Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Ельцын і Ўладзімер Пуцін – такія розныя і такія падобныя


Юры Дракахруст, Прага Надзвычайнай нечаканасьцю амаль для ўсіх было прызначэньне ў жніўні 1999 году прэм’ер-міністрам Расеі нікому ні вядомага чыноўніка Ўладзімера Пуціна.

Надзвычайнай нечаканасьцю амаль для ўсіх было прызначэньне ў жніўні 1999 году прэм’ер-міністрам Расеі нікому ні вядомага чыноўніка Ўладзімера Пуціна.

Але празь некалькі месяцаў, у значнай ступені, дзякуючы жорсткай пазыцыі адносна вайны ў Чачэніі, шэры бюракрат стаў найпапулярнейшым палітыкам Расеі – нягледзячы на тое, што быў прызначаны надзвычай непапулярным дзейным прэзыдэнтам. Потым быў каралеўскі сыход Ельцына ў апошнюю ноч 1999 году і трыюмфальная перамога Пуціна на прэзыдэнцкіх выбарах у сакавіку 2000 году.



“Беражыце Расею,” – апошняе, што сказаў Ельцын пераемніку, назаўжды пакідаючы Крэмль. Што ж Пуцін сапраўды зьбярог са спадчыны Ельцына, а што страціў ці зьнішчыў?

Яны розныя нават зьнешне: Ельцын – высокі, мажны, сапраўдны рускі мядзьведзь, з рускай шырынёй і традыцыйнымі рускімі слабасьцямі. І невысокі, зьнешне халодны, спартовага выгляду Пуцін – “немец у Крамлі”, як назваў яго калісьці Аляксандар Рар.

Самыя вялікія адрозьненьні ў іх палітыцы – у стаўленьні да свабоды. Ельцын ня толькі разьняволіў расейскія мэдыі, ён ніколі пальцам не крануў іх, што б яны пра яго ні пісалі. Пуцін малымі крокамі, але пасьлядоўна і няўхільна сьціскаў поле свабоды.

Гаворыць кіраўнік расейскай філіі дасьледчага цэнтру “Heritage Fоundation” Яўген Воўк.

Воўк :”Ельцын зрабіў радыкальны прарыў. Зразумела, ён шмат у чым заставаўся чалавекам сваёй эпохі, з усімі супярэчнасьцямі. Тым ня менш, ён быў шчыры ў сваім імкненьні да свабоды, у адмове ад таталітарнага рэжыму. Пуціну, паводле роду ягонай папярэдняй дзейнасьці, не магло падабацца праўленьне Ельцына з правамі для мэдыяў, алігархаў, грамадзкіх арганізацый”.

Ня гледзячы на тое, што і сам Пуцін, часам, характарызуе гады праўленьня Ельцына як час хаосу і заняпаду, ён ня толькі фармальны спадкаемца Ельцына. Палітыка ўмацаваньня расейскага кантролю над суседнімі краінамі–былымі рэспублікамі СССР, была закладзеная менавіта першым прэзыдэнтам Расеі. Калі казаць пра імкненьне Пуціна супрацьпаставіць Расею Захаду, то варта прыгадаць хаця б рэйд расейскіх дэсантнікаў у Прыштыну у 1999 годзе, які ледзь не прывёў да наўпроставага сутыкненьня арміяў Расеі і НАТО.



Тым ня менш, шмат палітыкаў і экспэртаў мяркуюць, што паміж двума лідэрамі было больш рознага, чым агульнага. Гаворыць Уладзімер Лысенка, былы намесьнік міністра нацыянальнай палітыкі пры Ельцыне.

Лысенка: ”Я мяркую, што гэта была самая сумная старонка ў нашай гісторыі і ў гісторыі Барыса Мікалаевіча, калі ён разам з Барысом Беразоўскім падбіраў пераемніка. Барыс Мікалаевіч зрабіў калясальную памылку, прывёўшы да ўлады цяперашняга кіраўніка дзяржавы”.

Пасьля свайго зыходу ў 1999 годзе Ельцын толькі двойчы выступіў з прамой крытыкай пераемніка: у 2000 годзе, калі Пуцін вярнуў мадыфікаваны савецкі гімн, і ў 2004 годзе, калі Пуцін пасьля Бэслану скасаваў выбары губэрнатараў. Цэнтралізатарскі падыход Пуціна вельмі моцна кантрастуе зь Ельцынскім “бярыце столькі сувэрэнітэту, колькі зможаце”.

Гаворыць былы памочнік Ельцына Гэоргі Сатараў.

Сатараў: “Ён разумеў, што адбываецца. Мы гэта зь ім абмяркоўвалі. Ён вельмі перажываў і ацэньваў гэта нэгатыўна. Яшчэ больш ён перажываў Бэслан і тыя зьмены, што адбываліся пасьля Бэслану – скасаваньне губэрнатарскіх выбараў і гэтак далей. Ён усё гэта разумеў і ацэньваў нэгатыўна – гэта я магу сказаць дакладна”.

Адрозьненьні і падабенства Ельцына і Пуціна яскрава ілюструюць траекторыю многіх рэвалюцыяў: пераемнік рэвалюцыйнага тэрмінатара прыбірае хаос, перабольшаньні рэвалюцыі. Часам, у гэтыя перабольшаньні трапляе і сама свабода, але пераемнік умацоўвае, робіць незваротнымі галоўныя заваёвы рэвалюцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG