Лінкі ўнівэрсальнага доступу

71% палякаў задаволеныя тым, што краіна ўваходзіць у Эўразьвяз


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава 1 траўня 2004 году Польшча далучылася да эўрапейскага зьвязу. Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што цягам апошніх трох гадоў колькасьць тых, хто задаволены з сяброўства сваёй краіны ў ЭЗ, ўзрасла на 20%.

Паводле дадзеных апытаньняў Цэнтру дасьледаваньняў грамадзкай думкі, 71% палякаў задаволеныя тым, што іхная краіна ўваходзіць у склад Эўрапейскага Зьвязу і толькі 6% апытаных прытрымліваюцца супарцьлеглага меркаваньня.

Цягам трох гадоў ад часу далучэньня Польшчы да Эўразьвязу колькасьць жыхароў гэтай краны, задаволеных ўзрасла на 20%.

“Польскія фэрмэры, прадстаўнікі мясцовых уладаў, якія перад далучэньнем краіны да Эўразьвязу вагаліся, ці не пагоршыць гэты крок сытуацыю перадусім у сельскай гаспадарцы, пабачылі, што гэта ня так. Наадварот, ёсьць моцная падтрымка, датацыі. Усё гэта прывяло да таго, што польскае грамадзтва стала найбольш праэўрапейскім на кантынэнце”, – гаворыць былы міністар замежных справаў Польшчы, дэпутат Эўрапарлямэнту Браніслаў Герэмак.

Далучэньнем краіны да Эўразьвязу задаволеныя бізнэсоўцы, для якіх зьніклі мытныя бар’еры, спажыўцы – з-за большага выбару тавараў, а таксама сотні тысячаў дагэтуль безпрацоўных, якія атрымалі магчымасьць свабодна працаваць у шэрагу краінаў Эўразьвязу і з гэтай магчымасьці актыўна карыстаюцца.

За грошы Эўразьвязу, а Польшча цягам апошніх гадоў атрымала каля 2 мільярдаў даляраў дапамогі, будуцца дарогі, цяпер трэба будзе будаваць стадыёны ды іншыя аб’екты да чэмпіянату Эўропы па футболе ў 2012 годзе. Адмыслоўцы ўпэўненыя: Польшча і Украіна не былі б абраныя ў якасьці гаспадароў гэтага мерапрыемства, калі б Польчша не была ў Эўразьвязе.

Апазыцыцыя, аднак, лічыць, што цяперашнія ўлады нічога ня робяць, каб стрымаць масавы выезд палякаў на працу за мяжу і не выкарыстоўваюць усіх магчымасьцяў, якія дае Эўразьвяз.

“Ня толькі левыя партыі, якія цяпер у апазыцыі, але і шмат людзей з іншымі палітычнымі поглядамі, што да ацэнкі цяперашніх уладаў, думаюць таксама як мы”, – заявіў Радыё Свабода віцэ-сьпікэр Сэйму, лідэр Саюзу Левых дэмакратаў Войцех Алейнічак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG