Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На хакеі багата бел-чырвона-белых сьцягоў


Уладзімер Глод, Менск Беларускія телегледачы, якія глядзяць рэпартажы з Чэмпіянату сьвету па хакеі, што цяпер праходзіць у Расеі, часта бачаць на трыбунах групы падтрымкі каманды Беларусі. Адны заўзятары разгортваюць гістарычныя бел-чырвона-белыя сьцягі й накладаюць на твар палоскі такога ж колеру, а іншыя прыходзяць на гульні з афіцыйнымі дзяржаўнымі сьцягамі.

Беларускае тэлебачаньне ўжо паказала ў жывым этэры першыя гульні беларусаў — з чэхамі ды амэрыканцамі. Абодва разы ў лядовым палацы лунала багата бел-чырвона-белых сьцягоў.

Мэдыя-экспэрт Леанід Міндлін тлумачыць, што ад супрацоўнікаў БТ не залежала, што пабачаць гледачы. Адлюстраваньне падзеяў на чэмпіянаце (так званая “карцінка”) на экранах тэлевізараў — агульная для ўсіх краінаў, дзе глядзяць гэтыя спаборніцтвы.

“Існуе тэлекампанія, якая атрымала правы на трансьляцыю гэтага чэмпіянату. У дадзеным выпадку гэта расейская кампанія. Яна дае тэлевізійную “карцінку”. І гэта яе супрацоўнікі — рэжысэры, апэратары, інжынэры — падаюць карцінку на спадарожнік. Зь яго мы яе й атрымоўваем. І гэтая карцінка ідзе ва ўсе краіны, якія пажадалі яе атрымаць”.

Заклікі паехаць у Расею, каб падтрымаць хакеістаў Беларусі, дагэтуль застаюцца на рэклямных шчытах у цэнтры Менску. Гучаць яны так: “Ваша поддержка — наша победа”.

Прыхільнікаў беларускай каманды ў Расеі шмат. Прыкладам, учора падчас матчу з камандай ЗША менавіта яны запоўнілі сэктары і за аднымі, і за другімі брамамі, дзе квіткі таньнейшыя, чым на цэнтральных трыбунах.

Заўзятар Максім зь сябрамі паехаў зь Менску ў Маскву таксама падтрымаць сваю каманду. Хлопцы ўзялі з сабою бел-чырвона-белыя сьцягі й сьцяжкі з Пагоняй.

Сёньня я патэлефанаваў Максіму і пацікавіўся, як маскоўская міліцыя рэагавала на нацыянальныя сымбалі:

“Адчуваем сябе клясна. Міліцыя ніякіх прэтэнзіяў ня мае. Калі б мы ў Менску выйшлі з такімі сьцягамі, дык нас бы хуценька павязалі. Расейцы некаторыя падыходзяць, цікавяцца: што гэта за сьцягі? Мы ім расказваем, што і як.

А ўчора яшчэ “Спартак” маскоўскі гуляў у футбол. І калі мы ехалі ў мэтро з нашымі сьцягамі, дык многія думалі, што мы заўзятары “Спартака”. А мы ім казалі, што мы да “Спартака” ня маем дачыненьня. Мы — за Беларусь!”

Максім таксама гаворыць, што настрой беларускіх заўзятараў, пасьля дзьвюх паразаў з буйным лікам ад камандаў Чэхіі й ЗША, даволі кепскі. Але ж, падкрэсьлівае малады заўзятар, суцяшае вось што:

“Бел-чырвона-белых сьцягаў вельмі многа. Больш, чым афіцыйных, зялёных”.

Беларускі заўзятар Максім гаворыць, што з расейцамі размовы ідуць ня толькі пра хакей:

“Мы ўчора размаўлялі ў мэтро з адным масквічом. І прыйшлі да высновы, што Беларусь — гэта палігон, на якім Расея адпрацоўвае сваю будучыню. Усё, што цяпер у Беларусі, будзе і ў Расеі празь некалькі гадоў”.

Алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч гаворыць, што ён паглядзеў па тэлевізіі абодва матчы беларусаў. Да розных сьцягоў ён ставіцца спакойна:

“Кожны мае сваю думку й выказвае яе такім чынам. Можа, і ў камандзе камусьці падабаецца, што ёсьць бел-чырвона-белыя сьцягі, а камусьці — зялёныя з чырвоным. Для каманды любая падтрымка — гэта падтрымка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG