Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 28.04.2007 – 04.04.2007


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“Сучасная моладзь, зрэшты, як і любая іншая моладзь, яна выходзіць перадусім за дзьве ідэі: ідэю пэрсанальнай свабоды, магчымасьці рэалізаваць сябе ў гэтым жыцьці, і ідэю незалежнасьці сваёй радзімы, ідэю служэньня Бацькаўшчыне і яе адраджэньню. Гэтыя ідэі ня могуць быць адарваныя адна ад адной. Яны вядуць моладзь у дэмакратычны рух і выводзяць на плошчы, на вуліцы”.

Аляксей Янукевіч, намесьнік старшыні партыі БНФ – у «Начной Свабодзе».

“Стратэгія ў тым выглядзе, як яна ёсьць – гэта стратэгія чаканьня. Мы чакаем, што нас запросяць альбо мы прымусім уладу сесьці за “круглы стол”... Улада ня сядзе з намі за стол перамоваў, за “круглы стол”, бо не разглядае нас як сур’ёзнага партнэра. І яна яшчэ не ў такім становішчы, каб садзіцца”.

Аляксандар Мілінкевіч, старшыня Палітрады аб''яднаных дэмакратычных сілаў – пра прапанаваную стратэгію апазыцыі.

"Мы сказалі ім (беларускаму боку): не чакайце ў абмен рашэньня па ГСП. Адкрыцьцё офісу Эўракамісіі – гэта добры крок. Але ён не павінен успрымацца як прарыў. Калі пачнуць вызваляць палітычных зьняволеных, вось гэта будзе вялікі крок".

Прадстаўнік Эўракамісіі – пра адкрыцьцё ў Беларусі прадстаўніцтва Эўракамісіі і пляны выключэньня Беларусі з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў (ГСП) Эўразьвязу.

"Кідаецца ў вочы, што на акцыях прысутнічаюць альбо зусім юныя, папросту падлеткі, альбо вэтэраны змаганьня. І назіраецца ўзроставы правал — няма больш сталай моладзі й людзей сярэдняга веку".

Аляксандар Класкоўскі, галоўны рэдактар аналітычнага бюлетеню інфармацыйнага агенцтва БелаПАН – у перадачы "Экспэртыза Свабоды".

“Усе маюць роўныя правы, але ўсё, як кажуць, залежыць ад нашага прэзыдэнта”.

Малады гарадзенец – у адказ на пытаньне Свабоды “Што трэба зрабіць, каб забясьпечыць свабоду друку ў Беларусі?”.

“Адчуваем сябе клясна. Міліцыя ніякіх прэтэнзіяў ня мае. Калі б мы ў Менску выйшлі з такімі сьцягамі, дык нас бы хуценька павязалі. Расейцы некаторыя падыходзяць, цікавяцца: што гэта за сьцягі? Мы ім расказваем, што і як.

А ўчора яшчэ “Спартак” маскоўскі гуляў у футбол. І калі мы ехалі ў мэтро з нашымі сьцягамі, дык многія думалі, што мы заўзятары “Спартака”. А мы ім казалі, што мы да “Спартака” ня маем дачыненьня. Мы — за Беларусь!”

Максім, беларускі заўзятар – пра досьвед заўзеньня за беларускіх спартоўцаў у Расеі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

“У людзей нятытульнай нацыі засталося адзінае месца, адзіны сымбаль. І ня тое, каб іх цягнула да саветчыны, але гэта была іх каштоўнасьць, бо шмат чаго іншага ў іх адабралі”.

Зінаіда Клыга, старшыня беларуска-эстонскага таварыства – пра падзеі ў Таліне падчас пераносу помніку савецкаму салдату.

“Канфліктаў паміж грамадамі ў Эстоніі, зразумела, няма, бо сярод тысячы хуліганаў, якія былі затрыманыя ў цэнтры Таліну, "на шчасьце" траціна была этнічных эстонцаў, а астатнія – прадстаўнікі этнічных меншасьцяў, якія жывуць ў Эстоніі: рускія, і шмат якія іншыя. Мы жартам гаворым, што інтэграцыя ў нас дзейнічае, бо рабавалі крамы незалежна ад роднай мовы".

Яўгэн Крыштафовіч, кіраўнік эстонскай моладзевай арганізацыі “Адкрытая рэспубліка”– пра падзеі ў Таліне падчас пераносу помніку савецкаму салдату.

"І што вельмі важна – нашы дачыненьні пазбаўленыя ўсялякай нядобрасумленнай палітыкі. Мы цалкам упэўненыя, што калі супрацоўнічаем па газе, па нафце, па прамысловасьці, у іншых сфэрах – гэта не пацягне за сабой палітычны ціск, як гэта часта бывае ў супрацоўніцтве зь іншымі дзяржавамі”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – пасьля перамоваў у Баку з кіраўніком Азэрбайджану Ільхамам Аліевым.

"Беларусь, як і шмат іншых эўрапейскіх краінаў, спрабуе абараніцца ад манапольнага прэсінгу Расеі ў энэргетычнай сфэры. Сёлета на хвалі незадаволенасьці Расеяй абмяркоўвалася магчымасьць запрашэньня Беларусі ў аб''яднаньне ГУАМ. Гэта гаворыць аб прагматычнай арыентацыі Лукашэнкі і кіраўніцтва Беларусі, якія зыходзяць не зь ідэалягічных меркаваньняў, а спрабуюць абараніць сваю краіну і выйсьці на іншыя крыніцы энэргіі".

Зафар Гуліеў, палітычны аналітык азэрбайджанскага інфармацыйнага агенцтва Туран – пра візыт А. Лукашэнкі ў Азэрбайджан.

“Я ня веру ў нейкія сур’ёзныя эканамічныя дачыненьні паміж Кіевам, Менскам і Баку, бо гэтыя краіны маюць вельмі розныя задачы. У Кіева – гэта стварыць уласную мадэль энэргетычнай незалежнасьці ад Расеі, у сёньняшняга Менску – захаваць палітычную незалежнасьць, а ў Баку – заданьне зусім іншае, бо ў іх ёсьць свае энэргарэсурсы. Мяркую, што Ўкраіна і Беларусь урэшце пачнуць плаціць Расеі за энэрганосьбіты па тых цэнах, якія існуюць на рынку, а Азэрбайджан будзе канкураваць з Расеяй. Вось і ўся мадэль узаемных адносінаў”.

Віталь Портнікаў, украінскі аналітык – у перадачы “Экспэртыза Свабоды”.

“Як асацыяваны суб’ект. Канструкцыя складаная. Як сказаў адзін разумны чалавек, гэта “зайчык у матрошцы”. Такі падыход дазволіць атрымаць тое, чаго чакалі і Расея, і Беларусь ад саюзнай дзяржавы. І пры гэтым ніхто нічога не губляе”.

Леанід Сініцын, былы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі, суаўтар “Менскага маніфэсту беларуска-расейскага яднаньня” – у адказ на пытаньне "Свабоды", якім бачыцца статус Беларусі аўтарам маніфэсту.

"Пуцін таксама будзе вучыць беларускую мову".

Уладзімер Парфяновіч, суаўтар “Менскага маніфэсту беларуска-расейскага яднаньня” – у адказ на пытаньне "Свабоды" "Калі спадар Пуцін будзе прэзыдэнтам гэтай агульнай дзяржавы, то павагі да беларускай мовы будзе таксама больш?"

"Леанід Сініцын мае рэпутацыю махровага палітычнага бізнэсоўца. Гэта спроба заняць нішу з тых, хто і як за больш нізкую цану прадасьць Беларусь".

Анатоль Лябедзька, старшыня Аб''яднанай грамадзянскай партыі – пра інтэграцыйную ініцыятыву Л. Сініцына і У. Парфяновіча

“У будучай незалежнай дэмакратычнай Беларусі гэтыя рэчы будуць разглядацца як замах на зьнішчэньне незалежнасьці нашай краіны. Тыя, з дазволу сказаць, палітыкі, якія выводзяцца з Лукашэнкавага асяродзьдзя і якія выступаюць з такімі ініцыятывамі, канчаткова маргіналізуюцца. Таму што яны ідуць у бок, процілеглы нацыянальнай і дзяржаўнай сьвядомасьці беларускага народу. З кожным днём колькасьць тых, хто згодны быў бы са зьнішчэньнем Беларусі, імкліва зьмяншаецца. І сёньня незалежнасьць Беларусі ёсьць каштоўнасьцю нацыянальнага кансэнсусу”.

Вінцук Вячорка, старшыня партыі БНФ партыі – пра інтэграцыйную ініцыятыву Л. Сініцына і У. Парфяновіча.

“Прысутнасьць тут сёньня Аляксандра Мілінкевіча – гэта дэманстрацыя ня толькі нашай супольнай мінуўшчыны, але і эўрапейскай пэрспэктывы Беларусі, нашай агульнай будучыні”.

Багдан Барусевіч, сьпікэр Сэнату Польшчы – падчас нацыянальнага сьвята Польшчы, гадавіны прыняцьця Канстытуцыі 3 траўня

“Эканоміка краіны ў найбліжэйшыя гады можа ня вытрымаць армію пэнсіянэраў-ільготнікаў, што павялічваецца з кожным годам, – калі не прыняць новае заканадаўства”.

Тацяна Пагонышава, начальнік аддзелу разьвіцьця пэнсійнай сыстэмы галоўнай управы пэнсійнага забесьпячэньня і сацыяльнага страхаваньня Міністэрства працы і сацыяльнай абароны – у інтэрвію "Інтэрфаксу".

“Гэта той жа самы Ленін, што стаяў на плошчы. Ён быў адрамантаваны і будзе пастаўлены наноў. Там разышліся швы мацаваньняў, калі яго ссунулі, ён “пайшоў па швах”, але ўсё цяпер папросту будзе зроблена наноў”.

Віктар Руды, архітэктар Ліды – пра рэканструкцыю помніка Леніну.

“Тая кампанія, якая цяпер ідзе з самой Беларусі ад няўрадавых арганізацыяў, заканамерная. І аб’ектыўна — а чаго ж беларускі рэжым хацеў?! Каб мы маўчалі ў той час, калі правы нашых грамадзянаў, правы саміх няўрадавых арганізацыяў парушаюцца самым грубым чынам?! Не. Маўчаць мы ня будзем. І таму гэтыя звароты цяпер ідуць у міжнародныя структуры, сябрам Рады ў правах чалавека і дзяржаўным прадстаўніцтвам пры ААН, якія будуць галасаваць, вырашаючы гэта пытаньне: прымаць Беларусь ці не”.

Алесь Бяляцкі, праваабаронца – пра міжнародную кампанію супраць абраньня Беларусі у склад Рады ААН у правах чалавека.

“Для гэтага патрэбнае адно – каб улада не рабіла нічога, каб яна не перашкаджала. І свабода друку будзе забясьпечаная. Гэтага дастаткова”.

Аляксандар Старыкевіч,галоўны рэдактар Інтэрнэт-газэты “Салідарнасьць” – у адказ на пытаньне Свабоды “Што трэба зрабіць, каб забясьпечыць свабоду друку ў Беларусі?”

“Чыноўнікі дробнага рангу падыходзілі: “Выбачайце, але ж гэта прэзыдэнт вінаваты, Савет міністраў. Ня мы, ня мы..." Брыдка слухаць, калі гэтыя чыноўнікі гавораць: “Мы вас разумеем. Вы выходзьце на плошчу, нешта рабіце! Усіх ільготаў не пакінуць. Гэтага патрабуе прэзыдэнт, Савет міністраў!”

Аляксандар Ваўчанін, лідэр ініцыятыўнай групы ў справе стварэньня грамадзкай арганізацыі “Ліквідатар” – пра сытуацыю вакол законапраекту аб упарадкаваньні сацыяльных ільготаў.

“Тыя людзі, якія выйшлі на акцыі вясной, ня ёсьць уласнасьцю апазыцыі. Гэта патэнцыял беларускага дэмакратычнага грамадзтва, які жыве самастойным жыцьцём, не залежным ад дзейнасьці палітычнай апазыцыі".

Віктар Івашкевіч, намесьнік старшыні партыі БНФ – у перадачы "Экспэртыза Свабоды".

“Эўрапейская звалка атрымліваецца зь Беларусі. Замест таго, каб зьбіраць папулярны “Форд-Фокус”, як гэта робіцца пад Піцерам, ці, прыкладам, іншыя новыя мадэлі, мы чамусьці падбіраем усё, што маральна састарэла. Я ўвогуле так сказаў бы: нам падсоўваюць “нафталінавы” тавар. Гэта ж як трэба не паважаць грамадзянаў сваёй краіны, беларусаў! Мы эўрапейцы, мы прызвычаіліся да самага сучаснага абсталяваньня, машын і г.д. Таму мяне ўсё гэта, шчыра кажучы, зьдзіўляе, калі не сказаць больш”.

Алег Маркевіч, кіраўнік Асацыяцыі кіроўцаў і ўладальнікаў аўтатранспарту – пра дзяржаўную палітыку ў галіне аўтамабілебудаваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG