Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Ляўковічу прысудзілі штраф 620 тысячаў рублёў


Любоў Лунёва, Менск Суд Савецкага раёну прысудзіў выканаўцу абавязкаў старшыні Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Анатолю Ляўковічу штраф памерам 20 базавых велічыняў

Судзьдзя Людміла Савасьцян зачытала прысуд Анатолю Ляўковічу - 20 базавых велічыняў або 620 тысячаў рублёў. Судзьдзя такім штрафам пакарала спадара Ляўковіча толькі за тое, што ён ішоў на дазволенае месца разам са сваімі паплечнікамі ад вуліцы Бяды па вуліцы Сурганава на плошчу Бангалор.

Паводле міліцыянтаў, гэта было парушэньне грамадзкага парадку і Закону аб масавых мерапрыемствах. Яны спаслаліся на тое, што людзі, якія йшлі калёнай на плошчу Бангалор, мелі пры сабе сьцягі зарэгістраванай Мін''юстам Сацыял-дэмакратычнай партыі, а таксама расьцяжку “Свабоду Казуліну”.

Адзін зь міліцыянтаў, які быў сьведкам у судзе - супрацоўнік ДАІ Зьміцер Максіменка - не апазнаў спадара Ляўковіча, а паказаў на ягонага паплечніка. Прычым ён зрабіў гэта двойчы, калі судзьдзя папрасіла яго паказаць правапарушальніка.

Нягледзячы на гэта, судзьдзя Людміла Савасьцян паведаміла, што супрацоўнік ДАІ “можа памыляцца, таму што было шмат людзей”.

Сп. Ляўковіч чакаў, што яму могуць прысудзіць “суткі” – ён быў гатовы і да гэтага. Прысуд – 620 тысячаў рублёў – ён успрыняў вельмі спакойна, хоць на сёньняшні момант зьяўляецца беспрацоўным.

“Я амаль паўстагодзьдзя традыцыйна адзначаю гэтае сьвята – сьвята працы, сьвята свабоды, сьвята салідарнасьці. Прычым хацеў бы адзначыць, што яно і цяпер у Беларусі дзяржаўнае сьвята. Тое, што мы адзначаем дзяржаўнае сьвята і сьвята свабоды – за гэта нас і караюць”, - сказаў пасьля абвяшчэньня прысуду Анатоль Ляўковіч.

Супрацоўнікі міліцыі паведамілі, што яны яшчэ шукаюць спадара Калякіна – нібыта ён таксама быў у “злачыннай” калёне. Яны казалі сп. Ляўковічу ў РАЎСе, што ім трэба яшчэ яго знайсьці, і ня выключана, што ў панядзелак зьявіцца новы пратакол – на лідэра камуністычнай партыі.

Менск, 4 траўня 2007. Савецкі суд. Анатоль Ляўковіч пасьля абвяшчэньня прысуду

Менск, 4 траўня 2007. Савецкі суд. Анатоль Ляўковіч пасьля абвяшчэньня прысуду
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG