Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліквідатара не пусьцілі на паседжаньне ў Палаце прадстаўнікоў


Вячаслаў Кулік, Менск Лідэра ініцыятыўнай групы ў справе стварэньня грамадзкай арганізацыі “Ліквідатар” Аляксандра Ваўчаніна не пусьцілі на паседжаньне групы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і чыноўнікаў. За зачыненымі дзьвярыма абмяркоўвалі законапраект аб скасаваньні шэрагу сацыяльных ільготаў.

Запрашэньне паўдзельнічаць у абмеркаваньні законапраекту Аляксандар Ваўчанін атрымаў напярэдадні ад намесьніцы кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч. Але раніцай спадара Ваўчаніна не пусьцілі нават на парог.

“Я прыйшоў у Палату прадстаўнікоў а палове адзінаццатай. Запытаў, ці ёсьць у сьпісе запрошаных маё прозьвішча? Няма! Якраз ішла Натальля Пяткевіч. “Я буду разьбірацца”, — паабяцала яна. Але неўзабаве зьявіліся чыноўнікі. Яны паведамілі, што маё прозьвішча выкрасьленае, бо ў мяне “зусім іншыя погляды на законапраект”.

Аляксандар Ваўчанін — лідэр ініцыятыўнай групы ў стварэньні грамадзкай арганізацыі “Ліквідатар”. Ён заяўляе, што ў Менску ды рэгіёнах налічваецца да дзьвюх тысяч прыхільнікаў гэтай ініцыятывы.

Ліквідатараў непакояць намеры ўлады скасаваць ацалелыя льготы для насельніцтва, у тым ліку ліквідатараў-чарнобыльцаў. Такі праект упершыню зьявіўся ў 2003 годзе. Зноў яго згадалі ў 2005-м. Але дэпутаты галасавалі супраць.

Цяпер жа Аляксандар Лукашэнка асабіста даручыў прыняць дакумэнт.

“Чыноўнікі дробнага рангу падыходзілі: “Выбачайце, але ж гэта прэзыдэнт вінаваты, Савет міністраў. Ня мы, ня мы... Брыдка слухаць, калі гэтыя чыноўнікі гавораць: “Мы вас разумеем. Вы выходзьце на плошчу, нешта рабіце! Усіх ільготаў не пакінуць. Гэтага патрабуе прэзыдэнт, Савет міністраў!”

Аляксандар Ваўчанін даводзіць, што ініцыятыву ліквідатараў падтрымала дэпутатка Вольга Абрамава. Сама ж яна адмовілася агучыць гэта на Радыё Свабода:

“Не магу адказваць. Я не працую з Радыё Свабода”.

Няма пакуль зьвестак і пра абмеркаваньне законапраекту за зачыненымі дзьвярыма Палаты прадстаўнікоў.

Праўда, на патрабаваньне не называць прозьвішча, адзін з дэпутатаў кажа, што “калі справа дойдзе да пайменнага галасаваньня, то на блізкіх выбарах у парлямэнт усім нам нагадаюць скасаваньне ільготаў для насельніцтва”.

Законапраект прадугледжвае скасаваньне шэрагу льготаў для інвалідаў усіх групаў. Дзеці-інваліды, навучэнцы і студэнты страцяць ільготы на праезд. Зьменшыцца матэрыяльная дапамога для былых вязьняў фашысцкіх лягераў, турмаў і гета. Законапраект прадугледжвае пазбаўленьне ўсіх ільготаў ліквідатараў аварыі на ЧАЭС.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG