае ўрад рабіць такія захады”.

Аляксандар Сасноў: “Пасьля пераходу да новых дачыненьняў з Расеяй перад Беларусьсю зьявіліся новыя выклікі. Да таго, што сказаў спадар Злотнікаў, хачу дадаць рост адмоўнага замежнаэканамічнага сальда. Калі лічыць гандаль толькі таварамі, без уліку паслугаў, то адмоўнае сальда з пачатку году склала амаль 800 мільёнаў даляраў.



Але хачу адзначыць, што дзяржава можа быць сацыяльнай і без усялякіх ільготаў. Пераразьмеркаваньне ўнутранага валавога прадукту можна зрабіць і без ільготаў.

Ільготы, якія засталіся ад савецкага часу, ня ўпісваюцца ў рынкавую эканоміку. Яны дэзарыентуюць вытворцаў. Таму льготы трэба не адмяняць, а пераглядаць. Бо калі адразу ўсё адмяніць, гэта моцна ўдарыць па людзях, і ўлада моцна рызыкуе”.

Злотнікаў: “З ільготамі трэба нешта рабіць, бо павялічваецца іх доля ў бюджэце. Калі ў 1990 годзе на льготы ішло 9% расходаў бюджэту на сацыяльна-культурныя мерапрыемствы, то цяпер гэтая доля складае 15%.

Таксама расьце нагрузка на пэнсійны фонд. У 1990 годзе на аднаго пэнсіянэра прыходзілася 2,2 працоўных, то цяпер гэтая лічба складае 1,6%”.

Ці гэта крок на шляху да рынкавых рэформаў?

Карбалевіч: “Апазыцыя і незалежныя эканамісты ўвесь час крытыкуюць уладу за адсутнасьць рынкавых рэформаў. Велізарныя сацыяльныя льготы, якія атрымлівае большасьць насельніцтва, гэта ў пэўным сэнсе сацыялістычны атавізм.

Дык, можа, варта вітаць гэтыя дзеяньні ўладаў як крок да рынкавых прынцыпаў, дзе кожны чалавек павінен плаціць за паслугі столькі, колькі яны каштуюць?”

Злотнікаў: “Пакуль будуць існаваць ільготы, нельга прыцягнуць прыватны сэктар у сфэру жыльлёва-камунальнай гаспадаркі ці сацыяльных паслуг і, такім чынам, зьнізіць кошт гэтых паслуг. Напрыклад, у Расеі ў некаторых гарадах, калі ў гэтыя сфэры прыйшоў бізнэс, кошт паслугаў паменшыўся ўдвая.



Прычым, патрэбная ня проста адмена льготаў, а іхная манэтызацыя. Калі раней Міністэрства статыстыкі друкавала інфармацыю ў гэтым пытаньні, то было відаць, што львіная доля льготаў — гэта аплата пуцёвак у санаторыі й дамы адпачынку. І асноўную частку пуцёвак атрымлівалі самыя высокааплачваныя групы насельніцтва.

Ільготы павінны атрымліваць толькі сацыяльна неабароненыя групы насельніцтва. Напрыклад, я лічу, што ня трэба адмяняць ільготаў студэнтам на праезд на транспарце. Таму што гэта дробязь.

Увогуле сацыяльная падтрымка павінна быць, яна ёсьць ва ўсіх краінах. Але рабіць гэта трэба ня так, як у Беларусі”.

Сасноў: “Як лібэрал, я да льготаў стаўлюся нэгатыўна. Таму што яны адмоўна ўплываюць на эканоміку. Але адмяняць ільготы трэба асьцярожна. Бо ў межах цяперашняй сыстэмы шмат людзей без ільготаў ня зможа існаваць.

Патрэбная не адмена льготаў, а іх перагляд. Такі прыклад. Камунальныя паслугі ў нас датуюцца зь бюджэту. І атрымліваецца, што гаспадары вялікіх кватэраў атрымліваюць больш датацыяў, чым уладальнікі малых кватэраў. А хто ня мае кватэры ці жыве ў сваёй хаце, амаль не атрымлівае льготаў, хоць плаціць падаткі ў бюджэт, зь якога датуюцца льготы.

Людзі павінны плаціць за жыльлё столькі, колькі яно каштуе. Але яны павінны атрымліваць і заробак, каб хапала на поўную аплату камунальных паслугаў. А для гэтага дзяржава не павінна забіраць з гаспадарчых суб’ектаў шмат грошай з дапамогай падаткаў, каб іх хапіла на заробак.

Калі ў камунальнай гаспадарцы ня будзе льготаў, туды прыйдзе прыватны капітал, зьявіцца канкурэнцыя, зьнізяцца выдаткі, кошты.

Вось спадар Злотнікаў сказаў, што льготы студэнтам трэба захаваць. Лічу, што гэтую праблему трэба вырашыць інакш, коштам павышэньня стыпэндыяў. Бо льготы робяць транспарт стратным, яго трэба датаваць. І пакуль яны існуюць, вызначыць эфэктыўнасьць працы транспартнікаў немагчыма”.

Карбалевіч: “Хацеў бы паспрачацца. Можна было б вітаць адмену гэтых ільготаў, калі б яна была часткай сыстэмных рынкавых рэформаў. Але ніякіх іншых рэформаў няма. Вось тут казалі, што немагчыма праводзіць рэформу жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, пакуль існуюць ільготы. Але такой рэформы ніхто праводзіць не зьбіраецца.

Атрымліваецца, што замест рынкавых пераўтварэньняў дзяржава проста скідвае зь сябе цяжар сацыяльнай падтрымкі людзей, і на гэтым ставяцца кропка. Тым самым здымаецца бюджэтная праблема, а нярынкавая эканамічная сыстэма захоўваецца ў нязьменным стане”.

Сасноў: “Мы падтрымліваем ідэю, а ня тое, як гэта будзе зроблена. Калі будуць толькі адмененыя льготы бяз рынкавых рэформаў, то гэта глупства”.

Якая можа быць рэакцыя насельніцтва на адмену льготаў?

Карбалевіч: “Адмена льготаў — ня толькі непапулярная, але заўсёды сацыяльна і палітычна выбуховая праблема. Не выпадкова льготы адмяняюцца не дэкрэтам прэзыдэнта, а перадаюцца ў Палату прадстаўнікоў, каб дэпутаты ўзялі на сябе адказнасьць за гэты крок.

У Расеі не адмена, а манэтызацыя льготаў, то бок кампэнсацыя іх грашыма, выклікала даволі шырокія пратэсты па ўсёй краіне. У Беларусі пра нейкую манэтызацыю гаворка не ідзе. Дэкляраваная адрасная падтрымка — хутчэй прапагандысцкі пернік. Ільготы проста адмяняюць і ўсё.

Якая можа быць рэакцыя насельніцтва? Як гэта паўплывае на аўтарытэт уладаў? Чаму апазыцыя не выкарыстоўвае спрыяльнай сытуацыі грамадзкай незадаволенасьці?”

Злотнікаў: “Лічу, што апазыцыя павінна заняць не папулісцкую пазыцыю супраць адмены льготаў, а выступаць за тое, каб адначасова з адменай ільготаў адбываліся рынкавыя рэформы. Мяркую, сацыяльнага выбуху ня будзе. Беларус будзе цярпець”.

Сасноў: “Яшчэ невядома, якія льготы адменяць, а якія застануцца. Таму казаць пра рэакцыю насельніцтва рана. Але ўлада апошнім часам умацавалася, узмацнілася роля спэцслужбаў, народ запалоханы. Думаю, апазыцыя адрэагуе на гэтыя працэсы”.

Карбалевіч: Такім чынам, адмена льготаў — першы сымптом сацыяльна-эканамічнага крызісу, які надыходзіць. У існасьці правільная ідэя, але яе рэалізацыя адбываецца па-за межамі сыстэмных рынкавых рэформаў. Улада можа гэта сабе дазволіць, таму што спадзяецца ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму цалкам кантраляваць сацыяльны пратэст”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG