Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 21.04.2007- 27.04.2007


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“Хто ў краіне самы разумны? Ну як яна магла на такое пытаньне адказаць?! Але яны настойвалі, каб сказала, што ён самы разумны. А яна не сказала”.

Віктар Садоўскі, муж зьняволенай праваабаронцы Кацярыны Садоўскай – пра пытаньні, якія турэмныя выхавацелі задавалі ягонай жонцы.



“Калі гэта на карысьць прыродзе, то пэўным чынам разьвівае духоўны сьвет чалавека”.

Маладая мянчанка – у адказ на пытаньне “Свабоды” аб стаўленьні да суботнікаў.

“Мы вельмі занепакоеныя антыамэрыканскай прапагандай, якая зьяўляецца тут на дзяржаўных тэлеканалах. Мы лічым яе неабгрунтаванай і агіднай. Гэта абуральная дэзынфармацыя. ...Мы будзем сачыць за гэтым уважліва. І хачу нагадаць, што ў амэрыканцаў вельмі добрая памяць”.

Дэвід Крэймэр, намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША – пра апошнія антыамэрыканскія сюжэты на дзяржаўных беларускіх тэлеканалах.

“У беларускіх уладаў ёсьць два шляхі. Адзін зь іх можа прывесьці да паляпшэньня стасункаў паміж Беларусьсю і ЗША. Ён прадугледжвае канкрэтныя крокі — вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў. Падкрэсьліваю — усіх. І спыненьне справаў супраць іншых, уключна з “Маладым фронтам”.

Трэба даць мірна правесьці заўтрашнюю акцыю, а таксама рэгіянальныя міні-кангрэсы й сам Кангрэс дэмсілаў у Беларусі без праблемаў. Калі гэтыя крокі ня будуць зробленыя, я баюся, што нашы стасункі пагоршацца.

Згодна з “Актам аб дэмакратыі ў Беларусі”, які быў ухвалены Кангрэсам і падпісаны прэзыдэнтам Джорджам Бушам, у нас ёсьць яшчэ крокі, якія мы можам прыняць. Я спадзяюся, што нам ня трэба будзе гэтага рабіць. Але цяпер — крок беларускіх ўладаў”.

Дэвід Крэймэр, намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША – на прэсавай канфэрэнцыі пасьля завяршэньня свайго візыту ў Беларусь.

“Сьвет забыўся, што менавіта ён з Шушкевічам і Краўчуком распусьціў Савецкі Саюз. Рэальна ён, а не Гарбачоў. І каб ён гэтага не зрабіў, то ўсе працэсы, якія тады адбываліся ў сьвеце, затрымаліся б ці пайшлі назад. Вельмі вялікая заслуга Ельцына ў тым, што сёньня мы маем вольны сьвет, эпоху інтэлекту, інфармацыі і глябалізацыі. Яму сьвет за ўсё гэта павінен быць удзячным. Таму давайце схілім галовы перад памяцьцю Ельцына”.

Лэх Валэнса, былы прэзыдэнт Польшчы – пра Барыса Ельцына.

“Ён прыйшоў нам даць волю, а Пуцін прыйшоў, каб яе адабраць – бо народу не спатрэбілася гэтая воля”.

Валерыя Навадворская, расейскі палітык і публіцыст – пра Барыса Ельцына.

“Цяпер ужо позна разважаць пра гэта”.

Мянчанка сталага веку – у адказ на пытаньне “Свабоды” “Як Вы ацэньваеце Барыса Ельцына як асобу і гістарычную постаць?”

“У выпадку самай сур’ёзнай прапрацоўкі з гэтымі дзяржавамі мы спакойна і з Азэрбайджану можам браць нафту, і з Ірану, і з Вэнэсуэлы — і гэта будзе прыкладна такі ўзровень, як з Расейскай Фэдэрацыяй. І гэта ня ўдар у сьпіну Расеі. Гэта нармалёвая, як Пуцін кажа, рынкавая пазыцыя”.

“Няма грошай — паліце дровамі. Ня дровамі, дык саломай”.

“Мне за трынаццаць гадоў ніхто не прынёс ніякіх грошай, не паклаў на стол — і не прынясе і не пакладзе. Калі б гэта было, ужо расьпісалі б, размазалі па ўсіх сьценках ад Захаду да Ўсходу. Калі там ужо Буш шукаў мае рахункі — ніяк дагэтуль не знайшоў. Калі Буш не знайшоў, то наўрад ці хто знойдзе, каб яны нават і былі”.

“Мы пабудуем уласную АЭС. Так званая апазыцыя ўжо адстала ад таго меркаваньня народу, якое ўжо існуе. Мы і так ужо абкружаныя АЭС. У Беларусі будзе самы бясьпечны варыянт АЭС з самымі новымі тэхналёгіямі. АЭС – гэта гарантыя энэргабясьпекі краіны. Паўтору чарнобыльскай трагедыі ня будзе. Хто будзе будаваць АЭС? Не хацелася б залежаць ад РФ у будаўніцтве АЭС. Гэта будзе адкрыты конкурс. Прыярытэт будзе аддадзены цане і якасьці”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – з штогадовага пасланьня.

“Аляксандар Рыгоравіч, паводле тэрміналёгіі й ацэнак, якія прынятыя ў СНД, ёсьць беларускім алігархам, прычым адзіным. Ён сканцэнтраваў у сваіх руках палітычную ўладу і кантралюе дзяржаўны і ценявы бюджэты”.

Анатоль Лябедзька, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі – у камэнтары да сёлетняга пасланьня А. Лукашэнкі.

“Калі мяне запытваюць: “Мілінкевіч, ты супраць ці за будаўніцтва АЭС?”, то я кажу: “Як фізык ведаю, што ў сьвеце ёсьць дасканалыя тэхналёгіі. У Японіі, Францыі ды іншых краінах атамныя станцыі бясьпечныя амаль абсалютна... але ў краіне, дзе няма дэмакратыі, будаваць АЭС абсалютна немагчыма. На такіх станцыях у дыктатарскіх краінах заўжды застаецца магчымасьць пачаць вырабляць зброю”.

Аляксандар Мілінкевіч, старшыня Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў –пра будаўніцтва АЭС у Беларусі.

“Адмоўна. Я лічу, нам патрэбная сучасная мэтодыка, каб яе пабудаваць”.

Мянчанка – у адказ на пытаньне “Свабоды” “Як вы ставіцеся да будаўніцтва АЭС ў Беларусі?”

“Адна размова Андрэя са сьледчым мяне асабліва ўразіла. Сьледчы Гадун пераконваў Андрэя забыць пра некаторыя старонкі найноўшай гісторыі Беларусі — а менавіта пра існаваньне Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня і рэфэрэндум”.

Тацяна Клімава, жонка арыштаванага палітыка Андрэя Клімава – пра допыт яе мужа.

“Нельга паддавацца вонкаваму ціску, калі адчуваеш, што праўда на тваім баку. І калі паддасіся, то гэта можа стаць катастрофай і для чалавека, і для нацыі”.

Эдмінас Багдонас, пасол Літвы ў Беларусі – пра ўрокі літоўскай гісторыі пачатку 1990-х гадоў.

“Расея адкрытая да любых формаў і мадэляў інтэграцыі. Гатова ісьці тут настолькі далёка, наколькі гатовы да гэтага нашы беларускія сябры”.

Уладзімір Пуцін, прэзыдэнт Расеі – у штогадовым пасланьні.

“Я лічу, што – не. Я вучылася, скончыла тэхнікум, замуж хутка выйду. Харошы, добры муж у мяне будзе, ён – чулы, заўсёды мяне разумее... Мы жыць, канешне, будзем у Гомелі. Але пра будучыню не задумваліся. Навошта загадваць наперад? Калі загадваць наперад, гэта ніколі не збудзецца”.

Насьця Драбышаўская, гамельчанка, якая нарадзілася ў дзень Чарнобыльскай катастрофы – у адказ на пытаньне Свабоды “Ці паўплывала чарнобыльская катастрофа на Ваш асабісты лёс?”

“Улада ня можа без затрыманьняў. Нават у гэты жалобны дзень, 26 красавіка, яна пайшла на гэтыя брутальныя, брыдкія крокі. Улада мела магчымасьць закончыць акцыю мірна, прыгожа, а закончыла яе, як заўсёды”.

Франак Вячорка, адзін з кіраўнікоў арганізацыі “Моладзь БНФ” – пра дзеяньні спэцназу МУС пасьля “Чарнобыльскага шляху”.

“Потым нас закінулі ў аўтобус. Пры гэтым яны брудна лаяліся матам. У аўтобусе яны заўважылі, што з намі дзяўчынка дзесяці гадоў. Пачалі запытваць, хто яе бацькі, таксама лаяліся на яе матам. Казалі: мы цябе адвучым хадзіць на такія мерапрыемствы. Дзяўчынка, відаць, была ў шоку. Яна не магла адказаць, як яе клічуць, дзе яна жыве, хто яе бацькі... Таму яе высадзілі недзе ў раёне вуліцы Арлоўскай. Невядома, як яна зарыентуецца — тым больш у такім псыхалягічным стане”.

Кася Галіцкая, актывістка “Маладога Фронту” – пра дзеяньні спэцназу МУС пасьля “Чарнобыльскага шляху”.

“Яны былі з усіх бакоў. Але калі яны пачалі зьбіваць, то рухаліся неяк сьпераду і збоку, адціскалі ў двары. Дзяўчат зьбівалі вельмі моцна. Адну дзяўчыну зьбілі да крыві. Там у асноўным ішлі дзяўчаты. Ахапілі нас 16 чалавек у кола. Адчуваю пабоі ва ўсім целе. Яны не глядзелі, дзеці гэта былі ці дзяўчаты. Яны білі нагамі — і як маглі. Было такое месіва, амапаўцаў было так шмат, што нічога нельга было разабраць. Яны ведалі, што, напэўна, ім давядзецца ставіць свае прозьвішчы, таму й не складалі пратаколаў”.

Кася Краснова, моладзевая актывістка – пра дзеяньні спэцназу МУС пасьля “Чарнобыльскага шляху”.

“Для мяне гэта так прыкра, хадзіць на гэтую плошчу. Гэта як бы на выгнаньне хадзіць. І там дэманстраваць няма чаго... Я лічу гэта паразай”.

Аляксандар Мілінкевіч, старшыня Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў – пра прапанову ўладаў арганізатарам “Чарнобыльскага шляху” весьці яго на плошчу Бангалор.

“Гавораць, што мы ня пойдзе на балотную станцыю. Думка пра тое, што беларусы — людзі на балоце, гэтая думка расейскіх шавіністаў, якая папулярызуецца два стагодзьдзі. Балота — гэта ня горш, чым горы, якія апяваюцца. Без балот уся Эўропа задыхнецца. Трэба разбурыць гэтую шкодную ідэю”.

Юры Хадыка, намесьнік старшыні партыі БНФ – пра стаўленьне да плошчы Бангалор, як месца правядзеньня масавых акцый.

“Ён разумеў, што для паняволеных народаў гістарычная памяць і гісторыя замяняюць армію, авіяцыю і флёт”.

Міхась Чарняўскі, гісторык – падчас прэзэнтацыі кнігі “Яго чакала Беларусь чатыры стагодзьдзі. Мікола Ермаловіч”.

“І Лукашэнка, і Эўропа, па вялікім рахунку, ня маюць нічога супраць захаваньня status quo”.

Ігар Лялькоў, палітоляг, старшыня Беларускага Шуманаўскага таварыства – у перадачы “Праскі акцэнт”.

“Для таго, каб у сытуацыі, калі Аляксандар Рыгоравіч можа зьнікнуць з тэлеэфіру яшчэ на два тыдні, усе ведалі, што трэба рабіць з Мілінкевічам і як зь ім трэба весьці дыялёг – для гэтага Лукашэнка і вызначыў сваю пазыцыю менавіта такім чынам”.

Віктар Марціновіч, аглядальнік “Белгазэты” – пра зьневажальную рэакцыю А. Лукашэнкі на лютаўскі ліст А. Мілінкевіча з прапановай аб перамовах і супрацоўніцтве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG