Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Імпэрскія інстынкты і атавізмы ў Расеі застануцца”


Віталь Цыганкоў, Менск Чым можна патлумачыць, што канфлікты Расеі з сваімі суседзямі – Эстоніяй, Украінай, Латвіяй, Беларусьсю, Польшчай – становяцца звыклай тэндэнцыяй? Што могуць проціпаставіць краіны былога СССР энэргетычнаму і палітычнаму ціску Масквы? Гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды абмяркоўваюць ўкраінскі палітычны аналітык Віталь Портнікаў і беларускі палітоляг Віталь Сіліцкі.

“Канцэпцыя сусьветнай змовы супраць расейскай “сувэрэннай дэмакратыі”?

Цыганкоў: “Падзеі ў Эстоніі вакол помніка савецкім салдатам і абвастрэньне ў сувязі з гэтым адносінаў паміж Эстоніяй і Расеяй зноў пацьвярджаюць пэўную тэндэнцыю ў расейскай зьнешняй палітыцы апошніх гадоў. Канфлікты Расеі з сваімі суседзямі здараюцца з падазронай пасьлядоўнасьцю, адна “ахвяра” зьмяняе іншую. Якія матывы пабуджаюць Маскву ўвесь час ісьці на канфлікт з суседзямі?”

Портнікаў: “Мне здаецца, што цяпер можна гаварыць якраз не пра зьмену зьнешняй палітыкі Расеі, а пра тое, што суседзі Расеі сталі для Масквы часткай зьнешняга сьвету. А да зьнешняга сьвету Расея ставіцца як да нейкай масы, супраць якой Расеі мае абараняцца, як крэпасьць у аблозе. Цяпер шмат кажуць, што Эстонію ў Маскве ўспрымаюць як колішнюю савецкую рэспубліку, як калёнію. Зусім не! Якраз Эстонія ўжо стала часткай Захаду, і да падзеяў там ужо можна ставіцца так, як яны адбываюцца ў чужой прасторы і накіраваныя супраць Расеі. Калі мы пабачым, што ў расейскіх СМІ увесь час праводзіцца ідэя сусьветнай змовы супраць расейскай “сувэрэннай дэмакратыі”, дык мы зразумеем, што эстонскія падзеі кладуцца ў канцэпцыя такой змовы”.

Цыганкоў: “Віталь, але ж апошнія канфлікты адбываюцца менавіта з краінамі, былымі рэспублікамі СССР, а не з краінамі Захаду, з Іранам, Кітаем.. Чаму менавіта такая тэндэнцыя?”

Портнікаў: “Магчыма, якраз таму што краіны былога Савецкага Саюзу бліжэй з пункту гледжаньня прапагандысцкай тэматыкі. Але я б не сказаў, што канфлікты толькі з імі. Быў вядомы канфлікт з Польшчай – натуральна, яна таксама бліжэй да Расеі, чым Францыя альбо Гішпанія. Аднак – узгадаем, як ставіліся да Даніі, калі яна не згадзілася выдаць Расеі Ахмеда Закаева. Я мушу сказаць, што артыкулы, якія тады зьяўляліся ў расейскіх выданьнях пра Данію і яе жыхароў, не вельмі адрозьніваліся па танальнасьці ад таго, што зараз пішуць пра Эстонію і Эстонцаў. Так што можна прывесьці нямала прыкладаў, якія якраз гавораць, што ня варта сьцьвярджаць, нібыта гэта накіравана толькі супраць краінаў постсавецкай прасторы”.

”Ствараецца карціна фашысцкага сьвету вакол”

Сіліцкі: “На маю думку, канфлікт з Эстоніяй – гэта працяг сёньняшняй унутранай расейскай палітыкі. Цяпер у Расеі адбываецца працэс нават не аўтарызацыі, а я б сказаў – дыктатурызацыі і фашызацыі кіроўнага рэжыму. Каб легітымізаваць гэты працэс, каб грамадзтва ўспрымала станоўча ці хаця б абыякава зьбіцьцё нязгодных і забойствы журналістаў – ствараецца карціна фашысцкага сьвету вакол.

Прапагандысцкая шуміха, што разгарнулася супраць эстонскай дзяржавы, была відавочна вельмі добра сплянавана. Інфармацыйнымі тэхналёгіямі справакавалі выступы часткі расейскамоўнай мяншыні (а яны пераважна атрымліваюць навіны з ОРТ і РТР), выбарачна здымаецца карцінка зьбіцьця дэманстрантаў, пры гэтым апускаецца карцінка разгрому цэнтру Таліна – гэта ствараецца карцінка фашысцкага варожага сьвету.

Стары савецкі прыём плюс выкарыстаньне новых інфармацыйных тэхналёгіяў. Нагадаю, што дзеля гэтага ў Крамлі ў 2005 году была створаная спэцыяльная група пад кіраўніцтвам Мадэста Колерава (колішняя правая рука Глеба Паўлоўскага) - гэтымі правакацыямі яны займаюцца даўно”.

Цыганкоў: “Расея, заяўляючы сабе як “энэргетычная звышдзяржава”, таксама спрабуе праз энэргетычныя бясьпеку аказваць палітычны ціск на суседнія дзяржавы. Эстонія можа абараніць сябе як сябар Эўразьвязу. А што рабіць іншым, Украіне, Азэрбайджану, Беларусі? Як яны павінны рэагаваць, як будаваць свае адносіны з Расеяй?”

“Зьнешнюю палітыку Расеі трэба ўспрымаць як дадзенасьць, імпэрскія інстынкты і атавізмы там застануцца”

Портнікаў: “Мне здаецца, што тут ёсьць два падыходы. Па-першае, трэба будаваць свае адносіны з Расеяй як адносіны двух незалежных дзяржаў і не зьвяртаць увагу на прапаганду.

Па-другое, трэба быць больш уважлівым да ўласных унутрыпалітычных праблем. Сытуацыя ў Эстоніі не была б такой складанай, калі б урад вёў сур’ёзны дыялёг з апазыцыяй. Цэнтрысцкая партыя папярэджвала, што падзеі будуць разьвівацца менавіта так. Трэба больш сур’ёзна ставіцца да палітыкі інтэграцыі мяншыняў. Прадбачыць наступствы сваіх дзеяньняў і не падстаўляцца. І гэта тычыцца ня толькі Эстоніі”.

Цыганкоў: “Ці могуць Украіна, Азэрбайджан і Беларусь нейкім чынам сумесна процістаяць энэргетычнаму ціску Масквы?”

Портнікаў: “Я ня веру ў нейкія сур’ёзныя эканамічныя дачыненьні паміж Кіевам, Менскам і Баку, бо гэтыя краіны маюць вельмі розныя задачы. У Кіева – гэта стварыць уласную мадэль энэргетычнай незалежнасьці ад Расеі, у сёньняшняга Менску – захаваць палітычную незалежнасьць, а ў Баку – заданьне зусім іншае, бо ў іх ёсьць свае энэргарэсурсы. Мяркую, што Украіна і Беларусь урэшце пачнуць плаціць Расеі за энэрганосьбіты па тых цэнах, якія існуюць на рынку, а Азэрбайджан будзе канкураваць з Расеяй. Вось і ўся мадэль узаемных адносінаў”.

Цыганкоў: “Ці могуць суседзі Расеі, вельмі розныя па палітычных сыстэмах, нейкім чынам аб’яднацца ці кожная будзе вырашаць праблему ўціску Крамля самастойна?”

Сіліцкі: “Зьнешнюю палітыку Расеі трэба ўспрымаць як дадзенасьць, імпэрскія інстынкты і атавізмы там застануцца. Таму кожная краіна мусіць спакойна, разважліва і на доўгатэрміновую пэрспэктыву клапаціцца аб уласнай эканамічнай і энэргетычнай бясьпецы.

У прыкладзе з Беларусьсю краіна сустрэла газавы канфлікт з Расеяй зусім не падрыхтаванай. Афіцыйныя ўлады зьвялі абарону да нейкіх імпульсіўных і прапагандысцкіх захадаў. Незалежная грамадзтва таксама не зрэагавала. Усе нібыта хацелі назіраць за бойкай, а пазытыўнага захаду ў адказ, прапановы зьмястоўнай канцэпцыі энэргетычнай бясьпекі не прагучала.

Абарона ўласнага сувэрэнітэту ня мусіць зводзіцца да інфармацыйных правакацый, ці дэманстратыўных зьнешнепалітычных дэмаршаў, а спакойных і адказных захадаў па ўзмацненьню дзяржаўнасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG