Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня адзначаюцца 21-я ўгодкі Чарнобыльскай катастрофы


Радыё Свабода, Менск Сёньня адзначаюцца 21-я ўгодкі аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі – найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы ў гісторыі чалавецтва.

Раніцай 26 красавіка 1986 году ў выніку выбуху на 4-м блёку ЧАЭС ўзьнік пажар. Радыяцыйнае забруджваньне, выкліканае аварыяй і пажарам, ахапіла больш за траціну тэрыторыі Беларусі. Колькасьць ахвяраў Чарнобыля дагэтуль не падлічаная. Сотні пацярпелых вёсак адселеныя. Некаторыя навукоўцы мяркуюць, што беларусы яшчэ доўгі час будуць цярпець ад нэгатыўных наступстваў Чарнобыля.

Апошнім часам беларускія ўлады пачалі сьцьвярджаць, што многія праблемы, зьвязаныя з Чарнобылем вырашаныя, што трэба аднаўляць на забруджаных тэрыторыях сельскагаспадарчую вытворчасьць. Урад Беларусі ухваліў прынцыповае рашэньне пра будаўніцтва ў Беларусі ўласнай Атамнай электрастанцыі.

Напярэдадні угодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС мы пацікавіліся ў жыхароў Менску іх меркаваньнем, наколькі вырашаныя ў Беларусі чарнобыльскія праблемы, ці актуальная тэма Чарнобыля сёньня?

Юнак: “Я ня думаю, што чарнобыльскія праблемы вырашаныя. Гэта паказвае хаця б стан здароўя сярод моладзі”.

Юначка: “Гэтаму павінна надавацца больш увагі. Паглядзіце колькі людзей жывуць у чарнобыльскай зоне, нават цяпер”.

Спадар: “Праблема Чарнобыля для Беларусі, дзе дзьве траціны ападкаў радыёактыўных, актуальная”.

Юнак: “Мне падаецца, што Чарнобыль забываюць, мала думаюць пра яго, акрамя гэтага дня”.

Юначка: “Мне падаецца, што гэта вельмі актуальна. Бо Чарнобыль паўплываў і на здароўе людзей. І нават дзяцей, якія нараджаюцца сёньня”.

Спадар: “Я лічу, што гэтая праблема яшчэ актуальная, бо да канца так і не паведамілі людзям, што наступствы аварыі вывучаныя і вырашаныя. Такой інфармацыі няма і папраўдзе ніхто нічога не давёў”.

Спадар: “Я асабіста лічу, што праблема забытая. Увагі ёй з боку дзяржавы амаль няма. Прынамсі, я нічога ня чуў пра Чарнобыль цягам апошніх дзесяці гадоў”.

Юначка: “Яна актуальная, гэтая праблема. І на мой погляд, вырашацца будзе яшчэ вельмі доўга. Бо распад радыёактыўных рэчываў ён вельмі доўгі і гэта будзе адгукацца ў наступных пакаленьнях”.

Спадар: “Праблема Чарнобыля застаецца актуальнай, бо забруджаная тэрыторыя, якую накрыла чарнобыльская хмара, яна нікуды ня зьнікла. І будзе заставацца яшчэ вельмі доўга, бо пэрыяд паўраспаду радыёактыўных элемэнтаў, ён вельмі доўгі”.

Юначка: “Я лічу, што праблема Чарнобыля вельмі актуальная, бо гэтыя хімічныя элемэнты жывуць вельмі доўга. А таму нельга людзей засяляць ці заставацца на забруджаных тэрыторыях. А таксама нельга пазбаўляць ільготаў ліквідатараў аварыі на ЧАЭС”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG