Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Мілінкевіч: цяперашняя стратэгія – гэта стратэгія чаканьня


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менску і ў Гомелі прайшлі канфэрэнцыі абласных арганізацый палітычных партый і грамадзкіх аб’яднаньняў. На іх вырашаліся пытаньні, зьвязаныя з правядзеньнем кангрэсу дэмакратычных сілаў.

Міні-кангрэс Менскай вобласьці праходзіў у сядзібе БНФ. На яго сабралася 85 дэлегатаў са 126-ці. Найбольшую колькасьць, 26 дэлегатаў мела ПКБ, 17 АГП і 16 Партыя БНФ. У выніку галасаваньня па асноўных пунктах была падтрыманая пазыцыя левых сілаў. Дэлегат Юрась Зянковіч патлумачыў:

“У Менскай вобласьці сярод дэлегатаў кангрэсу, канечне, пераважалі левыя сілы. І гэта адбілася на выніках галасаваньня. Па сутнасьці, асноўныя пытаньні, якія былі для нас істотнымі, мы прайгралі. Напрыклад, менскі абласны кангрэс прыняў рашэньне рэкамэндаваць агульнанацыянальнаму кангрэсу абіраць пяць сустаршыняў замест аднаго лідэру дэмсілаў. Але гэта ня ёсьць рашэньне, якое абавязвае дэлегатаў менскай вобласьці. Больш за тое, будуць падведзены вынікі галасаваньня па ўсёй краіне і толькі пасьля гэтага будзе прынята тое ці іншае рашэньне”.

У працы канфэрэнцыі ўзялі ўдзел лідэры палітычных партый і рухаў. У сваім выступе лідэр дэмсілаў Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што дэмакратычныя сілы сёньня значна слабейшыя, чым падчас прэзыдэнцкіх выбараў, бо яны рэальна не аб’яднаныя. Ён сказаў, што на кангрэсе можна прымаць без сур’ёзных зьменаў малую канстытуцыю і эканамічную плятформу. Аднак, паводле спадара Мілінкевіча, стратэгія мае быць значна дапрацаваная.

“Стратэгія ў тым выглядзе, як яна ёсьць – гэта стратэгія чаканьня. Мы чакаем, што нас запросяць альбо мы прымусім уладу сесьці за “круглы стол”. А нам патрэбна стратэгія дзейнасьці, дзейнасьці з народам. Ісьці ў народ трэба. Улада ня сядзе з намі за стол перамоваў, за “круглы стол”, бо не разглядае нас як сур’ёзнага партнэра. І яна яшчэ не ў такім становішчы, каб садзіцца”.

Паводле Аляксандра Мілінкевіча, трэба працаваць з адзіным штабам, з адзіным лідэрам і праграмай. Ён выказаўся за абраньне старшыні палітрады на кангрэсе, тайным галасаваньнем:

“Я не бачу свайго месца ў схеме ратацыйнай альбо “круглага стала”. Круглым сталом, кісялём з дыктатурай не змагаюцца. Я проста ня буду ўдзельнічаць. Я буду працаваць у кааліцыі, але браць на сябе адказнасьць за тое, у што ня веру, я проста не змагу”.

Аляксандар Мілінкевіч лічыць, што стратэгія мае адказаць на вельмі важнае пытаньне – вакол чаго аб’ядноўваюцца дэмакраты.

“Аб’яднацца толькі на тым, што мы ня любім рэжым – замала. Мы павінны вызначыць каштоўнасьці. Я думаю, што мы павінны аб’яднацца вакол наступных рэчаў: вольныя выбары, дэмакратыя, незалежнасьць і інтэграцыя ў Эўразьвяз”.

У сваім выступе лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка заявіў:

“Мы дамовіліся з Аляксандрам Мілінкевічам, што ў першым варыянце першага пытаньня аб’ём паўнамоцтваў будучага старшыні фіксуецца наступным чынам: ён старшынюе на палітычнай радзе і ён прадстаўляе аб’яднаныя дэмакратычныя сілы ў міжнародных і ўнутраных кантактах. Так што гэта пэўным чынам зафіксаваныя, не абсалютныя паўнамоцтвы”.

За калектыўнае кіраўніцтва выказаліся лідэры ПКБ, АГП, БСДП (Грамада). Спадар Лябедзька заявіў, што падчас кангрэсу павінна завяршыцца дыскусія, якая цягнецца амаль цэлы год.

“Ці здольны мы сёньня стварыць адну партыю? Аб’ектыўна мы гэтага зрабіць ня можам. І дыскусія па першым пытаньні насамрэч ідзе: альбо мы будуем дэмакратычную вэртыкаль ці мы будуем дэмакратычную кааліцыю. Як толькі мы паспрабуем ствараць дэмакратычную вэртыкаль, каб змагацца з вэртыкальлю, якая існуе, мы прывядзём да таго, што пойдзем на выбарчую кампанію, як мінімум трыма, а можа і больш калёнамі”.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG