Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 4 траўня


Юлія Шарова, Менск Агляд форумаў і блогаў белнэту

На форумах парталу абмяркоўваюць заявы намесьніцы кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Пяткевіч. Спадарыня Пяткевіч учора, на сустрэчы зь беларускімі парлямэнтарамі й прадстаўнікамі грамадзкіх арганізацыяў заявіла, што льготы ў Беларусі трэба было адмяніць усім да адзінага. Вось што пра гэта думаюць наведнікі форумаў:

“Добры законапраект, але не для гэтай краіны. Дарма яны не адмянілі ўсе льготы адначасова – заканчэньне кар’еры на відэльцах пэнсіянэраў было б вельмі відовішчным”.

“Такі законапраект ніколі ня прымуць. Гэта ж канец эпохі Лукашэнкі й кампаніі. Але калі прыйдзе канец эканоміцы, усё зваляць на ільготнікаў і няправільных дэпутатаў. Чарговая апэрацыя – прыкрыцьцё”.

“Усіх безь ільготаў? На маю думку, гэта першы крок да спэцразьмеркавальнікаў і заробкаў у капэртах у гэтак званых вэртыкальнікаў. Хоць у прынцыпе спэцсталоўкі ды іншыя перажыткі сацыялізму ў Беларусі ўжо даўно квітнеюць”.

На сайце абмяркоўваюць навіну пра тое, што 14 выпускнікоў Беларускага ўнівэрсытэту транспарту, што ў Гомелі, сёлета разьмяркоўваюць у Расею. Камэнтары чытачоў:

“Выходзіць, што Расейская чыгунка падпарадкаваная беларускаму ўраду”.

“Сытуацыя на першы погляд камічная й абсурдная да нерэальнасьці. Усё было б сьмешна, калі не задумвацца пра лёс гэтых выпускнікоў. А ведаючы беларускую практыку разьмеркаваньня дый наагул дзейнасьць на практыцы беларускіх законаў, усё цалкам рэальна. І ад гэтага жахліва”.

“На расейскай чыгунцы ўмовы някепскія, але толькі ў Маскве, для машыністаў ды ўвогуле такіх сур’ёзных прафэсіяў. Новаабарочаныя атрымліваюць вельмі мала – асабліва ў Бранскіх ці Пскоўскіх мясьцінах”.

Зьміцер Солтан на блог-партале піша: “Для мяне было сюрпрызам тое, што, аказваецца, Калоская (Барысаглебская) царква ў Горадні, альбо полацкая Сафія не ўваходзяць у сьпіс UNESCO — увогуле, беларускіх помнікаў у сьпісе толькі тры. Гэта Нясьвіскі комплекс, Мірскі замак, і Белавеская пушча. Яшчэ большым сюрпрызам было тое, што апроч беларускіх помнікаў у нас знаходзіцца адзін помнік міжнародны — Геадэтычная арка Струвэ... Цікава, што ў часе пабудовы, канструкцыя праходзіла па тэрыторыі толькі дзьвюх краінаў — Швэцыі-Нарвэгіі й Расейскай Імпэрыі, а цяпер ажно дзесяці (Нарвэгія, Швэцыя, Фінляндыя, Расея, Эстонія, Латвія, Літва, Беларусь, Украіна, Малдова).

Увагу чальцоў суполкі Жывога журналу прыцягнуў фотарэпартаж зь пікету эстонскага генэральнага консульства ў Менску. Чальцы суполкі адзін за адным робяць з фотаздымка мужчыны, які трымае плякат “Эстонскі фашызм – ганьба Эўразьвязу” каляжы. Адзін з каляжаў: “Прабачце, што да вас зьвяртаемся, самі мы не мясцовыя, падайце хто колькі можа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG