Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэстанты хочуць зьмяніць закон аб свабодзе сумленьня


Любоў Лунёва, Менск Вернікі шэрагу пратэстанцкіх канфэсіяў пачынаюць ад сёньня збор подпісаў з патрабаваньнем да ўладаў прывесьці закон аб свабодзе сумленьня і рэлігіях у адпаведнасьць з нормамі Канстытуцыі. Яны спасылаюцца на артыкул 31 Канстытуцыі, які дэкляруе роўныя правы ўсім вернікам. У адпаведнасьці з новым законам некаторыя рэлігійныя суполкі былі ліквідаваныя.

Вернікам трэба сабраць ня менш за 50 тысяч подпісаў для таго, каб зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд. Яны хочуць зьмяніць некаторыя палажэньні закону закону аб рэлігіях. У прыватнасьці тыя, якія дазваляюць набажэнствы без дазволу ўладаў толькі на могілках, крэматорыях і ў месцах рэлігійнага паломніцтва. А таксама артыкул, паводле якога рэлігійная суполка мусіць быць зарэгістраваная і мець юрыдычны адрас ў нежылым фондзе.

Спасылаючыся на гэтыя палажэньні закону, суды цягам двух гадоў ліквідавалі некалькі пратэстанцкіх суполак у Менску і ў рэгіёнах, у тым ліку і тыя, пастарамі якіх з’яўляюцца Эрнэст Сабіла, Леанід Ліпень, Георгій Вязоўскі.

Летась вернікі-пратэстанты менскай суполкі “Новае жыцьцё” трымалі галадоўку на знак пратэсту супраць дзеяньняў уладаў. Гарадзкія чыноўнікі спачатку пазбавілі іх зямельнага надзелу, а потым – і храму (былога калгаснага кароўніка). Іх падтрымалі сотні пратэстантаў. У выніку ўлады пайшлі на саступкі, і ў Вышэйшым гаспадарчым судзе пачаўся разгляд справы пратэстантаў. Але 22 сакавіка справу прыпынілі на нявызначаны тэрмін. Гаворыць юрыст царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін.

“Гэта ёсьць парушэньнем правоў вернікаў і парушэньнем Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гэты закон парушае артыкул 31, які дэкляруе вернікам роўныя правы. Цяпер не ідзе размова аб тым, каб сабраць пэўную колькасьць подпісаў. Мы хочам сабраць як мага больш подпісаў, каб зьвярнуць увагу і прэзыдэнта краіны, і органаў дзяржаўнай ўлады на сытуацыю, якая існуе ў галіне правоў вернікаў”.

Пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка ня выключае, што калі ўлады ўхваляць рашэньне не на карысьць вернікаў-пратэстантаў, то яны зноў распачнуць доўгатэрміновую акцыю пратэсту.

“Паколькі большасьць пратэстанцкіх цэркваў ня мае будынкаў, то яны апынуліся па-за законам. Спачатку мы адчулі гэты ўдар, а потым і католікі. Таму ёсьць вялікая патрэба мяняць гэты закон. Калі ўсё будзе вырашана не на нашу карысьць, то мы пакідаем за сабой права ладзіць акцыі пратэсту”.

Пратэстанты разьлічваюць, што неабходныя подпісы будуць сабраныя цягам тыдня, і што да акцыі далучацца шмат вернікаў-хрысьціянаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG