Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Левыя сілы пойдуць 1 траўня на Бангалор


Альгерд Невяроўскі, Менск Менскі гарвыканкам не дазволіў прадстаўнікам Партыі камуністаў беларускай, партыі жанчын “Надзея”, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” й прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці адзначаць 1 траўня на пляцоўцы каля Акадэміі навук. Санкцыянавана толькі правядзеньне мітынгу-маёўкі ў парку Дружбы народаў.

Арганізатары сьвяткаваньня Аляксандар Бухвостаў і Генадзь Фядыніч спрабавалі ў пятніцу абскардзіць рашэньне Менгарвыканкаму ў гарадзкім судзе, але безвынікова.

Гаворыць сакратар Партыі камуністаў Валеры Ўхналёў:

“Менгарвыканкам не дазволіў нам збору і шэсьця ад Акадэміі навук да парку Дружбы народаў. Але мы ўжо ня здолеем пераарыентаваць людзей. І таму зь людзьмі, што прыйдуць да Акадэміі навук, мы пойдзем на Бангалор, дзе правядзем мітынг з удзелам творчых калектываў. У гэтым мерапрыемстве будуць браць удзел і нашы актывісты, якія прыедуць з усіх буйных гарадоў краіны ў горад Менск”.

Актывісты левых апазыцыйных партыяў з рэгіёнаў зьбіраюцца 1 траўня прыехаць у Менск. Хаця ў некаторых месцах, магчыма, пройдуць лякальныя маёўкі.

На маёўцы маюць намер выступіць Кася Камоцкая, Зьміцер Бартосік, Ігар Варашкевіч, гурты “Таварыш Маўзэр”, “Чырвоным па беламу” ды іншыя.

Традыцыйна сьвята працы адзначаюць і сацыял-дэмакраты. Гаворыць выканаўца абавязкаў старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Анатоль Ляўковіч:

“Першамай — традыцыйна наша сьвята, сьвята людзей наёмнай працы. Сёньня яно, канечне, пашыранае. Першамай — гэта сьвята, якое дэманструе прынцыпы салідарнасьці, справядлівасьці, свабоды — гэта прынцыпы ўсясьветнай сацыял-дэмакратыі. І колькі існуе наша партыя, а яна існуе больш за шаснаццаць гадоў, мы заўжды традыцыйна адзначалі гэтае сьвята. Першамай — гэта заўжды маёўкі, мерапрыемствы, салідарнасьць”.

Арганізатары маёўкі гавораць, што яна будзе актам салідарнасьці з палітзьняволенымі, і з усімі тымі, чые правы парушаюцца ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG