Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Янукевіч: “Ідэі асабістай свабоды і незалежнасьці ня могуць быць адарваныя”


Вольга Караткевіч, Прага Госьць “Начной Свабоды” – намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Нарадзіўся ў Менску ў 1986 г., скончыў Эканамічны ўнівэрсытэт, спэцыяльнасьць – кіраваньне замежна-эканамічнай дзейнасьцю. З 1996 году ў БНФ, быў намесьнікам старшыні “Маладога фронту”, выканаўцам абавязкаў старшыні гэтай арганізацыі. З 2003 году – намесьнік старшыні БНФ.

Караткевіч: “Аляксей, паводле вашай інфармацыі, колькі людзей было затрымана пасьля Чарнобыльскага шляху?”

Янукевіч: “Мы маем 14 прозьвішчаў, і яшчэ два чалавекі, прозьвішчы якіх мы пакуль ня ведаем, знаходзяцца ў Цэнтральным РАУС”.

Караткевіч: “Як вы думаеце, нейкая небясьпека для заяўнікаў сёньняшняй акцыі ёсьць?”

Янукевіч: “Цяжка меркаваць на сёньняшні момант, я думаю, што яна ня выключаная. Безумоўна, палітычнае рашэньне, можа быць, яшчэ і не прынятае – я думаю, заўтра мы ўжо будзем ведаць, ці зьбіраюцца яны рэпрэсаваць заяўнікаў ці не”.

Караткевіч: “Нагадайце, ці былі нейкія папярэджаньні заяўнікам гэтай акцыі аб тым, што можа быць адказнасьць?”

Янукевіч: “Натуральна, спрабавалі папярэдзіць пісьмова – мы адмовіліся падпісваць гэтае папярэджаньне. Тады міліцыянты сказалі, што ўсё адно запішуць, што мы былі папярэджаныя. Зьвяртаючыся да мяне падчас перамоваў сп. Аляксандар Найдзенка, кіраўнік менскай міліцыі і грамадзкай бясьпекі, чамусьці параіў зрабіць усё магчымае, каб супраць мяне не была заведзеная крымінальная справа ў зьвязку з Чарнобыльскім шляхам”.

Караткевіч: “Калі вы ўпершыню прыйшлі на Чарнобыльскі шлях?”

Янукевіч: “Першы мой Чарнобыльскі шлях быў у дзяцінстве, у такім яшчэ, можа, ня вельмі сьвядомым узросьце, мне нават цяжка ўзгадаць – гэта быў пачатак 90-х гг., можа быць, 1990-ы, 1991-ы... Я памятаю, што шэсьце адбывалася па праспэкце Скарыны, недзе даволі далёка ад цэнтру горада”.

Караткевіч: “А ці памятаеце вы дзень 26 красавіка 1986 г.? Вам было дзесяць гадоў...”

Янукевіч: “Як ні дзіўна, я добра памятаю той дзень. Я тады займаўся спортам, вялікім тэнісам. Гэта быў вельмі сонечны дзень, я знаходзіўся ў Менску ў раёне аўтазавода, там была добрая тэнісная сэкцыя... Я палову дня адыграў там на кортах”.

“Моладзь выходзіць за дзьве ідэі: ідэю пэрсанальнай свабоды і ідэю незалежнасьці радзімы”

Караткевіч: “У сакавіку 2006 г. вы былі арыштаваны за ўдзел у намётавым мястэчку на Кастрычніцкай плошчы. На вашую думку, ці стала Плошча рэальным сымбалем сучаснай Беларусі?”

Янукевіч: “Так, я лічу што Плошча сталася сымбалем можа быць ня ўсёй Беларусі, але сымбалем змаганьня за свабоду і сымбалем сучаснага незалежнага грамадзтва. Гэта самы яркі сымбаль, які сёньня ёсьць”.

Караткевіч: “Сёньня на Чарнобыльскім шляху было шмат моладзі. Як вы думаеце, за якімі ідэямі, а ня толькі датамі і падзеямі, можа пайсьці сучасная моладзь?”

Янукевіч: “Сучасная моладзь, зрэшты, як і любая іншая моладзь, яна выходзіць перадусім за дзьве ідэі: ідэю пэрсанальнай свабоды, магчымасьці рэалізаваць сябе ў гэтым жыцьці, і ідэю незалежнасьці сваёй радзімы, ідэю служэньня Бацькаўшчыне і яе адраджэньню. Гэтыя ідэі ня могуць быць адарваныя адна ад адной. Яны вядуць моладзь у дэмакратычны рух і выводзяць на плошчы, на вуліцы”.

“Стратэгія Партыі БНФ – гэта выхад да сучаснага грамадзтва, каб зрабіць усё яго беларускім”

Караткевіч: “Нашыя слухачы часта задаюць пытаньне, у тым ліку на інтэрнэт-форумах, чаму няма рэальнага супрацоўніцтва зь лідэрам Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянонам Пазьняком?”

Янукевіч: “На маю думку – таму, што няма нейкіх агульных справаў, хаця ў нас каштоўнасьці вельмі блізкія, і ў партыі БНФ, і ў КХП БНФ. Я памятаю дзьве справы, якія прыкладна супалі ў часе, – гэта 2003 г., абарона беларускага ліцэю, і пахаваньне Быкава. Гэта былі, сапраўды, агульныя справы. Нацыянальная ідэя нас аб’ядноўвала, і мы працавалі разам без праблем. А ў іншым у нас, на жаль, розныя стратэгіі, і адпаведна стратэгіі выбудоўваецца тактыка, і тут супрацоўніцтва, на жаль, не атрымаліваецца”.

Караткевіч: “Калі коратка, якія гэта адрозьненьні? Праграмы ж абедзьвюх партыяў вельмі блізкія...”

Янукевіч: “Я ня маю на ўвазе адрозьненьне ў праграмах, а ў бачаньні таго, якім чынам гэтых мэтаў можна дасягаць. Як мне здаецца – я, можа быць, ня самы лепшы трактоўшчык стратэгіі КХП БНФ – гэта стратэгія такога паралельнага нацыяналістычнага грамадзтва ўнутры ўсяго беларускага грамадзтва. Стратэгія Партыі БНФ – гэта выхад да сучаснага грамадзтва, каб зрабіць усё яго беларускім”.

“Тэтчар і Рэйган мелі вельмі прагматычную тактыку, але стратэгія ў іх заўсёды грунтавалася на каштоўнасьцях”

Караткевіч: “Вы ў сваёй палітычнай біяграфіі мелі шмат кантактаў са знакавымі замежнымі палітыкамі – Маргарэт Тэтчар, Джорджам Бушам. А хто вам найбольш імпануе і чаму?”

Янукевіч: “З тых, каго вы не назвалі – гэта Уільям Хэйг, які пасьля чарговых парлямэнцкіх выбараў, спадзяюся, стане міністрам замежных справаў Вялікай Брытаніі. Дарэчы, ён стаіць у тым жа шэрагу, што Тэтчар, Рэйган – яны мелі вельмі прагматычную тактыку, але стратэгія ў іх заўсёды грунтавалася на каштоўнасьцях. І змаганьню за свае каштоўнасьці – чалавечую свабоду, годнасьць і вольны рынак – было падпарадкаванае кожнае іх дзеяньне ў палітыцы”.

Караткевіч: “Пытаньне, якое часта задаюць і Паўлу Севярынцу: чаму вы ня жэніцеся? Павал адказваў, што спачатку – свабода Бацькаўшчыны....”

Янукевіч: “Я лічу, што гэтыя рэчы не супярэчаць адна адной, і свабода Бацькаўшчыны дасягаецца тым, што ты будуеш сям’ю. Але ў мяне пакуль што не складаецца. Ня думаю, што можна прыняць рашэньне “пара жаніцца”, выбраць з усіх магчымых варыянтаў той, які найбольш падыходзіць, і ажаніцца...”

Караткевіч: “Павінен быць толькі адзін варыянт?”

Янукевіч: “Так. Магчыма, я гэты варыянт ужо знайшоў, але ажанюся пазьней. Пакуль цяжка сказаць”.

Караткевіч: “У што верыце вы?”

Янукевіч: “Можна казаць шмат і можна казаць коратка... Калі коратка: я веру ў нашу нацыю і наш народ. І я перакананы, што існаваньне нацыі такое ж каштоўнае, як і існаваньне кожнай асобы. Я перакананы, што нягледзячы на ўсе катастрофы – сёньня гадавіна Чарнобыля – і экалягічныя, і палітычныя, нягледзячы на нешанцаваньне з уладамі, наш народ здольны разьвівацца, будаваць сваю дзяржаву, умацоўваць сябе, і я перакананы, што беларусы будуць жыць і памнажацца ў стагодзьдзях. Прыналежнасьць да нашай нацыі і вера ў тое, што гэтая нацыя вечная і яе існаваньне мае сэнс, гэта дае мне сілу і матывацыю ў любой маёй дзейнасьці, ня толькі палітычнай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG