Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сьвеце высока ацэньваюць ролю Ельцына ў найноўшай гісторыі


Кастусь Бандарук, Прага Учора ў Маскве на 77-м годзе жыцьця памёр першы прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын. На гэтую падзею адгукнуліся дзейныя і былыя лідэры краін. Ельцына пахаваюць 25 красавіка. На гэты дзень у Расеі абвешчаная нацыянальная жалоба.

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш з нагоды сьмерці Барыса Ельцына выступіў з адмысловай заявай:

“Лора і я глыбока засмучаныя сьмерцю былога расейскага прэзыдэнта Барыса Ельцына. Прэзыдэнт Ельцын быў гістарычнай фігурай у часе імклівых пераменаў. Ён адыграў ключавую ролю ў развале Савецкага Саюзу, дапамог закласьці падмурак свабоды ў Расеі і стаў першым дэмакратычна абраным лідэрам гэтай краіны. Я высока ацэньваю ягоныя высілкі, ськіраваныя на ўмацаваньне адносінаў паміж Расеяй і ЗША”.

Кіраўнік зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Хаўер Саляна таксама адзначыў вялікую ролю Ельцына ў гісторыі наладжваньня адносінаў паміж Расеяй і Захадам.

Старшыня Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэн заявіў, што “для Рады Эўропы Барыс Ельцын назаўсёды застанецца чалавекам, які прывёў Расейскую Фэдэрацыю ў сям’ю эўрапэйскіх народаў”, і нагадаў, што ў часе кіраваньня Ельцына ў Расеі быў уведзены мараторый на сьмяротнае пакараньне”.

Былы прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук, які разам з Ельцынам і Шушкевічам падпісваў Белавескія пагадненьні, заявіў:

“Для мяне асабіста гэта быў маштабны чалавек, які пад выглядам строгай зьнешнасьці сапраўды хацеў, каб людзі жылі дэмакратычна. І для дэмакратыі ў Расеі, для для яе пачаткаў (а трэба ведаць спецыфіку і асаблівасьці Расеі, каб зразумець мае словы) Ельцын зрабіў вельмі шмат. Ён праклаў першую баразну дэмакратычнага, свабоднага разьвіцьця Расеі пасьля таталітарнай сыстэмы”.

Заслугі Ельцына для дэмакратыі ў Расеі адзначыў колішні ягоны саюзьнік і аднадумца, былы прэзыдэнт Грузіі Эдуард Шэварднадзэ. Прадстаўнікі былых савецкіх рэспублік падкрэсьліваюць той факт, што пры ўсіх сваіх супярэчнасьцях менавіта Ельцын праклаў шлях да незалежнасьці гэтых рэспублік. Вось што сказаў былы прэзыдэнт Малдовы Пэтру Лучынскі.

“Ён адгуляў ключавую ролю ў зьяўленьні такіх маладых краінаў, як Малдова. Ён прысьвячаў шмат увагі нацыянальным памкненьням краін савецкага канглямерату, і ён заўсёды быў чульлівым ў гэтых пытаньнях”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG