Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: Б.Хамайду арыштавалі на двое сутак за чарнобыльскую акцыю


Радыё Свабода Судзьдзя Чыгуначнага райсуду Віцебску Сьвятлана Варатынская прызнала Барыса Хамайду вінаватым. Суд пастанавіў, што актывіст парушыў парадак арганізацыі й правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Супрацоўнік Чыгуначнага райаддзелу міліцыі Зьміцер Агіевіч, які суправаджаў затрыманага, спрабаваў не пусьціць у кабінэт судзьдзі журналістаў і праваабаронцу Леаніда Сьвеціка. Ім давялося бараніць сваё права прысутнічаць на адкрытым судовым працэсе.

Суд працягваўся ня больш за дзесяць хвілін, і паводле судовае пастановы спадар Хамайда мусіць правесьці наступныя двое сутак у віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня.

Міліцыянты і спэцназаўцы затрымалі апазыцыянэра сёньня а дзясятай раніцы каля “Сіняга дому” (дому №28 па вуліцы Леніна). Барыс Хамайда выйшаў туды з плякатам “Памінальны звон па ахвярах Чарнобылю” і сымбалічным звонам.

Міліцыянты ўжо чакалі яго на гэтым месцы, таму акцыя, прысьвечаная ўгодкам чарнобыльскай трагедыі, працягвалася ўсяго некалькі хвілін.

Пасьля затрыманьня Барыса Хамайды на гэтае ж месца каля “Сіняга дому” выйшла яшчэ адна вядомая віцебская апазыцыянэрка — Алена Залеская.

Але бел-чырвона-белы шалік спадарыні Залескай міліцыянты не палічылі атрыбутам пікету й затрымліваць яе ня сталі.

Барыс Хамайда пікетуе



Затрыманьне Барыса Хамайды



Алена Залеская ля "Сіняга дому"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG