Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч: у краіне, дзе няма дэмакратыі, будаваць АЭС немагчыма


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня Аляксандар Мілінкевіч завяршае пяцідзённую працу ў чарнобыльскіх раёнах Беларусі. Ад мінулай суботы ён наведаў Лунінецкі й Столінскі раён Берасьцейшчыны, Хойнікі, Брагін й Гомель, а таксама Слаўгарадзкі ды Чэрыкаўскі раёны Магілёўшчыны.

Наведваючы сёньня Магілёўшчыну, Аляксандар Мілінкевіч выказаўся супраць намеру ўлады будаваць атамную электрастанцыю:

“Калі мяне запытваюць: “Мілінкевіч, ты супраць ці за будаўніцтва АЭС?”, то я кажу: “Як фізык ведаю, што ў сьвеце ёсьць дасканалыя тэхналёгіі. У Японіі, Францыі ды іншых краінах атамныя станцыі бясьпечныя амаль абсалютна”.

Але ў сёньняшняй Беларусі, заяўляе Аляксандар Мілінкевіч — свая спэцыфіка:

“У краіне, дзе няма дэмакратыі, будаваць АЭС абсалютна немагчыма. На такіх станцыях у дыктатарскіх краінах заўжды застаецца магчымасьць пачаць вырабляць зброю. Я ня ведаю пра такія намеры, але лічу, што без дэмакратычнасьці ў беларускім грамадзтве Захад ні ў якім выпадку не павінен дазволіць будаўніцтва АЭС у Беларусі”.

Разважаючы пра дзейнасьць дэмакратычнай супольнасьці ў мясцовасьцях, што пацярпелі ад Чарнобылю, Аляксандар Мілінкевіч кажа:

“Перадусім зьвяртаю ўвагу на дазымэтры. Яны мусяць быць ня толькі, як цяпер, у асобных месцах на ўвесь раён. У кожнай вёсцы іх трэба мець некалькі. Каб людзі маглі праверыць тое, што вырошчваюць і гадуюць на сваім падворку. Гэта натуральна — і можна зрабіць. Ня так цяжка. Другое — гэта мэдыкамэнты. Трэцяе — аздараўленьне дзетак”.

Пра вынікі наведваньня пацярпелых раёнаў Аляксандар Мілінкевіч зьбіраецца гаварыць на “Чарнобыльскім шляху” 26 красавіка. Разам з тым ён пацьвярджае, што адмаўляецца весьці шэсьце на плошчу Бангалор:

“Я абавязкова прыйду на месца збору, буду ўдзельнічаць. А што да Бангалору, то па шчырасьці кажу: душа не ляжыць больш хадзіць на Бангалор. Ведаеце, я б мінімальна палітызаваў гэтае сьвята. Больш трэба гаварыць пра праблемы людзей, якіх кранула гэта гора. У сапраўднасьці праблемаў столькі, што мы разам павінны ім дапамагаць. І зьвяртаць увагу ня толькі ў дзень 26 красавіка”.

І яшчэ адну заяву агучыў сёньня Аляксандар Мілінкевіч. Ён устрымаецца ад паездкі ў Брусэль 27 красавіка на штогадовую сустрэчу палітычных лідэраў Эўропы:

“На жаль, я адмовіўся ад паездкі, таму што ўжо ёсьць рашэньне аб правядзеньні Кангрэсу дэмсілаў і абласных канфэрэнцыяў. Я аддаю перавагу абласным канфэрэнцыям, на якіх мушу быць”.

Наступны онлайн – са старшынём аргкамітэту “Чарнобыльскага шляху” Іванам Нікітчанкам
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG